Стала вядома, хто той «нармальны беларус», які набыў былы «Макдональдс» у Беларусі
У сеткі рэстаранаў хуткага харчавання Mak.by — новы ўладальнік. Ім стала кампанія «Кволіці Фуд», якая належыць бізнэсоўцу з малочнай галіны. Пра змену ўласніка сведчаць звесткі адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, заўважыла «Люстэрка».
У Беларусі працу сеткі Mak.by курыруе «КСБ Віктары Рэстараны», якая была франшызай McDonald's. З канца мінулага тыдня ўласнікам «КСБ Віктары Рэстараны» стала «Кволіці Фуд».
Гэтая кампанія была зарэгістраваная год таму, сферай яе дзейнасці значыцца дзейнасць рэстаранаў. 90% акцый «Кволіці Фуд» належаць бізнэсмену Аляксею Саўчуку, а 10% — дырэктарцы Mak.by Вікторыі Данько.
Раней «КСБ Віктары Рэстараны» належалі «КСБ Віктары Рэстарантс ПТЕ. ЛТД» з юрысдыкцыяй у Сінгапуры, кампаніяй праз свае юрыдычныя асобы валодалі бізнэсмен з Казахстана Кайрат Баранбаев і Вікторыя Данько.
Да актываў Аляксея Саўчука адносяць «Малочныя горкі», Exponenta, «Белсыр», Маладзечанскі мясакамбінат «Акдымол» і Кіраўскі харчовы камбінат. Бізнэсмен таксама інвестуе ў малакаперапрацоўчую галіну Расіі.
Ён уклаўся ў Трубчэўскі і Актанышскі малочныя камбінаты ў Бранскай вобласці і Татарстане адпаведна, набыў у Белгародскай вобласці вытворчую пляцоўку і стварыў кампанію «Ровеньскі сырароб». Год таму Аляксей Саўчук стаў суінвестарам у яшчэ адну вытворчую пляцоўку ў Расіі — у Кукморскі малочны камбінат.
Таксама Аляксей Саўчук у 2017 годзе быў абраны кіраўніком спартыўнай федэрацыі панкратыёна і баявых мастацтваў.
У студзені гэтага года Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з'явіўся прыватнік, які гатовы купіць рэстараны экс-Mcdonald's. «Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэтую сетку», — заявіў ён.
Каментары
Ну і назва рэстарану, дзе 16-гадовым дзяўчатам даюць па 10 год турмы за 1 грам наркотыкаў. https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/344616/