Гандлёвы дом «Усходні», які займаецца рэалізацыяй канфіскаванай маёмасці, выставіў на аўкцыён рарытэтны спорткар.
Гэта Chevrolet Corvette выпуску 1976 года. Прадстаўлены на таргах лот — узор трэцяга пакалення легендарнай спартыўнай мадэлі. Пад капотам аўто — 5,7-літровы рухавік. Гэта базавы матор, а па жаданні кліента на спорткар ставілі нават 7,3-літровыя агрэгаты, заўважыў blizko.by.
Прабег у 48-гадовага аўтамабіля невялікі — усяго 77 562 км. Як адзначана ў апісанні, маюцца «сколы, драпіны». Машына была канфіскаваная на літоўска-беларускай мяжы (мужчына перавозіў наркотыкі).
Стартавы кошт гэтага «Шэўрале» склаў 158.175 рублёў (49.500 даляраў паводле актуальнага курсу). Пры гэтым удзельніку аўкцыёну неабходна ўнесці задатак не менш за 10% ад першапачатковай цаны лота. Адбудуцца таргі 12 студзеня.
Пра гэты выпадак стала вядома некалькі месяцаў таму: літовец спрабаваў увезці ў Беларусь 70 кг гашышу.
Ён паехаў па «чырвоным» калідоры, каб падаць дэкларацыю на ўвоз свайго аўто. Паводзіны выклікалі падазрэнні ў мытнікаў, і яго адправілі на дадатковы надгляд. У выніку ў легкавіку знайшлі поласць з 134 брыкетамі з гашышам. Літоўцу далі 15 гадоў зняволення.
Каментары