Грамадства44

«Прасілі нават адключыць яго ад ШВЛ». Хлопец з Гродна выкараскаўся з амаль безнадзейнай сітуацыі, а цяпер адкрыў гатэль для сабак

Дваццаць гадоў таму жыццё гродзенскага падлетка Аляксандра вісела на валаску. Тады ён атрымаў сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму. Лекары шанцаў амаль не давалі, а некаторыя раілі нават адключыць дзіця ад ШВЛ. Але ў выніку Саша і яго мама прарабілі велізарны шлях: ад поўнага адчаю да поўнага выздараўлення, піша гродзенскі блог s13.

Збіў адміністратар камп'ютарнага клуба

З мамай Аляксандра журналісты дамовіліся сустрэцца ў горадзе і разам паехаць у гатэль для жывёл, які знаходзіцца за рысай Гродна. Пакуль ехалі, Таццяна расказала гісторыю, якая здарылася з яе сынам амаль 20 гадоў таму.

«Гэта быў 2004 год. Тады яшчэ камп'ютараў амаль не было ні ў каго, і клубы з імі карысталіся попытам у хлопцаў… Сашка мой таксама не быў выключэннем і пасля школы адразу бег туды. Але аднойчы мне патэлефанавалі і сказалі, што сыну робяць экстранную аперацыю… Яго збіў адміністратар камп'ютарнага клуба».

Падрабязнасці, што менавіта тады адбывалася ў сценах таго клуба, нікому невядомыя. Адміністратар схапіў 14-гадовага падлетка і пачаў біць яго галавой аб металічны казырок. Як пазней на судзе прызнаецца мама работніка клуба, сын «псіхічна хворы», а сам абвінавачаны суха скажа: «Нешта найшло…»

14-гадовы Саша паўтара месяца правёў у коме. Лекары амаль не давалі шанцаў, а ягонай маме некаторыя нават раілі адключыць сына ад ШВЛ.

«У Сашы быў цалкам прабіты чэрап і моцна сціснуты мозг. Нават калі ён ужо прыйшоў да прытомнасці, не мог ні хадзіць, ні гаварыць… Аднойчы вядомы прафесар прапанаваў мне неапрацаваную методыку аднаўлення. І я на свой страх і рызыку пагадзілася. Хіба быў у мяне выбар?» — кажа Таццяна, не хаваючы сваіх слёз.

Шчанюк прымусіў Сашу ўстаць з ложка

Амаль год Таццяна з сынам правяла ў сценах бальніцы. Шматлікія аперацыі, даследаванні, аналізы. А яшчэ — велізарная матчына вера, што ў яе сына абавязкова ўсё атрымаецца.

«Саша быў выдатнікам! Разумнае, рознабакова развітае дзіця. Ён і футболам займаўся, і тэнісам, і шахматамі. Велізарная колькасць грамат і ўзнагарод. А тут такое. Я не магла змірыцца з гэтым і заўсёды працягвала змагацца».

Калі Сашу ўжо выпісалі дадому, хлапчук быў амаль паралізаваны. Не мог ні сядзець, ні хадзіць. Тады Таццяна вырашыла падарыць сыну шчанюка — здзейсніць ягоную даўнюю мару пра ўласнага гадаванца.

«Ён як увайшоў у дзверы кватэры, пабег адразу да яго ў пакой! Скокнуў на ложак — і як пачаў яго лізаць! Саша паціху пачаў спаўзаць з гэтай пасцелі да яго, а потым і зусім пачаў хадзіць…»

Неўзабаве пра сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму нагадвалі толькі шнары. Аднак вынікі камісіі МРЭК не парадавалі ні Сашу, ні яго маму. У заключэнні было пазначана, што хлопцу забароненая любая фізічная і разумовая праца.

«Сказалі, што, як варыянт можна ляпіць канверты на пошце. Ну як так? Малады хлопец. Так, ёсць праблемы некаторыя, але рухацца ж трэба, мець зносіны, працаваць», — разважае яго мама.

Да гэтага часу пад'ехалі да дома, які знаходзіцца ў вёсцы Новікі Гродзенскага раёна (за 7 кіламетраў ад абласнога цэнтра). Злева і справа вёску акружылі гурбы, а завіруха накрывала хаткі белай заслонай — ад такога выгляду ў цуды верылася яшчэ больш ахвотна. А тут яшчэ такая гісторыя…

«І вось тады мы з мужам вырашылі адкрыць гатэль для сабак, дзе сын будзе гаспадаром і работнікам! — кажа Таццяна. — Хадземце, зараз самі ўсё ўбачыце!»

Талісман гасцініцы — бяздомны дварняк Мэй

Ля ўваходу ў гатэль журналістаў сустракае Аляксандр. Хлопец праводзіць іх усярэдзіну. Насустрач выбягаюць радасныя Мэй і Ванэса — два сабакі, якія тут знаходзяцца на правах гаспадынь.

«Гэта мая Ванэса, яна з намі ўжо даўно. А вось Мэй была бяздомным сабакам раней. Яе нейкі п'яны мужчына прынёс на Скідзельскі рынак і выкінуў, — расказвае Саша. — Валанцёры падабралі і паспрабавалі прыстроіць. Але Мэй ўвесь час не шанцавала. Яе два разы вярталі. І тады мы вырашылі, што гэты сабака абавязкова стане талісманам нашага гатэля».

Сам гатэль — гэта вялікі дом, пабудаваны рукамі мужа Таццяны. Пасярод знаходзяцца вялікія ўтульныя вальеры. Тут жа — шафа з цацкамі і асабістымі рэчамі кожнага пастаяльца. У гатэлі ёсць кухня, дзе можна прыгатаваць гарачы абед ці вячэру для сабак, а таксама халадзільнік і паліцы для захоўвання ежы.

Памяшканне хоць і ацяпляецца, але на ўсялякі выпадак тут усталявалі печку, каб хвастатыя госці не змерзлі ні пры якіх умовах.

З гатэля ёсць выхад на вялікую абгароджаную тэрыторыю. Улетку тут касматым пастаяльцам можна будзе схавацца ад спёкі ў цені дрэў, а зімой, як цяпер, задаволена пакачацца ў сумётах.

«Мы тут плануем усталяваць атракцыёны і спартыўныя снарады, каб можна было актыўна праводзіць час з сабакамі на прагулцы», — дзеліцца Саша сваімі планамі. Іх у хлопца шмат: у памяшканні прадугледжана і грумерская, і пакой для катоў.

«Перад тым, як прыняць сабаку для жыцця тут, мы яе аглядаем. Наяўнасць ветпашпарта і прышчэпак — абавязковыя ўмовы, — расказвае гаспадар гатэля. — Таксама мы запаўняем такі вось ліст кліента, дзе прапісваем усе пажаданні гаспадара: рэжым прагулак, кармлення і іншае».

Гродзенскі гатэль для сабак «АксісДог» адкрыўся ў канцы мінулага года. Тут пакуль у тэставым рэжыме пабывалі некалькі сабак. З'язджалі задаволеныя ўсе: і касматыя пастаяльцы, і іх гаспадары.

Але больш за ўсё радаваўся Аляксандр. Бо цяпер у яго ёсць свая любімая справа побач з тымі, хто аднойчы паставіў яго на ногі.

Каментары4

  • Вясна
    20.01.2024
    Умничка и мама и сынок!!!
  • Ноўнэйм
    20.01.2024
    Дык а што з тым вар'ятам-адміністратарам у выніку было?
  • Тэкля
    20.01.2024
    Мацярынская любоў творыць цуды! Дай вам Бог здароўя і здзяйснення ўсіх задумак!

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё3

Ля берагоў Іспаніі затанула расійскае судна, якое забяспечвала групоўку ў Сірыі2

Мінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →