На гомельскім заводзе бясплатна гарбаціцца на суботніку заклікалі Ленін і Сталін
Самі «ражаныя» не працавалі, але паўтарылі «працоўны подзвіг» Лукашэнкі з бервяном.
Гомельскі завод ліцця і нармаляў (ЗЛіН) пахваліўся ў сваім тэлеграм-канале, што ў час рэспубліканскага суботніка працаўнікоў прадпрыемства да бясплатнай працы і «правільнага шляху» заклікалі людзі, пераапранутыя ў вобразы Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна. Пра гэта распавядае выданне «Зеркало».
На відэа бачна, як мужчына, пераапрануты ва Уладзіміра Леніна, у кампаніі дзвюх жанчын раз'язджае па горадзе і тэрыторыі завода на савецкай палутарцы. На дрэўку побач з імі развіваецца сцяг СССР. Перыядычна да кампаніі далучаецца яшчэ адзін мужчына, пераапрануты ў Іосіфа Сталіна.
«Добры дзень, таварышы! Віншую з рэспубліканскім суботнікам! Мы будзем ісці верным шляхам, таварышы, навядзем парадак на сваіх працоўных месцах, на замацаваных тэрыторыях! Працы, таварышы, ура!» — эмацыйна заклікаў рабочых «Ленін».
Мяркуючы па роліку, частка супрацоўнікаў завода радасна вітала «аніматараў», многія фатаграфаваліся з псеўда-Леніным і здымалі яго на тэлефон.
Як працавалі самі псеўда-правадыры завод не паказаў. Але «Ленін», як і ягоны жывы прататып сто гадоў таму, пранёс з іншымі працаўнікамі бервяно.
У 2017 годзе ленінскі працоўны подзвіг, які за савецкім часам аброс анекдотамі, паўтарыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі палітык пранёс вялікае бервяно ў час суботніка на будоўлі Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Адкуль на будоўлі сучаснага будынка з бетону, металу і шкла ўзялася бервяно, патлумачыць проста — яго загадзя падрыхтавалі менавіта для гэтай мэты.
У сакавіку 2023 года на заводзе ЗЛіН праходзіў рэйд сілавікоў. Амапаўцы прыехалі на тэрыторыю завода на «бусіках» і брутальна затрымалі 14 працаўнікоў.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельскі завод ліцця і нармалей» уваходзіць у склад холдынгу «Гомсельмаш». Прадпрыемства займаецца вытворчасцю сельгасмашын, машынабудаўнічага крапяжу, ліцейні аснасткі, нестандартнага абсталявання.
Каментары