Цяпер і Пуцін загаварыў пра прыбіральні і назваў іх прычынай вяртання эмігрантаў у Расію
Пуцін заявіў, што многія расейцы вяртаюцца з эміграцыі з-за агульных прыбіральняў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Між тым, менавіта такую прыбіральню знайшлі ў школе ў Якуціі. Праектную дакументацыю школы без раздзельных прыбіральняў зацвердзіла адміністрацыя Тацінскага ўлуса, пішуць «Важные истории».
Многім расіянам, якія зʼехалі на Захад, цяжка гадаваць там дзяцей, заявіў Уладзімір Пуцін. Адной з прычын ён назваў адсутнасць паасобных прыбіральняў для хлопчыкаў і дзяўчынак.
«Цяжка гадаваць дзяцей у тых умовах, якія ў некаторых краінах Захаду сёння ствараюцца. Выбачыце, агульныя туалеты для хлопчыкаў і дзяўчынак, яшчэ нешта такое. <…> Тыя, хто калісьці зʼехаў па розных меркаваннях, многія вяртаюцца ці думаюць вярнуцца. Вельмі цяжка жыць у такіх умовах для людзей з традыцыйнымі, нармальнымі чалавечымі каштоўнасцямі», — сказаў Пуцін на форуме «Малая радзіма — сіла Расіі».
Напярэдадні якуцкі тэлеграм-канал «Тарбознае радыё» паведаміў, што паасобных прыбіральняў няма ў школе ў якуцкім сяле Ытык-Кюель, гэта выявіла пракуратура Тацінскага ўлуса. 6 верасня мінулага года яна абавязала мясцовую адміністрацыю прыбраць парушэнне, але гэтага зроблена не было.
У нядзелю губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў гаварыў пра «гендэрна нейтральныя прыбіральні», якія нібыта бачылі ў школах на акупаваных тэрыторыях Украіны расійскія вайскоўцы. «[Вайскоўцам] не трэба тлумачыць, якія каштоўнасці мы адстойваем», — сказаў з гэтай нагоды Бяглоў.
Каментары
угу. менавіта.. нябось драўляная з дзіркай у палу ціпа сарцір