«Першы раз села на каня ў 35 гадоў». Гродзенка сабрала вакол сябе табун коней і шчаслівая
Пра коней Алеся Шаўчэнка марыла з дзяцінства, але абрала прафесію вядучай на вяселлях. Была тамадой, спявала ў рэстаранах і толькі пасля 35 гадоў усё ж вырашыла наблізіцца да мары. Цяпер беларуска — уладальніца коннага двара недалёка ад Гродна. Жартуе, што прамяняла святы на табун коней — і гэта яе цалкам задавальняе. Журналісты Onliner.by з'ездзілі да яе ў госці ў Гродзенскі раён і паглядзелі, як уладкаваны побыт з коньмі і ці рэальна ўпраўляцца са стайняй адной.
У адзін з восеньскіх дзён журналісты едуць на конны двор «Эльбрус» у вёску Гінавічы, за 18 кіламетраў ад Гродна. Вакол лес. Поле. Прастор. За драўляным плотам — манеж, высокія клёны закідалі жоўтым лісцем дарожку.
Першым сустракае гасцей чорны кокер-спаніэль Лоры. Саму Алесю і яе табун з шасці коней яны пабачаць праз пару хвілін.
«Прыносіла дадому катоў і сабак, каня ж не прывядзеш»
«Трыццаць гадоў я працавала ў рэстаранах, спявала і вяла праграмы. Коні былі маім хобі, а цяпер рэстаран — гэта хобі, — усміхаецца Алеся, расказваючы пра тое, як яна стала гаспадыняй коннага двара. — Вяселлі магу правесці дагэтуль, але гэта ж толькі пятніца і субота. Цяпер конны двор займае мой асноўны час».
А пачыналася ўсё яшчэ ў дзяцінстве. Калі Алесі было 8 гадоў, яна вельмі хацела свайго каня, хоць і бачыла яго толькі на малюнках.
«Тады я не думала, што яго трэба карміць, што ён павінен дзесьці жыць, яму трэба нешта купляць. Мне проста хацелася жывёл. Памятаю, што прыносіла дадому катоў і сабак пастаянна, каня ж дадому не прывядзеш… Бацька быў вайсковец, і ўсе мае каты і сабакі знікалі разам з пераездам.
У адным з вайсковых гарадкоў быў конь, мне ён падабаўся. Я часта малявала сабак, катоў, коней, сланоў і жырафаў. І вось, спынілася на конях…»
Першы раз на каня Алеся села праз шмат гадоў, калі ёй было 35. Паехалі з сяброўкай у вёску Трычы, дзе была прыватная стайня, — проста пакатацца. Потым беларуска прыехала туды яшчэ раз, і яшчэ. Там жа навучылася верхавой яздзе.
«Бруша, Эльбрус, — гэта мой першы конь. Яго я купіла жарабём у каралеўскім фальварку Караліно. Мама ў яго — арлоўскі рысак, тата — тракененскай пароды. Амаль адразу мяне сталі зваць Алеся Эльбрус, вось чаму і конны двор цяпер так называецца», — успамінае свой першы вопыт зносін з коньмі беларуска.
Спачатку купіла двух коней і толькі потым зрабіла стайню
Першыя два гады Эльбрус быў на пастоі ў стайні, дзе і нарадзіўся, — у Караліне. Там жа Алеся ўбачыла Бархата. І адразу ж вырашыла: пабудуе дом і купіць другога каня.
«Але атрымалася наадварот. Дом і стайню я пабудавала пазней, а Бархата адразу купіла. Я ведала: гэта мой конь, чакаць ён не мог. Бархату было ўжо 14 гадоў, ён аказаўся нікому не патрэбны, яго не маглі прадаць з-за свавольнага характару. Але мне падалося, што ён малады і моцны, мне падабалася з ім змагацца. Так што я купіла Бархата, і мы пераехалі з Караліна на прыватную стайню».
Алесю спыталіся, колькі можа каштаваць такая купля. Прачнуліся раніцай і захацелі купіць каня — гэта дорага?
«Залежыць ад шматлікіх фактараў: узросту, навучання, здароўя, пароды. Напрыклад, калі жарабя каштуе ўмоўна ад 500 даляраў, ненавучаны конь — ад 1000, то ўжо пасля навучання кошт каня можа быць вельмі высокім», — адказвае Алеся.
Утрыманне двух коней на прыватным пастоі абыходзілася жанчыне прыкладна ў 300 даляраў на месяц. Таму з часам Алеся стала прыглядаць участкі недалёка ад Гродна.
«Купіла старэнькі домік з моцным хлявом, трохі акультурыла, а ў хляве зрабіла стайню. Мы падзялілі яго на дзяннікі, па меры з'яўлення новых коней дадалі прыбудову.
Стайняй займаецца адна — муж і сыны прыязджаюць рэдка
Сядзібай Алеся часцей за ўсё займаецца сама. У мужа і дарослых сыноў няма такой цікавасці да коней, як у яе, прыязджаюць яны сюды рэдка. Праўда, аднойчы жанчына паспрачалася з малодшым на 5 рублёў, што ён не зможа з зямлі заскочыць на каня. І прайграла… Змог.
«Можа, нешта адгукнецца з часам, з'явіцца цікавасць», — спадзяецца гаспадыня коннага двара.
Кожную раніцу Алеся ездзіць з Гродна ў Гінавічы — каля 18 кіламетраў. Пачынае дзень звычайна з прыбірання стайні, гэта займае гадзіну-паўтары. Чыстка аднаго каня перад сядлоўкай — 10-15 хвілін. Часам дапамагаюць валанцёркі — некалькі дзяўчат, якія навучаюцца тут верхавой яздзе.
«Дзяўчынкі могуць мяне нават адпусціць на дзень. Але гадзіны да 11-й пачынаецца: я на тэлефоне, як справы, як, што — і ў абед ужо тут», — усміхаецца Алеся.
Яна цалкам паглынутая клопатамі пра стайню і яе жыхароў. Калі за коньмі даглядаць, яны хварэюць вельмі рэдка, кажа беларуска. Галоўнае — правільна іх карміць і не дапускаць пераахаладжэння. Коні як людзі: калі прапацеюць і апынуцца на ветры, то прастынуць.
Харчаванне ў коней строга па рэцэпце: молатае зерне разводзіцца вадой да кашкі. У рацыёне заўсёды ёсць садавіна і гародніна, вітамінкі кожнаму свае. Узімку ў авёс дадаюцца ячмень і кукуруза, каб ежа была пажыўнейшая і было прасцей пераносіць холад.
Зерне Алеся закупляе ў фермераў, камбікорм — у краме. Стараецца запасацца восенню на ўвесь год. З сенам складаней, закласці яго ў запас не атрымліваецца — няма месца для захоўвання. Часцей за ўсё везці сена даводзіцца з Ліды і Шчучына.
Жыхары «Эльбруса» ўтрымліваюць сябе самі
У кожнага каня — свой характар і свая праца, расказвае Алеся. Поні Персік, яго яшчэ клічуць Пончы, — вельмі цярплівы, ён катае дзяцей. Лада (Ладуча) вучыць пачаткоўцаў, таму што нікуды не спяшаецца, не адцягваецца і, дарэчы, працуе больш за ўсіх. Бархат, конь з характарам — пад моцнага дасведчанага вершніка, які з ім справіцца. Максімус яшчэ маленькі — яму 3,5 года. Ён навучаны, але маральна пакуль не гатовы да вялікай колькасці людзей.
Чорную з зорачкай пародзістую Сальму (тракененская парода) фатаграфавалі часцей за ўсё. У яе сумная гісторыя са шчаслівым працягам. Гаспадар памёр, кабылу хацелі здаць на мяса.
«Прапанавалі купіць, і я купіла. Характар у Сальмы сцярвозны. Яна добрая, але не хоча працаваць. Гаспадар, як і я калісьці, проста хацеў каня. Проста садзіўся на яе, і яна бегла. А мы яе вучым хадзіць правільна, і гэта ёй не падабаецца. Культурнай язды наша Сальманела пакуль не любіць ці не ведае. Увогуле, мы яе клічам жанчына-загадка», — жартуе Алеся.
Першы конь гаспадыні — Эльбрус, ён рэзкі, жывы і хуткі. Алеся называе яго «самым сумленным сябрам».
«Заўсёды можна зразумець, што ён адчувае ці хоча. Калі чалавек не ўмее кіраваць або правільна даць каманду, то і Эльбрус рабіць нічога не будзе. Не любіць катаць. Можа ісці побач, штурхаць цябе, пакусваць — усім выглядам паказваць, што не хоча, яму гэта не падабаецца. Калі саджуся я, ён робіць усё. Ён добры для дасведчаных коннікаў», — кажа жанчына.
Узімку жыццё ў сядзібе не замірае: калі няма моцных вятроў і маразоў, сюды прыязджаюць катацца гараджане, вучацца верхавой яздзе, праводзяць час з сям'ёй, заказваюць фотасесіі ці проста размаўляюць з коньмі. Каштуе гэта ад 15 да 50 рублёў з чалавека.
«Дзеткі прыязджаюць часцей, каб пакатацца. Ходзім з імі па крузе на манежы або на паляне. Каб не баяліся, з дзецьмі размаўляем пра коней, пра дапамогу маме, пра кветкі, кнігі, з дзяўчынкамі пра сукенкі. Калі цёпла, тут пад елкамі можна зладзіць пікнічок».
У найбліжэйшых планах у каралевы стайні пабудаваць невялікі крыты манеж, каб прымаць гасцей круглы год, калі горача і калі снег.
Сама гаспадыня ў апошні час рэдка ездзіць вершкі — з-за праблем з хрыбтом. Але ёй падабаецца проста быць побач з коньмі кожны дзень, клапаціцца пра іх, аддаваць ім час.
«Конь — статкавая жывёліна, і ты не толькі павінен быць лідарам, але і ўвесь час даказваць, што ты лідар, бо яны перыядычна імкнуцца заняць месца вышэй за цябе. Не біць, вядома, а даказваць сваё лідарства маральна — дабрынёй, не адступаць ад сваіх рашэнняў. З коньмі трэба жыць побач, тады будзе толк і радасць ад таго, што ты робіш», — перакананая Алеся.
Чытайце таксама:
Гнядыя, шэрыя, коні ў яблыках. Паглядзіце, якая выстава праходзіць у Мінску
Пад Вілейкай жыве конь Яша. Ён умее рабіць паклон і «дае лапу»
«Можна і агарод узараць, і верхам на ім праехацца». За што цэняць беларускую пароду коней?
Каментары