Музыка88

Лідар гурта «Дзецюкі»: Толькі не спрабуйце разважаць, што ў 2020-м можна было б адсядзецца і цяпер спакойна жыць у Беларусі

Лідар гурта «Дзецюкі» Алесь Дзянісаў у гутарцы з «Нашай Нівай» расказаў пра сваё жыццё, калегаў з Nizkiz і Пачобута.

Алесь Дзянісаў, гурт Dzieciuki. Фота: facebook.com/dzanisau

«Хлопцы, не трэба цяпер туды вяртацца!»

Алесь Дзянісаў даведаўся пра затрыманне затрыманні музыкаў з Nizkiz ад калегаў.

Першаснай яго рэакцыяй было: «шкада хлопцаў».

Пазней, калі паглядзеў рэпартаж дзяржТБ, яго абурыла праца прапагандыстаў, якія ў засценках запісалі тое, што загадана было сказаць зняволеным хлопцам.

Алесь ведаў, што музыкі з Nizkiz жылі ў Беларусі ды зрэдку выязджалі на канцэрты за мяжу. На яго погляд, яны разлічвалі не трапіць пад пераслед, пазбягаючы даваць інтэрв'ю, гаварыць са сцэны штосьці крамольнае. Але іх, выглядае, не пакідалі без увагі.

Гурт Nizkiz, трое музыкаў якога трапіць у няволю. Фота: nizkiz_music_band / Instagram

«Можа, мае словы каму дапамогуць: хлопцы, не трэба туды цяпер вяртацца, асабліва тым, хто засвечаны», — засцерагае Алесь.

«Перад намі гістарычныя прыклады, — дадае ён. — Дзе Браніслаў Тарашкевіч, які не проста вярнуўся? Яго бальшавікі абмянялі, як каштоўнага дзеяча, а потым праз шэсць гадоў расстралялі. А колькі такіх людзей было, якія паверылі так званай бальшавіцкай адлізе (НЭП, беларусізацыя 1924-29 гадоў). І ўсе яны дзесьці ў невядомых месцах закапаныя з куляю ў патыліцы».

Алесь заўважае, што цяпер «ворагаў народа» не расстрэльваюць, але сістэма мала ў чым змянілася. Краінаю кіруюць тыя, хто бачаць сваю будучыню ў савецка-бальшавіцкім мінулым.

«Гэтая сістэма будзе рэпрэсаваць невядома яшчэ да якога часу. Можа, яна пачне змяняцца, калі будзе перамолата палова сваіх жа, ды пачнецца штосьці падобнае да хрушчоўскай адлігі», — мяркуе ён.

«На музыцы не зарабляем»

Алесь Дзянісаў эміграваў з Беларусі ў 2021 годзе. Тады на чужыне апынуўся і яшчэ адзін музыка гурта. Разам яны паўдзельнічалі ў некалькіх канцэртах.

Калі стала зразумела, што далей будуць толькі рэпрэсіі, пакінулі радзіму і астатнія ўдзельнікі калектыву.

Гурт Dzieciuki. Фота: instagram.com/dzieciuki

Алесь кажа, што Dzieciuki ніколі не былі камерцыйным гуртам. Калі на канцэртах трохі зараблялі, то ўсе грошы ішлі на апаратуру і ўладкаванне памяшкання для рэпетыцый, якое музыкі называлі сваім дамком.

«Усё гэта засталося ў Беларусі. Мы вывезлі толькі свае інструменты ды пару мікрафонаў. У гэтым плане нам цяжкавата цяпер», — адзначае ён.

Паводле яго, на чужыне можна было ладзіць канцэрты часцей, але часу бракуе, бо музыкі працуюць у сферах, не звязаных з музыкай. Сам Алесь зарабляе на жыццё відэамантажом у адной з варшаўскіх фірмаў.

«Мы і ў Беларусі музыкай не зараблялі на жыццё. Наагул не шмат беларускіх музыкаў жылі за кошт адной толькі музыкі», — згадвае беларускія рэаліі суразмоўца.

«Няма задачы трапіць у ратацыі»

У Варшаве Dzieciuki рэпетуюць на адным з варшаўскіх анархічных сквотаў. Гурт выступаў у Польшчы на даволі вялікіх фестывалях, але Алесю больш утульна граць у клубах, пабах.

Паводле яго, у Польшчы такіх музыкаў, як яго каманда, шмат. У іх няма задачы трапіць у ратацыі. Яны граюць панк ці блюз проста для сваёй публікі і гэтым задаволеныя.

«На жаль, мы пакуль зусім новага тут не зрабілі. Выйшаў міні-альбом «Зямля, агонь, вада». Ён складаецца з трох песень, але яны толькі тут дапрацоўваліся, а асноўны іх шкілет быў зроблены ў Беларусі», — гаворыць Алесь.

«Не хачу брацца нахрапам за новыя песні. — дадае ён. — Іх яшчэ трэба дапрацоўваць у галаве».

Алесь Дзянісаў на адным з канцэртаў гурта Dzieciuki. Фота: facebook.com/dzanisau

Велізарная колькасць людзей, якіх музыка хацеў бы бачыць на сваіх канцэртах, цяпер або ў засценках, або ў эміграцыі.

На яго погляд, інтарэс да беларускіх гуртоў нават у беларускай публікі будзе з часам падаць.

Першыя гады эміграцыі спрыялі аб’яднанню, бо ўсім цяжка, усе хацелі адно аднаго падтрымаць. Але ўсё трымаецца не толькі на настальгіі і салідарнасці.

«Мы жывём у Польшчы і мусім быць цікавымі не толькі беларусам, каб не ператварыцца ў беларускае гета. Трэба супрацоўнічаць, сябраваць з польскімі гуртамі. Быць цікавымі і для польскіх гледачоў», — адзначае Алесь.

«Родны брат нічога не ведае пра Пачобута»

Алесь Дзянісаў добра знае палітвязня Андрэя Пачобута, асуджанага на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Пры канцы 1990-х была выдадзеная касета з творамі гродзенскіх гуртоў: «КальЯн» і Deviation. Адным з заснавальнікаў першага быў Дзянісаў, а ў другім на бас-гітары граў Пачобут.

«Я ведаю Андрэя сто гадоў. Мы перасякаліся і на канцэртах, і на акцыях, і на судах…» — кажа Алесь.

Андрэй Пачобут сышоў з гурта, калі пачаў актыўна займацца журналістыкай, а троху пазней стаў актывістам Саюза палякаў Беларусі.

«Думаю, што журналістыка давала яму больш рычагоў для барацьбы з рэжымам», — адзначае Алесь.

Пачобут лічыць сябе спадкаемцам сваіх дзядоў, якія змагаліся супраць Расійскай імперыі, бальшавікоў і ідзе іх шляхам, дадае музыка. 

Андрэй Пачобут на судзе. Фота: БелТА

Алесь адзначае, што ад Андрэя рэдка даходзяць лісты. Нават брат Пачобута — Стас — не ведае, што адбываецца з ім у няволі.

«Прыкіньце, родны брат нічога не ведае, — абураецца Алесь. — Яны настолькі заканапачваюць такіх людзей, як Андрэй. Ад Дашкевіча, Івашына, Мажэйкі рэдка прыходзяць лісты. Пра Статкевіча і Дзядка даўно нічога не чуваць. З Бабарыкам невядома што адбываецца. І гэта публічныя людзі! А што адбываецца з тымі, чыіх прозвішчаў мы не знаем?»

«Да 2020-га старую апазіцыю батожылі, каму было не лянота»

Алесь Дзянісаў не падзяляе праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі на старую і новую апазіцыю, бо ў гэтым не бачыць толку. Ён рады, што на пратэсты 2020 года прыйшло шмат новых людзей.

Алесь нагадвае, як да 2020-га старую апазіцыю батожылі, каму было не лянота.

Вінавацілі апазіцыю нават людзі пратэсных поглядаў, што яна сядзіць на грантах і нічога не робяць. Упікалі, што зацікаўленая ў існаванні рэжыму.

«Агульная трагедыя зраўняла ўсіх беларусаў, але пры гэтым канфлікты не сціхаюць.

Можна столькі адно аднаму прад’явіць, столькі пазнаходзіць парушынак у вачах суседа, але пры гэтым не зважаць на свае калоды», — заўважае ён.

Цяпер, на яго погляд, беларусам трэба прызвычайвацца да жыцця ў тых краінах, дзе яны апынуліся.

Алесь лічыць, што пастаяннае корпанне ў мінулым прыводзіць толькі да дэпрэсіі. Але, вядома, трэба не забываць Беларусь, рабіць добрае для свайго народа і культуры.

Алесь Дзянісаў. Фота: facebook.com/dzanisau

«І толькі не спрабуйце разважаць, што можна было б адсядзецца і цяпер спакойна жыць у Беларусі! 2020 год мог здарыцца і годам раней, і годам пазней. Любая ўлада, калі не кантралюецца грамадствам, пачынае эвалюцыю ў бок таталітарызму!» — падкрэслівае музыка.

Беларушчыну можна развіваць і на чужыне, як калісьці ірландцы папулярызавалі сваю культуру.

«Каб беларуская культура станавілася здабыткам не толькі беларусаў, але і іншых. Беларусы сталі цікавымі пасля падзеяў 2020 года, — падсумоўвае Алесь. — У нашай еўрапейскай цывілізацыі беларусы стрэлілі. Украінцы тое ж зрабілі, але яшчэ болей сваім гераічным змаганнем з імперыяй».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Героямі года беларускай музыкі сталі Dzieciuki СЛУХАЙЦЕ І ГЛЯДЗІЦЕ

На лідара гурту Dzieciuki завялі справу «за экстрэмізм» за перапост УКантакце з анархісцкага рэсурсу 

«Манцірую сцэны для Rammstein, працую грузчыкам». Аляксандр Памідораў расказаў, як яму жывецца ў эміграцыі

«26 тысяч беларусаў вучацца ў польскіх школах. Ці будуць яны адчуваць у сабе беларускую ідэнтычнасць?»

Каментары8

  • Бобр
    13.01.2024
    Все сказано по делу: не время разбираться кто более беларус, пока есть общий противник. Каждая песня, каждый вершик или аповесць есть вклад в беларушчыну. Но самое главное 2020 показал есть такая нация : БЕЛАРУСЫ
  • Anatol Starkou
    13.01.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Т3т
    13.01.2024
    Так,
    > Не на базе нейкага фашызму створаная сістэма, а савеччыны.
    Што тое, што гэта - сарты імперскіх вывіхаў мозгу і насамрэч не так моцна і адрозьніваецца гэты нямэскацэнтрычны нацыянал-сацыялізм ад расейскацэнтрычнага сацыялізму. Што адное, што другое зьнічтажала іншыя народы па нацыянальнаму прызнаку і засявала ўсё вакол канцлягерамі ды трупамі.

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →