Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн 13 чэрвеня падпісаў дакумент аб працягу санкцыяў, уведзеных супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння яшчэ Джорджам Бушам-малодшым у 2006 годзе.
16 чэрвеня 2006 года, пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, гвалтоўнага разгону мірных пратэстаў і зняволення аднаго з кандыдатаў на прэзідэнцтва, Злучаныя Штаты ўвялі персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, ягонага сына Віктара і яшчэ васьмёх беларускіх чыноўнікаў, нагадвае Белсат.
Яшчэ да таго, у кастрычніку 2004-га, Злучаныя Штаты прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які забараніў розныя тыпы негуманітарнай фінансавай дапамогі Беларусі з боку ЗША, стратэгічны экспарт і дзяржаўныя інвестыцыі ў Беларусь, закрыў доступ у Штаты шэрагу лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.
Прэзідэнт ЗША Джордж Буш-малодшы ў акце выстаўляў рэжыму Лукашэнкі шэраг патрабаванняў: расследаваць знікненне апазіцыйных палітыкаў, вызваліць палітычных вязняў і зняць палітычна матываваныя абвінавачанні. У выпадку невыканання супраць афіцыйнага Менску мусілі быць уведзеныя санкцыі, што і зрабілі ў 2006-м.
З таго часу ЗША не скасоўвалі санкцыяў адносна Беларусі, толькі змякчалі ці прыпынялі, у 2021 годзе аднавілі праз падзеі падчас выбараў-2020 і захоп самалёта «Ryanair». Санкцыі трэба працягваць штогод, што цяпер і зрабіў Джо Байдэн.
«Дзеянні і палітыка некаторых чальцоў ураду Беларусі ды іншых асобаў, а таксама шкодная дзейнасць і даўнія злоўжыванні рэжыму Беларусі працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і вонкавай палітыцы Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў дакуменце, падпісаным Байдэнам.
Незадоўга да гэтага, 8 чэрвеня, ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. А ў дзень падпісання працягу санкцыяў з візітам у ЗША знаходзілася абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Каментары
гэтыя дзве падзеі ніяк не звязаны. У той дзень шмат хто знаходзіўся з візітам у ЗША. Пакіньце ўжо свае вільготныя мары, НН.