У мястэчку Радашковічы, што за 30 км ад Мінска, на аўкцыён выставілі дзве кватэры па 29 квадратаў з дзіўнай пачатковай цаной — кожную з іх ацанілі прыкладна ў 100 даляраў. Што гэта за жыллё і ў якім яно стане, разбіраўся Realt.by.
Дакладны адрас — вуліца Максіма Горкага, 23. Дом, у якім яны размешчаны, драўляны, аднапавярховы, шматкватэрны (такія ў народзе называюцца «баракі»). Пабудаваны ў 1970 годзе і, здаецца, сучаснага рамонту ў ім не было: на даху шыфер, вокны драўляныя.
Жылплошчы выстаўленых на таргі кватэр невялікія — 29,4 м2 і 29,7 м2. Яны маюць асобныя ўваходы і складаюцца з аднаго жылога пакоя, кухні, калідора і каморкі.
Агульны стан не ўказваецца, але, мяркуючы па фота, — без рамонту не абысціся.
Ацяпленне пячное — у кожнай кватэры свая печ-пліта. Вада з калодзежа.
Дом стаіць на ўчастку 15 сотак — ён агульны для ўсіх жыхароў. У суправаджальнай дакументацыі гаворыцца пра «права пастаяннага карыстання».
Прадаўцом з'яўляецца ААТ «Купала-Агра». Пачатковы кошт гэтых кватэр невысокі — першую ацанілі ўсяго ў 312 рублёў, другую ў 315 рублёў.
Аўкцыён адбудзецца 23 студзеня ў 12.00 па адрасе: Мінск, вуліца Чкалава, 5, кабінет 324. Заявы на ўдзел і неабходныя дакументы прымаюцца да 19 студзеня ўключна.
Каментары