Яе знайшлі праз дзень у жываце змяі.
50-гадовая маці чацвярых дзяцей па імені Фарыда знікла ў лесе, непадалёк ад свайго дома ў вёсцы Калемпанг у Інданезіі. Яна ішла на рынак, куды адправілася прадаваць гародніну са свайго агарода, піша Бі-бі-сі.
Муж Фарыды занепакоіўся, калі яна не вярнулася да ночы і падняў суседзяў, якія разам з ім узяліся за пошукі.
На наступны дзень яны знайшлі ў зарасніках гіганцкага шасціметровага пітона з вялікім уздуццем на жываце. Жыхары вёскі, западозрыўшы найгоршае, парэзалі тоўстую скуру рэптыліі і знайшлі жанчыну ў страўніку змяі.
Па словах старэйшыны вёскі Калемпанг, злавіць пітона і дастаць ахвяру з яго страўніка, дапамагалі жыхары некалькіх суседніх паселішчаў.
Гэта не першы выпадак нападу пітонаў на людзей у Інданезіі. У 2022 годзе 50-гадовая зборшчыца каўчуку была забітая і праглынутая цалкам пітонам ў правінцыі Джамбі на востраве Суматра.
Аднак падобныя выпадкі даволі рэдкія. З 2017 года ў Інданезіі такім чынам загінулі чатыры чалавекі, уключаючы жанчыну, якая была забітая пітонам на гэтым тыдні.
Пітоны заглынаюць ежу цалкам. Іх сківіцы злучаныя вельмі гнуткімі звязкамі, таму яны могуць абхапляць буйную здабычу.
Маладыя пітоны ядуць пацукоў і іншых дробных жывёл, а здабычай дарослых пітонаў могуць быць свінні і нават каровы.
Сеткаваты пітон — самая доўгая змяя ў свеце, яе памер звычайна перавышае 6,25 метра.
Сеткаватыя пітоны жывуць у Паўднёва-Усходняй Азіі. Яны выдатна плаваюць і часам заплываюць нават у адкрытае мора. Палююць яны звычайна ўвечары і ноччу, а дні праводзяць на дрэвах або ў пячорах.
Каментары