Меркаванні2020

Адбіткі імперый. Чаму Польшча палітычна дзеліцца па колішняй граніцы Расіі і Германіі

Вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы зноў выявілі палітычны падзел краіны па мяжы, якой не існуе ўжо больш за стагоддзе. Разабраліся, чаму так адбылося і ці можна адшукаць нешта падобнае ў Беларусі.

Вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы. Тэрыторыі Польшчы (захад і поўнач), якія былі «пад Прусіяй», галасуюць за лібералаў, а падрасійскія і падаўстрыйскія — за кансерватараў-нацыяналістаў з «Закона і справядлівасці» (PiS). Зялёнымі лінімі пазначаны граніцы Германіі, Расіі і Аўстрыі.

Спачатку варта звярнуцца да гісторыі канца XVIII стагоддзя, каб зразумець, што паўплывала на такія адрозненні ў польскім грамадстве ў залежнасці ад рэгіёна.

Гісторыя гэтая пачынаецца ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай, калі тры еўрапейскія дзяржавы, Прусія, Аўстрыя і Расія, цалкам паглынулі аслаблую краіну. Карону Польскую, то-бок этнічна польскія землі, першапачаткова падзялілі паміж сабой Аўстрыя і Прусія (у польскай гістарыяграфіі іх прынята называць аўстрыйскім і прускім заборамі), але ў 1807 годзе ўсё змянілася.

Падзелы Рэчы Паспалітай. Фота: Wikimedia Commons

У гэты час армія Напалеона разграміла чацвёртую кааліцыю, у якую ўваходзілі Расія, Прусія, Вялікабрытанія, Швецыя і Саксонія. Паводле падпісанага з Напалеонам Тыльзіцкага міру на тэрыторыі прускага забору была адроджаная польская дзяржаўнасць у выглядзе Варшаўскага герцагства, пратэктарату Францыі. У 1809 годзе Напалеон разбіў войскі шостай кааліцыі, у выніку чаго да Варшаўскага герцагства былі далучаныя землі, адабраныя калісьці Аўстрыяй.

«Чацвёрты падзел» у 1815 годзе: большая частка Варшаўскага герцагства адышла да Расійскай Імперыі, а Познаньшчына — да Прусіі. Менавіта па гэтай мяжы праз дзвесце гадоў будзе праходзіць палітычны падзел Польшчы. Фота: Wikimedia Commons

Але паражэнне Напалеона ў руска-французскай вайне 1812 года зноў перакроіла карту Еўропы: большая частка герцагства была далучаная да Расійскай Імперыі, а заходняя частка вярнулася ў склад Прусіі. Менавіта па гэтай расійска-прускай мяжы праходзіць сёння падзел польскага грамадства.

Пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей, якія знішчылі як Расійскую, так і Германскую імперыі, палякі здолелі адбудаваць сваю дзяржаўнасць. Велікапольскае паўстанне, якое разгарэлася ў 1918 годзе ў адабранай прускай правінцыі Позэн, вярнула рэгіён у склад Польшчы. Паводле Версальскага дагавора палякі таксама атрымалі «калідор» да Балтыйскага мора праз былыя землі Прусіі. А таксама ў выніку плебісцытаў пад наглядам Лігі Нацыі да маладой Польскай Рэспублікі далучыліся некаторыя раёны Варміі, Мазураў і Сілезіі, населеныя пераважна палякамі.

Фарміраванне міжваеннай Польскай Рэспублікі. Фота: Wikimedia Commons

З улікам набыцця на ўсходзе так званых «крэсаў усходніх» Польшча стала адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў свайго часу. 

Але гэтыя межы Польскай Рэспублікі не пакінулі амаль ніякага следу на сённяшняй карце Польшчы. Прычына тут палягае ў эканамічным плане, бо развіццё Расійскай Імперыі моцна адрознівалася ад развіцця Германіі.

У Германіі адразу пасля напалеонаўскіх войнаў з моцным спазненнем, але пачалася прамысловая рэвалюцыя. Імкліваму эканамічнаму развіццю краіны паспрыяла актыўнае будаўніцтва сеткі чыгункі. Развіццё цяжкай прамысловасці і металургіі патрабавала вялікай колькасці працоўных рук, якія былі мабілізаваныя з сельскай мясцовасці, гэтаму паспрыяла ўзбуйненне мясцовых гаспадарак у Прусіі. Хутка пачалі расці гарады, разбудоўвацца з цэглы і каменю, пачаў фарміравацца шырокі клас гарадскога насельніцтва з адпаведным ладам жыцця і культурай. 

У гэты час Расійская Імперыя, якая працягвала гандляваць выключна сыравінай, купляючы амаль усе прамысловыя вырабы з-за мяжы, крытычна стала адставаць ад заходняга свету. Гэтая эканамічная адсталасць яскрава праявілася ў Крымскай вайне з еўрапейскімі краінамі.

Нават знакамітыя польскія дзікі выбіраюць жыццё ў Польшчы «А». З лясістасцю тэрыторый гэтыя падлікі не б'юцца, а вось з аграрным укладам насельніцтва — так. 

Адзінай галіной, якая актыўна развівалася ў Царстве Польскім пад расійскім валадарствам, была сельская гаспадарка. Але нават у гэтай галіне лідзіравала Прусія, дзе існавалі больш эфектыўныя і буйнейшыя гаспадаркі. У 1860-я гады ў Расійскай Імперыі да таго ж пачаўся эканамічны крызіс. Актыўная індустрыялізацыя краіны пачалася толькі ў апошняй чвэрці XIX стагоддзя, расло чыгуначнае будаўніцтва, але гэтыя працэсы ўжо не маглі скараціць разрыў.

Нешта падобнае назіралася і на ўскраінах Аўстрыйскай імперыі, пад чыёй уладай заставалася паўднёвая частка Польшчы. 

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны Польшча наўзамен аграрным «крэсам усходнім», якія адышлі да Савецкага Саюза, атрымала яшчэ больш прамыслова развітых прускіх земляў. Далучэнне гэтых земляў было абгрунтавана тым, што калісьці яны таксама былі ў складзе Польскай дзяржавы, праўда, апошні раз аж у XII стагоддзі. З гэтых земляў прымусова былі выгнаныя 12-14 млн немцаў.

Працэнт хатніх гаспадарак без санвузла. Найбольш страшная сітуацыя на беларускім Падляшшы. Узровень эканамічнага развіцця суседніх імперый уплывае і сёння на дабрабыт насельніцтва. 

І здавалася б, што менавіта ў гэтым хаваецца сакрэт падзелу грамадства на два супрацьлеглыя лагеры. У адным засталіся кансерватары, якія стагоддзямі жылі на сваёй зямлі са сваімі парадкамі, а на новых, «вызваленых» землях пасяліліся маладыя, мабільныя палякі, якія парвалі са сваімі каранямі і традыцыямі, а таму больш схільныя да ліберальных каштоўнасцяў.

Праўда, падзел паміж «кансерватыўнай» і «ліберальнай» Польшчай мусіў пралягаць па заходніх межах Польскай Рэспублікі 1920-1930-х гадоў. Але гэта не так, падзел пралягае па межах 1810-х гадоў. Сапраўды, палякі фактычна наноў засялялі многія нямецкія гарады і рэгіёны колішняй Прусіі, але значная частка палякаў заўсёды жыла на гэтых землях, і менавіта дзякуючы сваёй большасці ў пачатку XX стагоддзя шэраг рэгіёнаў далучыўся да Польскай Рэспублікі.

Гістарычная прыналежнасць розных тэрыторый, якія сёння складаюць Польшчу

Менавіта ўзровень эканамічнага развіцця рэгіёнаў, якія былі на працягу XIX стагоддзя пад уладай Германіі ці Расіі, відаць, на вякі прадвызначаў светапогляд людзей, якія там жывуць, незалежна ад таго, аўтахтоннае яны насельніцтва ці прышлае. Тут найлепшым апісаннем мусіць быць «быццё вызначае свядомасць».

У польскай сацыялогіі заходнюю і паўночную часткі краіны, якія з’яўляюцца больш развітымі, называюць Польшчай «А», а астатнюю, усходнюю — Польшчай «Б». Гэтыя «А» і «Б» адрозніваюцца паміж сабой у гістарычным, палітычным, культурным і эканамічным плане.

Насельніцтва Польшчы «Б», якое імкліва старэе, схільнае галасаваць за партыі, якія падтрымліваюць забарону абортаў і прапаганды ЛГБТ, у той час як рэгіёны Польшчы «А», якая больш актыўна нараджае, галасуюць супраць такіх абмежаванняў

Лічыцца, што Польшча «Б» больш нацыяналістычна настроеная, больш рэлігійная і традыцыяналісцкая, а Польшча «А» больш ліберальная, адкрытая і еўраарыентаваная. 

Гэтая мяжа прасочваецца абсалютна на ўсіх выбарах у Польшчы з часоў здабыцця незалежнасці. Польшча «Б» амаль заўсёды галасуе за кансерватараў, у апошнія гады звычайна за партыю «Закон і справядлівасць», а Польшча «А» — за лібералаў і дэмакратаў.

Нешта падобнае можна ўбачыць і ў іншых буйных дэмакратыях, дзе сельскае насельніцтва галасуе за кансерватараў, а гарадское — за лібералаў. Але найбольшае падабенства праяўляецца ў электаральным падзеле Германіі па лініі былой ГДР. Праўда, мяжа гэтая знікла адносна нядаўна, тады як у польскім выпадку — больш як стагоддзе таму.

Праз гэта цікава адзначыць шэраг выключэнняў. У Польшчы «А» такіх амаль няма, а вось у Польшчы «Б» адразу некалькі. Па-першае, гэта буйныя індустрыяльныя цэнтры — Варшава і Лодзь, а таксама рэгіёны, населеныя этнічнымі меншасцямі — на поўдні ўніяцкая Лемкаўшчына, а на ўсходзе — беларускае праваслаўнае Падляшша.

Гэта лёгка вытлумачыць стаўленнем нацыяналістычных і кансерватыўных польскіх колаў да правоў меншасцей, ушанаваннем асоб, да якіх меншасці маюць, мякка кажучы, неадназначнае стаўленне.

«Лінія каштэлі» і Вейшнорыя

«Лінія каштэлі» па колішняй мяжы БССР і Польскай Рэспублікі.

Але ці можна нешта падобнае да польскага феномену падзелу краіны на дзве ідэалагічна супрацьлеглыя часткі пабачыць у Беларусі? Азіраючыся ў тым ліку на Украіну, першае, што прыходзіць, падзел на захад і ўсход. Але не ўсё так проста.

Сапраўдны феномен Рэспублікі Беларусь у тым, што ніводная яе частка не была адарваная ад іншай часткі краіны больш чым на два дзесяцігоддзі.

Параўнайце са стагоддзем развіцця польскіх рэгіёнаў у складзе іншых краін. Сённяшнія межы краіны надзіва блізка паўтараюць граніцы Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVII стагоддзя. У час падзелаў беларускія землі цалкам увайшлі ў склад адной дзяржавы — Расійскай Імперыі і аж да яе распаду ў пачатку XX стагоддзя развіваліся ў аднолькавым рэчышчы.

«Далоў ганебны рыжскі падзел! Ніхай жыве вольная непадзельная селянская Беларусь!». Карыкатура 1921 г. 

Некалькі гадоў Беларусь была падзеленая фронтам Першай сусветнай вайны, але гэта не мела вызначальнага значэння, бо ў гэты час абедзве часткі не развіваліся, а эксплуатаваліся на карысць армій дзяржаў, што ваявалі на беларускіх землях. Пасля сітуацыя была неадназначнай, туды-сюды то прасоўваліся, то адступалі розныя сілы, нарэшце, новы падзел пралёг у 1921 годзе на захад ад Менска, як пра тое дамовіліся Савецкая дзяржава і Польская Рэспубліка.

Але Заходняя Беларусь не стала Беларуссю «А». Гэтыя тэрыторыі ў складзе Польшчы заставаліся «мядзведжым кутом», аграрнай ускраінай, са слаба развітай прамысловасцю. Беларусы мелі эканамічныя свабоды ў складзе Польскай дзяржавы, але не мелі тут культурнай аўтаноміі і падвяргаліся палітычнаму пераследу.

Ва ўсходняй, савецкай Беларусі была квазінацыянальная дзяржава, наколькі гэта магчыма было ў бальшавіцкім разуменні, але інтэлектуальная эліта была фактычна зачышчаная ў час сталінскіх рэпрэсій. У той жа час у БССР адбылася актыўная індустрыялізацыя.

У 1939 годзе абедзве часткі Беларусі былі ўз’яднаныя, але за гэтыя два дзесяцігоддзі развіцця ў розных рэжымах карэнных змен адбыцца не паспела.

Адзінае важнае адрозненне — узровень рэлігійнасці на захадзе, дзе рэлігія не пераследавалася, застаўся значна вышэйшым за ўсход — гэта будзе мець свой след.

Сёння былую мяжу паміж БССР і Польскай Рэспублікай можа прасачыць найбольш яскрава амаль што выключна па жартаўлівай «лініі каштэлі»: заходнікі любяць «каштэлю», папулярны польскі зімовы сорт яблыкаў, а ўсходнікі пра яе ніколі не чулі.

Што тычыцца палітычных перакананняў жыхароў розных частак Беларусі, то падзел праходзіць зусім не паміж усходам і захадам. На жаль, у гэтым пытанні не так шмат на што ёсць абаперціся, бо пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі выбары ў краіне страцілі рэпрэзентацыйнасць. Але адны свабодныя выбары ў краіне ўсё ж былі — прэзідэнцкія выбары 1994 года.

Прэзідэнцкія выбары 1994 года ў Беларусі. Галасы за Лукашэнку па раёнах. Захад Берасцейшчыны галасуе гэтак жа, як усход Віцебшчыны. Фота: Wikimedia Commons

Картаграмы вынікаў гэтых выбараў яскрава паказваюць, што ў палітычным плане не існуе ніякай дэмакратычнай «заходняй» і кансерватыўнай «усходняй» Беларусі.

На Берасцейшчыне галасавалі гэтак жа актыўна за Лукашэнку, як і на ўсходзе Віцебшчыны. Натуральна, што за Лукашэнку найбольш галасавалі на ягонай радзіме ў Магілёўшчыне, але гэта, здаецца, не столькі палітычны выбар, колькі «тутэйшая» салідарнасць, характэрная большасці людзей. 

«Вейшнорыя» на карце вучэнняў «Захад-2017». 

Сапраўдную Беларусь «А» можна выявіць, калі паглядзець на вынікі апазіцыйных дэмакратычных кандыдатаў на тых выбарах — Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча. У абодвух выпадках гэта паўночна-заходняя частка краіны, колішняя Віленшчына. Менавіта гэтая тэрыторыя складае «Вейшнорыю» — выдуманую ў 2017 годзе беларускую нацыянальную дзяржаву, якая супрацьпастаўляецца астатняй, несвядомай Беларусі.

Эканамічна яна нічым асаблівым не вылучаецца, некаторыя раёны дагэтуль застаюцца аднымі з самых неіндустрыялізаваных, у той час як іншыя — буйныя прамысловыя цэнтры.

Прэзідэнцкія выбары 1994 года ў Беларусі. Галасы за Пазняка і Шушкевіча па раёнах. Бачна, што іхняя электаральная база выпадае на паўночны захад краіны. Фота: Wikimedia Commons

А вось культурнае адрозненне тут прысутнічае — гэта адзіны рэгіён Беларусі, дзе пераважаюць католікі, а значная частка насельніцтва мае польскую ідэнтычнасць. Католікі-беларусы Шушкевіч і Пазняк успрымаліся тут куды больш як свае (асабліва Пазняк, які з’яўляецца ўраджэнцам гэтага рэгіёна), чым праваслаўны атэіст Лукашэнка з усходу. Фактычна абодва палітыкі пад’ядалі электарат адзін аднаго, па выніку саступіўшы другое месца ўвогуле Кебічу.

Пераважаючыя кірункі паводле колькасці грамад па раёнах. Фота: «Крыніца Інфа»

Гэтая асаблівасць каталіцкай гістарычнай Віленшчыны ў збольшага праваслаўна-атэістычнай Беларусі вельмі падобная да таго, што мы можам назіраць у выпадку з беларускім праваслаўным Падляшшам у спрэс каталіцкай Польшчы. Галасуюць па прынцыпе культурнай роднаснасці: адным бліжэйшыя кандыдаты з такіх жа мясцовых католікаў, іншым — тыя, хто не стаіць на крайніх нацыяналістычных пазіцыях. 

Падзеі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года паказалі, што гэты падзел Беларусі не мае глыбіннага ідэалагічнага грунту. Гістарычная Віленшчына актыўна галасавала за апазіцыйную кандыдатку з поўдня Беларусі, а на Магілёўшчыне больш не было той магутнай падтрымкі калісьці «свайго» Лукашэнкі, якую ён авансам атрымліваў у 1990-я гады.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары20

  • Харэ
    18.10.2023
    Кожны дзень НН валиць па 2-3 артыкулы пра польшчу, можа харэ???
  • Пасан
    18.10.2023
    Так званая Польша А акрамя Пазначшчыны, часткі Сілезіі і невялікай часткі Памор'я паўднёвей Гданьска населена пераважна крэсовымі палякамі - рэпатрыянтамі 1940-50-ых гг. з Беларусі, Украіны і Літвы і іх нашчадкамі. Гэта пераважна нашчадкі паланізаванай дробнай шляхты, мяшчан і іншай больш менш адукаванай і ад даўна вольнай часткі грамадства. Адсюль і лібералізм. Усход Польшчы - гэта ў значнай ступені тыя ж нашчадкі былых прыгонных сялян, так жа як і цяперашнія жыхары Беларусі. Адсюль і рабалепства перад калектыўным панам - дзяржавай. Пад нямецкім заборам таксама прыгон знік раней, адсюль тая ж Пазнаншчына таксама адрозніваецца ад усходніх рэгіёнаў.
  • Vik
    18.10.2023
    Статья полная "лухта". Пусть поездит по стране и поспрашивает как работали в колхозах на западе и на востоке. И выяснит почему выходцев из Гродненской области пролетарии до сих пор обзывают "западниками"

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →