Мінчук зламаў зуб костачкай чарнасліву на рэйсе «Белавія». І засудзіў за гэта туркампанію
Мінулым летам мужчына зламаў зуб, вяртаючыся самалётам з адпачынку з Турцыі. Год судзіўся з туркампаніяй і ў выніку даказаў, што атрымаў няякасную паслугу, піша Reform.news са спасылкай на Вярхоўны суд Беларусі.
У 2023 годзе грамадзянін К. заключыў са сталічным тураператарам ТАА «АнексТур Бай» «дамову аказання турыстычных паслуг па браніраванні авіятура ў Турцыю па маршруце Мінск — Анталья — Мінск».
«Вяртаюцыся назад, назад падчас вячэры, прапанаванай прадстаўнікамі работнікамі «Белавія», пашкодзіў зуб костачкай чарнасліву, якая знаходзіцца ў ежы», — выкладае перадгісторыю суд.
Па вяртанні дадому, мужчына звярнуўся ў туркампанію і прапанаваў аплаціць яму рэстаўрацыю зламанага зуба, у чым яму было адмоўлена. Тады ён адрамантаваў зуб, заплаціўшы 171 рубель 76 капеек і падаў на прадаўцоў турпуцёвак у суд, запытаўшы яшчэ 1500 рублёў за маральную шкоду.
Суд разгледзеў абставіны справы і вырашыў, што туркампанія адказвае за ўвесь комплекс паслуг, які аказваецца на працягу турыстычнай паездкі, у тым ліку і тых, якія тычацца перавозкі і харчавання кліента: «дагаворныя адносіны паўсталі ў пазоўшчыка і ТАА «АнекстурБай», у рамках якіх апошні адказвае за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў прыцягнутымі ім арганізацыямі, у тым ліку ажыццяўляюць перавозку турыстаў і якія прадстаўляюць турыстам харчаванне, у сувязі з чым падлягае задавальненню патрабаванне істца аб спагнанні сумы страт у памеры 171,76 рубля», — пастанавіў суддзя Першамайскага раёна Мінска.
У выніку суд абавязаў выплаціць пазоўніку 500 рублёў за маральныя пакуты, а таксама дзяржпошліну і кампенсацыю судовых выдаткаў.
Турыстычная кампанія не стала аспрэчваць вердыкт.
Каментары