Звычку рана ўставаць людзям перадалі неандэртальцы — вучоныя
Па выніках новага даследавання, людзі-жаўранкі могуць быць удзячныя за сваю звычку рана ўставаць генам, атрыманым у спадчыну ад неандэртальцаў.
Нягледзячы на тое, што большая частка генаў, атрыманых сучасным чалавекам у выніку даўняга скрыжавання з неандэртальцамі, у ходзе эвалюцыі была страчана, некаторая з іх засталася. Гэтыя гены дапамаглі раннім Homo Sapiens адаптавацца да новага асяроддзя падчас перамяшчэння з Афрыкі ў Еўразію.
Хваля міграцыі адбылася каля 70 тысяч гадоў таму. І на новых прасторах з больш халодным кліматам мігранты з Афрыкі сутыкнуліся з неандэртальцамі, якія засялялі прасторы Еўразіі сотні тысяч гадоў.
Вынікі скрыжавання дзвюх галін нагадваюць пра сябе чатырма працэнтамі ДНК неандэртальцаў, што прысутнічаюць у арганізме сучаснага чалавека. Яны звязаныя з пігментацыяй скуры, валасамі, тлушчам і імунітэтам.
Як піша The Gardian, эпідэміёлаг з Каліфарнійскага ўніверсітэта Джон Капра (John Capra) разам з калегамі прааналізаваў ДНК сучасных людзей і неандэртальцаў і высветліў, што ў біялагічным гадзінніку (ці цыркадных рытмах) як неандэртальцаў, так і сучаснага чалавека ўдзельнічаюць розныя варыянты генаў. Але вучоныя зрабілі дапушчэнне, што ў некаторых з сучасных людзей захаваўся менавіта неандэртальскі варыянт.
Для таго, каб праверыць сваю гіпотэзу, даследчыкі звярнуліся да брытанскага біябанка, які захоўвае інфармацыю пра генетыку, здароўе і лад жыцця паўмільёна чалавек.
У выніку высветлілася, што сапраўды, у многіх сучаснікаў прысутнічаюць такія гены. Мала таго, гэтыя гены ўвесь час былі звязаныя з раннім абуджэннем людзей, якія іх маюць. Пра гэта адкрыццё вучоныя пішуць у часопісе Genome Biology and Evolution.
Толькі не варта лічыць, што менавіта гены неандэртальцаў адыгрываюць вырашальную ролю ў звычцы ранняга прабуджэння, звяртаюць увагу даследчыкі. На гэта ўплывае шэраг экалагічных і культурных фактараў.
Па словах Капры, наяўнасць генаў неандэртальца, што вызначаюць біялагічны гадзіннік, дазваляе лепш адаптавацца да сезонных змен працягласці светлавога дня:
«У больш высокіх шыротах карысна мець больш гнуткі гадзіннік, які здольны лепш мяняцца ў адпаведнасці з сезоннымі зменамі працягласці светлавога дня».
Як тлумачыць прафесар Марк Маслін (Mark Maslin) з Універсітэцкага каледжа Лондана, адкрыццё вучоных — доказ таго, што некаторыя людзі сапраўды з'яўляюцца жаўранкамі. Для саміх жа неандэртальцаў ранні падʼём ва ўмовах кароткага зімняга дня быў жыццёва неабходны для паспяховага пошуку харчавання. З такога пункту гледжання становіцца больш зразумелай пагаворка: «Хто рана ўстае, таму Бог дае».
Чытайце яшчэ:
Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў
Неандэртальцы елі адзін аднаго. Але не ад голаду
Археолагі знайшлі сведчанне кантактаў Homo sapiens з неандэртальцамі
Каментары