«Стамілася быць Вольхай, калі я Ольга». Чаму і як беларусы змяняюць свае імёны за мяжой
Пры пераездзе на ПМЖ у іншыя краіны і атрыманні новага грамадзянства частка беларусаў імкнецца пазбавіцца беларускага варыянту напісання свайго імя і прозвішча. Навошта?
Беларускія Вольгі ў ЗША
Нядаўна ў суполцы ў фэйсбуку «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» абмяркоўвалі замену беларускіх імёнаў на іх рускамоўныя або англамоўныя адпаведнікі. Пытанне выклікала шмат спрэчак. Адныя лічаць цалкам прымальным пры атрыманні амерыканскага пашпарта змяняць імя на рускі або амерыканскі манер, іншыя асуджаюць такія захады.
Пад допісам набралася больш за 350 каментароў, і здаецца, спыніць спрэчку атрымалася толькі таму, што праз нейкі час аўтарка абмежавала магчымасць пакідаць новыя каментары пад пастом.
Адна з карыстальніц звярталася з пытаннем да беларусак па імені Вольга. Яна цікавілася, як іх называюць у Штатах: «Ольгамі» або «Волхамі».
Некаторыя Вольгі прызналіся ў каментарах, што змянілі імя на Ольга, бо амерыканцы называлі іх «Волха».
«Памятаю, хтосьці ўбачыў маё імя ў пашпарце, вельмі здзівіўся, што я Волга — рака ў Расіі», — дзеліцца адна з жанчын.
«Вольха ды Воля, мне падабаецца i iмя такога няма у iншых жанчын», — піша іншая ў адказ.
Адна з жанчын прызналася, што стамілася быць «Волхай», калі ўсё жыццё была Ольгай.
Такі падыход ацанілі не ўсе. Да абмеркавання падключыліся не толькі Вольгі. Некаторыя каментатары пачалі вінаваціць жанчын у тым, што праз змену імя яны страцілі ідэнтычнасць.
Частка Вольгаў прызналася, што калі трэба прадставіцца афіцыйна, то кажуць Вольга, а калі не, то Ольга.
Іншыя наадварот адзначаюць, што ім падабаецца, калі іх так клічуць. Частка Вольгаў піша, што проста ўспрымае гэта як факт.
Чаму гэтае пытанне становіцца актуальным толькі за мяжой?
Пакуль мы жывём у Беларусі, то запаўняць дакументы можам на выбар на адной з дзяржаўных моў. Умоўныя Вольга і Уладзіслаў могуць самі выбіраць, як пазначаць сваё імя ў анкетах, пры запісе на прыём да лекара і г.д. Хоць запаўняць дакументы часцей даводзіцца па-руску, бо, на жаль, зрабіць гэта па-беларуску не заўжды магчыма.
Аднак усё змяняецца пасля пераезду ў іншыя краіны, у прыватнасці ў тыя, дзе выкарыстоўваецца лацінскі алфавіт. Адзіным правільным варыянтам напісання імя застаецца той, што ў пашпарце лацінскімі літарамі. Па змоўчанні транслітарацыя адбываецца з беларускай мовы, таму за мяжой Вольга перастае быць Ольгой, а Уладзіслаў Владиславом.
Быў Дзмітрый, стаў Dymitr
Сярод чытачоў «Наша Ніва» знайшла некалькі чалавек, якія змянялі свае імёны, калі атрымлівалі польскае грамадзянства.
Дзмітрый кажа, што жыць у Польшчы з іменем Dzmitry было даволі нязручна.
«Да атрымання польскага грамадзянства я пражыў у Польшчы амаль тры гады. Паколькі ў мяне ўласны бізнэс, мне даводзілася шмат кантактаваць з рознымі людзьмі, амаль кожны раз сутыкаўся з тым, што палякам вельмі цяжка нармальна прамовіць маё імя. Тое самае было і ва ўсіх дзяржаўных установах», — прызнаецца чытач.
Калі мужчына падаваўся на грамадзянства, то вырашыў змяніць Dzmitry на Dymitr.
«Перарабляць на рускі лад не хацелася, таму для перакладу абраў найбольш адпаведны варыянт сярод імён, якія выкарыстоўваюцца ў Польшчы. Апроч імя, таксама замянілі адну літару ў прозвішчы, каб напісанне адпавядала правілам польскай мовы».
Дзмітрый не шкадуе пра свой выбар, бо плюсаў у «апалячванні» імя і прозвішча ён бачыць больш, чым мінусаў. Раней, апроч акцэнту, тое, што ён эмігрант, выдавала імя і прозвішча.
«Паколькі я даўно жыву ў Польшчы, то ўжо размаўляю па-польску без акцэнту. У пары з польскім грамадзянствам і напісаннем імя і прозвішча на польскі манер ніхто не зможа зразумець, што я эмігрант. Гэта дакладна плюс для вядзення бізнэсу».
«На польскай гэта будзе гучаць дзіўна»
Змяніў на польскі манер напісанне свайго імя і прозвішча і наш чытач Аляксандр.
«Для падачы на грамадзянства робіцца пераклад пасведчання аб нараджэнні і шлюбу. Перакладаецца з беларускай або рускай мовы на польскую.
Таму ў польскім пашпарце я Aleksander, а не Aliaksandr, як імя было напісана лацінскімі літарамі ў беларускім пашпарце. У прозвішчы таксама адбыліся змены — канчатак «ch» замянілі на «cz». Пры жаданні можна было пакінуць напісанне імя і прозвішча, як у беларускім дакуменце, але на польскай гэта будзе гучаць дзіўна», — лічыць чытач.
Апроч свайго імя, Аляксандру давялося змяняць напісанне імя сына Паўла. Мужчына лічыць, што пакідаць Pavel было б глупствам, бо ўспрымалася б, што імя нібыта напісана з памылкай: па-польску пішацца праз «w» — Pawel.
«Планую змяніць імя Андрэй на Анджэй»
Яшчэ адзін чытач, якога завуць Андрэй, распавёў «Нашай Ніве», што таксама плануе змяніць імя, калі налета будзе падаваць дакументы на атрыманне польскага грамадзянства.
«У беларускім пашпарце ў мяне напісана Andrei, але калі буду падаваць дакументы на грамадзянства, то хачу змяніць імя на польскі варыянт — Andrzej.
Я і цяпер у нефармальных размовах прадстаўляюся, як Анджэй, але ў афіцыйных так пакуль рабіць не магу, бо па пашпарце я Андрэй. Гэта не вельмі зручна, калі жывеш у Польшчы», — тлумачыць мужчына.
Чытайце таксама:
Цэны на квіткі з Польшчы ў Беларусь выраслі ў 2-3 разы. Колькі каштуе з'ездзіць на навагоднія святы
Каментары