Ці сапраўды «іх род заканчваецца»?
Лукашэнка лічыць, што «ў авангардзе антыбеларускай, антырускай палітыкі стаяць бяздзетныя палітыкі». Але факты сведчаць аб тым, што не ўсё так адназначна.
Сапраўды, сярод кіраўнікоў вядучых краін Захаду ёсць некалькі тых, у каго няма дзяцей. Гэта, напрыклад, федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Аднак у жонкі Макрона ёсць дзеці ад папярэдняга шлюбу.
Не мае дзяцей і 57-гадовы Марк Рутэ, які з кастрычніка зойме пасаду генеральнага сакратара НАТА. Мужчына застаецца халасцяком. А вось яго папярэднік на пасадзе Енс Сталтэнберг выгадаваў дзвюх дачок.
Столькі ж дачок у прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, старшыні Еўрапейскай рады Шарля Мішэля, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Рышы Сунака і былога прэзідэнта ЗША (2009-2017) Барака Абамы.
Трое сыноў у прэм'ер-міністра Японіі Фіміа Кішыды. Двух сыноў і дачку гадуе прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо.
Сына і дачку мае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Адна дачка ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэм'ер-міністра Італіі Джорджы Мелоні (народжаная не ў шлюбе).
Двойчы быў жанаты прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. З першай жонкай у яго было двое сыноў і дачка. Дачка загінула ў аўтакатастрофе разам з маці ў 1972 годзе. А другі сын памёр ад анкалогіі ва ўзросце 46 гадоў у 2015 годзе. Ад другога шлюбу ў Байдэна адна дачка.
Есць сярод заходніх палітыкаў і шматдзетныя бацькі. Напрыклад кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен — маці сямі дзяцей (двух сыноў і пяці дачок).
Шматдзетным бацькам з'яўляецца і былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, які быў жанаты тройчы. У другім шлюбе ў Джонсана нарадзілася чацвёра дзяцей — дзве дачкі і два сыны. У трэцім шлюбе — два сыны і дачка. Акрамя гэтага, у Джонсана ёсць адна пазашлюбная дачка.
Пяць дзяцей мае Дональд Трамп. Ад першага шлюбу ў яго трое дзяцей (сын і дзве дачкі). Ад другога — дачка. Трэцяя жонка, якая малодшая за яго на 24 гады, нарадзіла палітыку сына.
Як бачым, «ген нянавісці», аб якім гаварыў у сваім выступе Лукашэнка, заходнім палітыкам будзе каму перадаць у спадчыну.
Каментары
Каму няма чым заняцца падхапілі.