Чаму кіраўніком сваёй Адміністрацыі Лукашэнка паставіў Дзмітрыя Крутога? Ён можа стаць пераемнікам?
Да прызначэння кіраўніком лукашэнкаўскай Адміністрацыі Дзмітрый Круты быў паслом Беларусі ў Расіі. Спыталі ў аналітыкаў, чаму 43-гадовага чыноўніка забралі з Масквы ў Мінск.
Карбалевіч: Галоўная задача Крутога — выбары 2025
На думку палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валера Карбалевіча, Дзмітрыя Крутога паставілі кіраваць Адміністрацыяй прэзідэнта для таго, каб той забяспечыў Лукашэнку «элегантную перамогу» на выбарах 2025 года.
«Гэты чалавек павінен эфектыўна правесці выбарчую кампанію. Лукашэнка ўжо атрымаў цяжкую траўму падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён не хоча паўтарыць тую драму, якую перажыў тады. Менавіта таму Лукашэнка вельмі старанна і вельмі доўга шукаў чалавека на гэтую пасаду».
Так ён спыніўся на Крутым. Аналітык лічыць, што для Лукашэнкі, Круты — гэта чалавек са станоўчым досведам менеджарскіх якасцей.
«Ён працаваў віцэ-прэм'ерам, намеснікам кіраўніка адміністрацыі. Таксама важна, што ён быў амбасадарам у Расіі. Гэта значыць, што ў яго ёсць пэўныя сувязі з крамлёўскімі палітыкамі».
Карбалевіч мяркуе, што маскоўскі бэкграўнд Крутога можа дапамагчы Лукашэнку забяспечыць падтрымку Расіі ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі, нават у момант крызісу.
Пасаду амбасадара ў Расіі аналітык называе пэўным трамплінам для наменклатурнага ўзлёту. Таму ён раіць сачыць за палітычным лёсам Аляксандра Рагожніка, які змяніў Дзмітрыя Крутога.
Ці можна разглядаць Крутога ў якасці пераемніка?
«Пытанне пра пераемніка ўзнікае тады, калі сам уладар збіраецца сыходзіць. Лукашэнка нікуды сыходзіць не збіраецца, таму пытанне пра пераемніка проста не актуальнае», — лічыць Карбалевіч.
Наогул гаварыць ці намякаць пра пераемніка — небяспечна, дадае аналітык. Бо ў такім выпадку чынавенства пачне глядзець ужо на новага чалавека, таго самага пераемніка, а сам уладар трапляе ў сітуацыі кульгавай качкі.
«Лукашэнка гэта добра разумее, таму я думаю, што да самага канца ніякіх пераемнікаў не будзе».
Фрыдман: Круты малады, лаяльны, ім могуць пасля замяніць Галоўчанку
Аналітык Аляксандр Фрыдман таксама не ўспрымае гэта прызначэнне як сігнал, што Лукашэнка абраў сабе пераемніка.
«Такія меркаванні сапраўды можна пачуць, але мне такія гісторыі падаюцца перабольшваннем.
Так, гэта вельмі ўплывовы чыноўнік, малады, лаяльны Лукашэнку, які неаднаразова паказаў сваю адданасць. Ён відавочна задавальняе як Лукашэнку, так і Расію, але гэта не азначае, што ён мусіць быць пераемнікам.
Гэта тыя маладыя кадры, якія Лукашэнка намагаецца прасоўваць. Напэўна, ён яшчэ і ментальна блізкі Лукашэнку, бо яны абодва з усходняй часткі Беларусі. Да таго ж у Крутога ёсць пэўныя прафесійныя якасці, досвед працы на кіраўнічых пасадах.
Але я б тут не перабольшваў з тым, што гэта той чалавек, якога Лукашэнка рыхтуе ў пераемнікі», — выказваецца аналітык.
Гэтае назначэнне не з'яўляецца загадам Крамля, бо пытанні, за якія адказвае кіраўнік Адміністрацыі, гэта ўсё ж такі ўнутраныя справы.
«Ён адказвае за кадравую палітыку, за працу Адміністрацыі, за рашэнні, якія прымаюцца Лукашэнкам. Так, Круты працягне займацца расійскімі пытаннямі, яле я не думаю, што з боку Масквы былі нейкія намёкі.
Думаю, што яны проста паказалі, што яны ім задаволеныя, што ён добра працуе і знаходзіць агульную мову з расіянамі. Ён спрытны, вопытны і досыць крэатыўны чалавек. У расійскіх медыя Круты казаў тое, што расіяне жадалі пачуць. Свае выказванні ён добра ўбудаваў у ідэалогію «рускага свету», сустракаўся з ЛДНРаўцамі».
«Ён не ведае Еўропу і Захад»
Таксама аналітык адзначае, што ў адрозненне ад іншых палітыкаў Дзмітрый Круты арыентаваны выключна на Усход. Ён не ведае Еўропу і Захад. Гэта той чалавек, які глядзіць выключна на Расію. Таму Масква відавочна не супраць таго, каб такі чалавек прасоўваўся па кар'ернай лесвіцы.
Фрыдман разважае: калі Круты будзе добра спраўляцца, яго могуць паставіць і на месца цяперашняга прэм'ера Рамана Галоўчанкі.
Латушка: Крутога добра ведаюць у Крамлі
Палітык Павел Латушка лічыць, што, прызначаючы кіраўніком Адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, Лукашэнка падае меседж Крамлю аб тым, што ён прызначае абсалютна прарускага чалавека.
«Круты адказваў за падпісанне 28 інтэграцыйных праграм, накіраваных на тое, каб больш глыбока інкарпараваць Рэспубліку Беларусь у Расійскую Федэрацыю», — адзначае Латушка.
Палітык называе Крутога тым чалавекам, які забяспечыў фактычную інкарпарацыю ВПК Беларусі ў ВПК Расіі дзеля таго, каб забяспечваць вайсковыя інтарэсы Расіі для працягвання агрэсіі супраць Украіны.
«Круты падтрымліваў расійскую агрэсію. Гэта той чалавек, які падпісваў пагадненні з акупаванымі Расіяй рэгіёнамі Украіны. Ён ініцыяваў адкрыццё беларускага консульства ў Растове-на-Доне з дзейнасцю консульскай акругі, якая распаўсюджваецца на акупаваныя тэрыторыі Украіны».
Латушка называе Крутога чалавекам, якога добра ведаюць у Крамлі.
«Ён мае вельмі шырокія сувязі на самым высокім узроўні. Таму назначаючы такога чалавека на фактычна другую пасаду ў краіне, Лукашэнка дае меседж, што ён працягвае гэтую палітыку», — лічыць Павел Латушка.
Каментары
Лукашенко на одном союзнике 30 лет проправил… а начнешь с эурокалхозам стасунки меть.. шибко скинут..