Саміт міру прадэманстраваў міжнародную салідарнасць з Украінай, але не зрабіў зразумелым далейшы ход мірнага ўрэгулявання вайны. Рэакцыю заходніх СМІ на саміт сабрала «Агентство».
У Швейцарыі ў нядзелю завяршыўся двухдзённы саміт міру, на якім абмяркоўваліся ўмовы спынення вайны ва Украіне. З 92 краін, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі, 80 падпісалі выніковае камюніке, якое ўключае тры ўмовы дасягнення міру. Саміт прадэманстраваў высокую ступень салідарнасці вакол Украіны, аднак выніковы дакумент не падтрымалі некаторыя ключавыя краіны глабальнага Поўдня, а далейшы ход мірнага ўрэгулявання не стаў зразумелым пасля канферэнцыі, пішуць заходнія СМІ.
Удзельнікі, якія падпісалі камюніке, узгаднілі пазіцыю па трох з дзесяці пунктаў формулы міру, прапанаванай прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Інданезіі ў лістападзе 2022 года. Яны датычацца:
ядзернай бяспекі — падпісанты запатрабавалі вяртання Запарожскай АЭС пад кантроль Украіны, заявілі аб недапушчальнасці прымянення ядзернай зброі і пагроз яго выкарыстання;
вызвалення ўсіх палонных і дэпартаваных — падпісанты запатрабавалі поўнага абмену ваеннапалоннымі і вяртання ўсіх вывезеных у Расею грамадзянскіх людзей і дэпартаваных дзяцей;
харчовай бяспекі — падпісанты заявілі аб недапушчальнасці нападаў на гандлёвыя судны, грамадзянскія парты і партовую інфраструктуру.
Таксама ў дакуменце гаворыцца, што «павага тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту <…> будуць служыць асновай для дасягнення ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Украіне»» Зяленскі назваў гэта адным з галоўных поспехаў саміту.
Саміт меў дзве ключавых мэты — прадэманстраваць міжнародную салідарнасць з Украінай і даць стартавы сігнал для рэальнага мірнага працэсу, які ўключае перамовы з Расеяй, піша Der Spiegel. Паводле ацэнкі выдання, падтрымка пунктаў формулы міру Зяленскага большасцю з амаль паловы дзяржаў, якія ўваходзяць у ААН, і якія сабраліся на саміце, зʼяўляецца відавочнай дэманстрацыяй салідарнасці.
З запускам мірнага працэсу справы ідуць складаней, гаворыцца ў публікацыі Der Spiegel, паколькі камюніке нават не намякае на наступную сустрэчу па ўрэгуляванні канфлікту ўжо з удзелам Расеі. Пры гэтым Зяленскі заявіў, што «шлях да правядзення другога саміту міру» адкрыецца, калі «план дзеянняў па міру будзе гатовы«, на што павінны сысці «месяцы, а не гады».
Меркавалася, што ў камюніке месцам правядзення другога саміту міру будзе названая Саудаўская Аравія, аднак гэтага не адбылося, таму што можа спатрэбіцца яшчэ адна прамежкавая канферэнцыя без удзелу Расеі, патлумачыў канцлер Аўстрыі Карл Нехамер агенцтву Reuters.
У выніковым дакуменце не адлюстравана, як павінен быць арганізаваны адвод войскаў абодвух бакоў, якім будзе пасляваеннае ўрэгуляванне для Украіны і ці зможа краіна ўступіць у NATO пасля вайны, адзначае Reuters.
Камюніке не падпісалі Арменія, Бахрэйн, Калумбія, Катар, Індыя, Інданезія, Лівія, Мексіка, Саудаўская Аравія, Паўднёвая Афрыка, Тайланд і ААЭ. Кітай у сустрэчы не ўдзельнічаў, а Бразілія была прадстаўлена толькі ў якасці назіральніка.
Зяленскаму не ўдалося прыцягнуць на свой бок шэраг ключавых краін глабальнага Поўдня, піша Bloomberg. Паводле ацэнкі агенцтва, краіны за межамі Захаду альбо хочуць захаваць сувязі з Масквой, альбо «глядзяць на вайну па-іншаму». Дыпламатычны напор Кіева слабее на фоне спробаў стрымаць Расею на полі бою.
Паводле ацэнкі аналітыкаў, канферэнцыя, хутчэй за ўсё, акажа нязначны ўплыў на спыненне вайны, паколькі Расея не была запрошаная на саміт, а яе ключавы хаўруснік — Кітай — праігнараваў запрашэнне, піша WP.
За дзень да пачатку саміту Уладзімір Пуцін заявіў пра гатоўнасць пачаць мірныя перамовы, калі Украіна выведзе войскі з тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, а таксама адмовіцца ад уступлення ў NATO. Эксперты ацанілі заяву Пуціна як палітычны ход, мэта якога — не даць Украіне прыцягнуць на свой бок нейтральныя краіны і паўплываць на вынікі саміту.
Каментары