«Калісьці я ім захапляўся… зараз адчуваю толькі пагарду» — рэдактар Bild пра юбілей Шродэра
У нядзелю экс-канцлеру ФРГ Герхарду Шродэру споўнілася 80 гадоў. Адным з першых яго павіншавала пасольства РФ. Намеснік галоўнага рэдактара Bild Паўль Ронцхаймер напісаў пра гэта калонку.
«У ноч, калі Герхарду Шродэру споўнілася 80 гадоў, я прачнуўся ад гуку дронаў над нашым домам у Харкаве, адкуль мы вядзем рэпартаж аб вайне. Яны трапілі ў жылы дом непадалёк.
Мірныя жыхары кожны дзень гінуць тут ад пуцінскіх ракет, бомб і беспілотнікаў. Шродэра, падобна, гэта не хвалюе.
Ён працягвае лічыць сябе сябрам Пуціна і ніколі не ставіў пад сумнеў гэтае сяброўства, нягледзячы на ваенныя злачынствы. <…> Я, вядома, вельмі эмацыйны, бо вяду рэпартажы з Украіны з 2014 года. Але я ніяк не магу зразумець усіх тых, хто абяляе Шродэра, хто сёння віншуе «дарагога Герда» і ўспамінае яго дасягненні. Хоць так, яны сапраўды характэрныя (акрамя сяброўства з серыйным забойцам).
Усё роўна, якія яго мінулыя палітычныя заслугі: «Газавы Герд» працягвае працаваць на таго, хто кідае бомбы ў маіх сяброў, чые напады забілі маіх калег-журналістаў, у тым ліку аператара Fox News П'ера Закшэўскага, хто паслаў салдат, каб забіваць, гвалтаваць і катаваць. Як можна да гэтага часу апраўдваць сяброўства з такім, як расійскі дыктатар, і казаць «ды гэта проста Герд»?
Не хачу мець нічога агульнага з тымі, хто ў канцы месяца будзе піць шампанскае з крамлёўскім лабістам Герхардам Шродэрам. Калісьці ў маладосці я ім захапляўся. Шродэр быў палітыкам, які прайшоў шлях з самых нізоў на самы верх і мужна правёў рэформы. Цяпер адчуваю толькі пагарду да сябра ваеннага злачынцы. І дзіўлюся таму мяккаму тону, які раптам зноў паўстаў у адносінах да яго ў Нямеччыне. <…>
Жадаю яму аднойчы перажыць у Харкаве, як яго сябар Пуцін забівае без усялякіх абмежаванняў», — напісаў Паўль Ронцхаймер.
Герхард Шродэр быў канцлерам Германіі ў 1998 — 2005 гадах, у 2017—2022 гадах быў старшынёй савета дырэктараў кампаніі «Раснафта».
Каментары