Грамадства2121

«Калі пачалася вайна ў Ізраілі, маці загадала, каб маіх рэчаў не было ў яе доме». Беларуска прыняла іслам і вось з чым сутыкнулася

Чаму маладыя беларусы прымаюць іслам? Як на гэта рэагуюць іх сям’я і знаёмыя? Якім чынам змяняецца іх жыццё, стыль і думкі? На гэтыя ды іншыя пытанні CityDog.io адказвае беларуска, якая некалькі гадоў таму памяняла веру.

Крыху гісторыі: іслам у Беларусі з’явіўся яшчэ ў XIV стагоддзі.

Іслам на тэрыторыі Беларусі з’явіўся пры канцы XIV стагоддзя. Яго ў Вялікае Княства Літоўскае прынеслі татары, якія прыйшлі туды з Залатой Арды для вайсковай службы на запрашэнне вялікага літоўскага князя Вітаўта. У Ардзе ў той момант ужо абвастрылася палітычная абстаноўка, таму многія пачалі шукаць прыстанішча ў ВКЛ.

Татараў размяшчалі на памежных землях для абароны ад крыжакоў і крымскіх татараў. Вялікі князь даваў ім свабоду вызнання ісламу, магчымасць будаваць мячэці і ствараць мусульманскія навучальныя ўстановы (медрэсэ). За службу ў войску татары атрымлівалі статус дваран і зямельныя ўчасткі. У той час узаемная павага і цярпімасць садзейнічалі ўсталяванню дружалюбных адносін паміж імі і мясцовым насельніцтвам.

Татарскія ваяры прыехалі на гэтыя землі без сваіх жанчын, таму ім было дазволена брацца шлюбам з беларускамі. Жонкі захоўвалі сваю рэлігію, а дзяцей выхоўвалі ў веры бацькі — у ісламе.

Эксперты адзначаюць, што з таго часу татары змаглі паспяхова інтэгравацца ў беларускую культуру, захаваўшы пры гэтым сваю ідэнтычнасць.

Цяпер у аб’яднанне «Духоўнае кіраванне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» уваходзіць чатыры грамады: у Мінску, Гомелі, Клецку і Ляхавічах.

На сённяшні дзень складана меркаваць пра колькасць людзей, якія вызнаюць іслам у Беларусі. У перапісе насельніцтва 2019 года не было пытання аб веравызнанні, таму колькасць мусульман вызначалася праз графу «нацыянальнасць», улічваючы традыцыйна звязаныя з ісламам нацыянальнасці. Гэта не зусім дакладны метад, бо не ўсе прадстаўнікі гэтых народаў з’яўляюцца мусульманамі, а да таго ж ёсць беларусы, якія самі прынялі іслам.

Аднак, калі ўсё ж карыстацца гэтым недасканалым метадам, у 2019 годзе мусульман у Беларусі налічвалася 8445 чалавек, а ў 2009 годзе — 7316.

Як Кара шукала сябе ў ісламе: «Я тады падумала: о, нейкая ёга!»

Кары 23 гады. Некалькі гадоў таму яна прыняла іслам, таму што адчула цягу да гэтай веры. Дзяўчына расказвае, што сама яна з вельмі рэлігійнай праваслаўнай сям’і, дзе яе рашэнне дагэтуль не могуць прыняць.

— Я з дастаткова забяспечанай і вельмі рэлігійнай сям’і. Мой бацька пабудаваў адну з топавых праваслаўных цэркваў у вёсцы, дзе знаходзілася ягоная кампанія. Мама ў маім дзяцінстве таксама шмат часу надавала хрысціянству. Яна часта вадзіла мяне ў манастыр, дзе было вельмі цікава. Я ўсім там вельмі падабалася, мяне запрашалі спяваць у хор, дарылі анёлкаў. Увогуле, было весела.

У той перыяд рэлігія мяне так моцна натхняла, што я нават хацела пайсці ў манастыр.

Па меры сталення хрысціянства пачало прыцягваць мяне ўсё менш і менш. Мне не падабалася, што мае бацькі актыўна фінансуюць царкву. Вядома, гэта іх грошы і яны маюць права распараджацца імі так, як захочуць. Мяне іх выдаткі не тычыліся, але ў нейкі момант гэта пачало напружваць.

У падлеткавыя гады ўсё было складана: сінія валасы, голеныя скроні, пірсінг. Усіх, хто быў са мной не згодны, я адразу ж пасылала.

У маёй мамы быў духоўны айцец, які казаў дзіўныя для мяне рэчы. Напрыклад, расказваў, што каля вады не варта мацюкацца, таму што яна ўсё ўбірае. Для мяне гэта трызненне з разраду фільмаў на канале ТВ-3. Цяпер гэты айцец мне здаецца дастаткова разумным чалавекам, я б з ім пабалбатала. Тады ж важна было быць крутым, а ў яго не атрымлівалася. Збольшага таму праваслаўе засталося тады недзе ўбаку.

Упершыню цікавасць да мусульманскага свету ў мяне з’явілася якраз у той перыяд, у класе восьмым альбо дзявятым.

На той момант я ўжо лічыла сябе атэісткай, але працягвала цікавіцца рознымі культурамі і рэлігіямі. Чытала пра ўсё, але толькі іслам зачапіў мяне. З цікаўнасці я нават пару разоў надзела хіджаб: скруціла яго з хустак, якія знайшла дома.

Паспрабавала чытаць намаз, але было не асабліва паспяхова. Я не ведала, як яго рабіць, таму адкрыла карцінкі ў інтэрнэце. Там нічога не зразумела і падумала: «О, гэта нейкая ёга». На гэтым усё і скончылася.

Аб прыняцці ісламу і здабыцці веры: «Вымавіла дзве фразы і выклала сторыс у інстаграм»

Бліжэй да гадоў васямнаццаці ў мяне з’явіўся малады чалавек, у якога быў сябар з рэлігійнай мусульманскай адукацыяй. Так я атрымала суразмоўцу, з якім магла абмяркоўваць пытанні веры.

Для мяне гэта было важна: тады я не верыла ў бога, але Каран сам па сабе здаваўся разумнай кнігай. Я ўспрымала яго як зводку правіл для добрага чалавека і чэрпала адтуль добрыя парады пра тое, як варта рабіць.

Мусульманкай я стала спантанна. Аднойчы ўвечары пацікавілася, як увогуле прымаюць іслам. Аказалася, дастаткова проста прачытаць шахаду ў прысутнасці мусульманіна. Галоўнае тут — вымавіць словы шчыра і з сапраўдным жаданнем.

Цяпер разумею, што зрабіла гэта на незразумелай эмоцыі, проста з дзіцячай цікаўнасці. Памятаю, што пасля вымаўлення шахады вельмі хацела выкласці сторыс у інстаграм з навіной пра тое, што я цяпер мусульманка.

Знаёмыя асабліва ніяк не адрэагавалі, а я на наступную раніцу разважала пра сваё жыццё. Падумала, раз я сказала пра такія рэчы публічна, то мне трэба будзе за іх адказваць.

Адчула ўнутраную трывожнасць, што цяпер мне трэба будзе жыць як мусульманцы. Тады вырашыла адмовіцца ад алкаголю. Гэта было маім самым першым рашэннем, звязаным з ісламам. Мінула тры гады, як я не п’ю.

Далей гісторыя робіцца не такой вясёлкавай. У мяне памёр бацька, з якім мы былі вельмі блізкімі. Я зразумела, што нідзе не магу знайсці патрэбную мне падтрымку. Гэта збольшага паўплывала на тое, што я шчыра пачала верыць у Алаха.

Таксама паверыць у Бога дапамаглі штодзённыя малітвы і рытуалы. У нейкі момант пасля намазу я адчула, што цяпер іслам — тая праўда, якая знаходзіцца ўнутры мяне.

Важна ўдакладніць, што ў ісламе вельмі дрэнна ставяцца да людзей, якія гавораць, што яны мусульмане, але не вераць у Бога па-сапраўднаму. Іх лічаць крывадушнікамі.

Раней я моцна перажывала, што з’яўляюся адной з іх. Потым Алах злітаваўся і накіраваў мяне на патрэбны шлях. Для такіх людзей, як я, ёсць заспакаяльная думка пра тое, што гэта не тваё рашэнне — прыйсці ў рэлігію, Усявышні прымае цябе.

Пра адносіны з сям’ёй: «Тое, што я мусульманка, для мамы дагэтуль траўма»

Мая сям’я прыняла рашэнне вельмі кепска. Для маці гэта дагэтуль вялікая траўма. Яна лічыць мяне здрадніцай, калі я перайшла ў іншую веру.

Калі пачалася вайна ў Ізраілі, маці агрэсіўна загадала, каб маіх рэчаў больш не было ў яе доме. Там былі кілімкі для намазу, яшчэ нешта. Я ўдзячная, што яна іх не выкінула, але ўсё роўна было балюча ад такога стаўлення.

Мой брат рэагуе больш спакойна. Ён бачыць больш добрага ў маім ладзе жыцця: я не п’ю алкаголь, не вяртаюся позна дадому, паводжу сябе добра. З іншага боку, ён усё роўна не да канца гатовы зразумець законы ісламу.

Быў выпадак, які мяне моцна параніў. Падчас Курбан-байраму (аднаго з галоўных свят у ісламе) у Швецыі спалілі Каран. Мне было вельмі балюча ўсведамляць, што нехта замахваецца на маё нешта такое дарагое і правільнае.

У той момант я знаходзілася разам з маці і братам. Замест слоў падтрымкі яны пачалі казаць шмат дрэннага ў адносінах да мусульман. Не хачу зараз гэта агучваць, бо яны добрыя людзі, проста не разумеюць некаторыя моманты. Аднак мне было вельмі цяжка. Мяне параніла, што блізкія людзі могуць прамаўляць настолькі крыўдныя рэчы. Яны пакуль не гатовыя ўнікаць у незнаёмую для іх культуру.

Пра рэакцыі знаёмых: «Адчуваю асуджэнне і неразуменне толькі з боку сваякоў»

Асяроддзе ставіцца да маёй рэлігіі спакойна. Памятаю, як бачылася са сваёй сяброўкай у Мінску ўжо пасля прыняцця ісламу, прасіла яе пачакаць, бо хацела зайсці ў мячэць. Яна толькі здзіўлена ўзняла бровы, але сказала, што асуджаць ці задаваць лішніх пытанняў не будзе.

Было некалькі добрых жартаў ад маіх сяброў у бок ісламу. На гэтым усё. Я не адчувала нейкага ціску ці абраз. Абуранасць сыходзіла толькі ад маіх сваякоў, больш ад мамы. Астатнія хутчэй былі гэтым засмучаныя.

Нядаўна ў маёй сястры было вяселле. Мой дзядзька, з якім мы добра бавілі ўвесь вечар і жартавалі, у нейкі момант набраўся адвагі і спытаў, ці праўда, што я стала мусульманкай. Было бачна, што яго гэта зачапіла, але хутка ён пераключыўся на іншую тэму.

Пра захаванне мусульманскіх практык: «Цяпер я пачала дазваляць сабе крыху больш»

Цяпер я пачала дазваляць сабе крыху больш. Нядаўна зноў апранула досыць кароткую сукенку — проста таму, што мне так захацелася. Магу дазволіць сабе мацюкацца.

Насамрэч мне як мусульманцы ў гэтых грахах не варта было б прызнавацца. У ісламе так не прынята. Лічыцца, што калі ты расказваеш пра свае памылкі, то іншы чалавек можа таксама зрабіць для сябе паслабленне.

Але гэта мой шлях. Часам мой іман слабее, і я здзяйсняю памылкі, раблю паслабленні або паводжу сябе груба. У гэтым няма нічога добрага, але такое здараецца. Па волі Алаха я змагу стаць лепшай, каб гэтага больш не адбывалася.

Адзін час я спрабавала насіць хіджаб. Праўда, у розных месцах стаўленне да яго вельмі адрозніваецца, а я жыла і ў Беларусі, і ў Еўропе, і на Каўказе.

На Каўказе, напрыклад, калі ты надзела хіджаб, то ты адразу лічышся ледзь не святой і зняць яго ўжо не маеш права. У Еўропе ты можаш паспрабаваць яго проста прымераць. Ніхто цябе не будзе асуджаць, калі на наступны дзень ты з’явішся з непакрытай галавой.

Пра стаўленне да хіджабу ў Беларусі мне цяжка казаць. Там у мяне вельмі маленькае кам’юніці з мусульманак. Тое, як я апранаюся на вуліцу, я выбіраю зыходзячы з унутранага адчування.

Што да абмывання і намазу, то іх я раблю штодзень, хаця выконваць іх у немусульманскай краіне дастаткова складана: у Беларусі, напрыклад, няма месцаў для намазу. Можна, вядома, хадзіць у мячэць, але гэта не заўсёды зручна. Увогуле, цяжкасці ёсць, але з імі можна мірыцца.

Пра адзенне: «Цяпер адчуваю сябе больш жаноцкай»

У доўгіх сукенках я раблюся больш падобнай да прынцэсы, выглядаю больш элегантна і эфектна.

Праблема заключаецца ў тым, што дастаткова складана знайсці стыльныя рэчы, якія будуць цалкам закрытымі. Заўсёды знойдзецца які-небудзь выраз на спіне ці назе.

Тая вопратка, якая мне патрэбна, часцей за ўсё аказваецца дрэннай якасці. Я ж прывыкла да пэўных брэндаў, і мяне хвалюе, што там не заўсёды атрымліваецца адшукаць прыдатныя ўборы.

Заўважыла, што з таго часу, як я стала насіць больш закрытыя вобразы, стаўленне да мяне змянілася. Асабліва з боку мужчын. Мяне менш сэксуалізуюць, лепш успрымаюць як спецыялістку і прафесіяналку сваёй справы.

Напэўна, праз адзенне больш выразна сталі відаць мае асабістыя межы. У маёй прысутнасці, напрыклад, мужчыны не будуць мацюкацца ці адпускаць непрыстойныя жарты.

Пра стаўленне да палесціна-ізраільскага канфлікту: «Вядома, унутры мне вельмі балюча»

Я вельмі добра трымалася напачатку вайны ва Украіне. Разумела, што важна захоўваць халодны розум, што дрэнна называць людзей «зэтнікамі», «зомбі» ці «хахламі».

Калі гаворка вядзецца пра Палесціну, то мне складана даць рады сабе ў маёй душы. Унутры маё сэрца ўсё ж пачало крыху чарнець з-за гэтай тэмы. Цікава назіраць, як у кантэксце гэтай тэмы я ператвараюся ў тое самае зло, супраць якога выступаю ў сябе ў галаве.

Больш за ўсё мяне злуе, наколькі адрозніваецца палітыка ў адносінах да мусульман і людзей іншых рэлігій. Жудасна ўсё, што цяпер адбываецца ў тым рэгіёне.

Мне цяжка зразумець, чаму ў мусульманах бачаць зло. Я кожны дзень размаўляю з мамай, якая лічыць усіх мусульман недаразвітымі. Усе ўсходнія краіны для яе — апора глупства і невуцтва.

Важна разумець, што забароненыя тэрарыстычныя арганізацыі не прадстаўляюць іслам, хаця некаторыя з іх і з’яўляюцца мусульманскімі. Сярод іншых рэлігій таксама ёсць злачынцы.

Я расказваю знаёмым пра іслам, на сваім прыкладзе паказваю, што ў гэтай рэлігіі няма нічога страшнага. Магчыма, я не самая ўзорная мусульманка, але гэта адназначна лепш за многія іншыя рэчы ў маім былым жыцці.

Каментары21

  • mikola
    07.12.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Дэл
    07.12.2023
    А... "забі нявернага" ёсьць у ісламе?.. Ці гэта выдумка?
  • Лявоніха
    07.12.2023
    « Быў выпадак, які мяне моцна параніў. Падчас Курбан-байраму (аднаго з галоўных свят у ісламе) у Швецыі спалілі Каран. Мне было вельмі балюча ўсведамляць, што нехта замахваецца на маё нешта такое дарагое і правільнае… Я вельмі добра трымалася напачатку вайны ва Украіне. Разумела, што важна захоўваць халодны розум…Калі гаворка вядзецца пра Палесціну, то мне складана даць рады з сабой у маёй душы.». - - - то бок калі рашысты забіваюць і катуюць украінцаў, то для яе гэта не было балюча, яна імкнулася “захоўваць халодны розум”, а вось калі спалілі каран, то ёй стала балюча. Прабачце, можа я не так зразумела яе словы, але гэта нагадвае нейкі радыкалізм, калі кавалак кнігі даражэй за жыцці людзей.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы14

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы1

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле13

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

Суперсучасныя нарвежскія F-35 прыляцелі ўзмацніць абарону хаба НАТА на мяжы з Украінай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →