Кліп «Каляднае танга» Змітра Вайцюшкевіча стылізаваны пад карцінкі на шкле.
Словы Уладзіміра Някляева, відэа Аляксандры Канафальскай.
Карцінкі на шкле з’яўляюцца праявай народнага мастацтва, якое было пашырана ў Беларусі з канца XIX ст. па 1960-я гады XX ст. Абразы на шкле з’явіліся раней за шкляныя свецкія карцінкі, але неўзабаве зніклі з ужытку. Разам з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і тканымі посцілкамі карцінкі на шкле фармавалі цэласны ансамбль пасляваеннага вясковага інтэр’ера. Звычайна гэтыя карцінкі з'яўляліся арыгінальнымі творамі з выявамі коцікаў, галубоў і паненак, якія можна было набыць на кірмашах або ў вандроўных гандляроў.
Рэгіянальная назва карцінак на шкле — «відзікі». На дадзены момант не толькі музеі Беларусі маюць калекцыі відзікаў, але прыватныя асобы таксама імкнуцца захаваць пярліны народнага мастацтва.
Кліп на песню быў натхнёны відзікамі і намаляваны на сапраўдным шкле мастачкай Аляксандрай Канафальскай. Аўтарская інтэрпрэтацыя, што ўвабрала ў сябе некаторыя яскравыя элементы гэтага традыцыйнага віду мастацтва: ружы, галубы і, вядома, вобраз Панны.
Каментары