Лукашэнка ў выступе паўтараў ідэі Марата Маркава. Асоба новага міністра інфармацыі ўжо вызначана?
Пасля прызначэння Уладзіміра Пярцова ў Адміністрацыю Лукашэнкі такая важная для рэжыму пазіцыя міністра інфармацыі застаецца вакантнай. Падумаўшы, кандыдатур на яе не так шмат, але пасля выступленняў Лукашэнкі абрысы новага кіраўніка прапаганды праглядаюцца ўсё больш яўна.
У сваім выступленні на злёце прапагандыстаў «Роля журналіста ва ўмовах трансфармацыі грамадства» галоўны госць — Аляксандр Лукашэнка — даваў характарыстыкі цяперашняму стану прапаганды і выказваў ідэі аб яе будучыні.
У частцы ацэнак Лукашэнка, якому заўжды тэзісы выступу рыхтуюць загадзя, аказаўся сугучным з тымі думкамі, якія транслюе ананімны тэлеграм-канал «Графач», звязаны з шэфам АНТ Маратам Маркавым.
Маркаў паслядоўна звяртае ўвагу на шкоду бяздумнай, шалёнай прапаганды, якая настолькі не вяжацца з рэальнасцю навокал, што мае, хутчэй, адваротны эфект.
Ён адкрыта, хоць і пяшчотна, крытыкуе такія шкодныя элементы ў эфіры, як групоўку русафілаў, падобных дзермантам і пятроўскім, роўна як спробы рачылоўскіх, якія ніколі ў жыцці не працавалі, быць экспертамі ў тонкіх пытаннях, а таксама бяздумную моўную плынь азаронкаў, якая выліваецца ў канкрэтныя праблемы для лукашэнкаўскіх дыпламатаў.
Вось і Лукашэнка асцярожна, не пераходзячы на персоны, наехаў на тых крыкуноў, якія «апускаюцца ніжэй за плінтус», выходзяць на экран і «лаюць усіх і ўся, лічачы, што ўжо ва ўсім разабраліся».
Пільны назіральнік заўважыў бы ў гэтым намёк на фігуру новага міністра інфармацыі, вакантную з красавіка.
Сапраўды, выбар у Лукашэнкі не вельмі шырокі. А лаўка людзей, якія трошку разумеюць у менеджменце медыя, аказалася штучна скарочанай прынамсі на адну фігуру: ну як ты прызначыш Івана Эйсманта міністрам, калі ягоная жонка — твой прэс-сакратар? Такое адкрытае кумаўство Лукашэнкам не практыкавалася, дый пасада кіраўніка БТ і так прыроўненая да міністэрскай, толькі што падпарадкоўваецца ён наўпрост кіраўніку краіны.
Галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі» Дзмітрый Жук — так сабе фігура ў частцы і спецыялізацыі, і эфектыўнасці, і маштабу мыслення, і аўтарытэту ўнутры сістэмы.
Калі можна смела казаць, што прапаганду ў візуальным фармаце дакладна спажываюць, як мінімум уключаючы навіны, то паверыць у тое, што беларусы адкрываюць «СБ», каб пачытаць меркаванне «залатога пяра» Беларусі Мукавозчыка, нерэальна — наклады газеты няўмольна падаюць.
Шэф СТБ Аляксандр Асенка выглядае навічком, якому пакуль рана давяраць буйныя дзяржаўныя пасады. Ён 25 гадоў адпрацаваў на рэгіянальным наваполацкім тэлебачанні і толькі прыглядаецца да сталічных рэалій і правілаў гульні.
Іншыя кадры з СТБ таксама маларэальныя: Кірыл Казакоў — збіты лётчык, які скампраметаваў сябе. Яўген Пуставы — шараговы выканаўца бруднай работы.
З улікам імпэту, энергічнасці і вернасці лукашэнкаўскім ідэалам можна было б уявіць міністрам кіраўніка дзяржаўнага Саюза журналістаў Андрэя Крывашэева, але ў частцы намеклатурнай вагі і кіраўнічага вопыту яны з Маркавым у розных катэгорыях.
Маркаў, прафесійны вайсковец і былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, і цяпер па ўплыве роўны міністрам, у той час як Крывашэеў — фігура драбнейшая, малазаўважная.
Выбар выглядае відавочным, але застаецца толькі зразумець адказ на пытанне, ці патрэбна гэта самому Маркаву: кіраўнікі самага папулярнага з беларускіх каналаў АНТ гістарычна былі самымі багатымі сярод іншых медыяначальнікаў.
Нашмат прыемней служыць Лукашэнку, седзячы на рэкламных плынях свайго канала, чым рабіць тое ж самае ў крэсле міністра інфармацыі, у якога грошай менш, а адказнасці ў разы больш.
***
Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, праслужыў у беларускім войску 13 гадоў, дзе даслужыўся да намесніка камандзіра ўзводу. Па сканчэнні юрыдычнага факультэта БДУ некалькі гадоў працаваў аўдытарам. Пазней уладкаваўся ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Адтуль перайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта, дзе дайшоў да пасады 1-га намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. У снежні 2011 года быў прызначаны намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў інфармацыйнай галіне. У сакавіку 2017 года прызначаны старшынёй праўлення АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»). Знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.
Каментары