Не толькі машыны з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Якія яшчэ аўто нельга будзе прыганяць у Беларусь
У апублікаваным днямі рэгламенце Еўрасаюза сотні мытных кодаў тавараў, якія нельга пастаўляць у Беларусь. Сярод іх з дзясятак тычыцца транспартных сродкаў. Паглядзелі, якія аўто трапляюць пад забарону на экспарт у Беларусь.
Саюз адзін, а патрабаванні розныя
Прынамсі пакуль у Польшчы, Літвы і Латвіі дзейнічаюць розныя патрабаванні па афармленні экспарту машын і іншых транспартных сродкаў у Беларусь.
Польшча яшчэ з 23 красавіка не выпускае ў Беларусь любыя аўто з аб'ёмам, большым за 1,9 літра, незалежна ад цаны, года выпуску і іншых параметраў.
Літва з 4 чэрвеня спачатку поўнасцю спыніла пропуск аўто ў Беларусь узростам да 5 гадоў. Але ўжо бліжэй да сярэдзіны месяца дала зялёнае святло машынам з аб'ёмам да 1,9 літра ва ўзросце да 5 гадоў. Таксама без абмежаванняў ехалі машыны, старэйшыя за 5 гадоў, незалежна ад аб'ёму і тыпу рухавіка.
Па Латвіі інфармацыі вобмаль. Адныя сцвярджаюць, што там такія ж патрабаванні, як і ў Літве. Іншыя кажуць, што праз гэтую краіну дагэтуль выязджаюць падсанкцыйныя ў Расіі аўто.
Што дакладна нельга
Выглядае, што новы пакет санкцый і падрабязны рэгламент ЕС, прыняты 29 чэрвеня, павінен прынесці яснасць. Але гэта не дакладна.
Адзіны рэгламент Еўрасаюза падрабязна апісвае, якія аўтамабілі забароненыя для экспарту ў Беларусь. У ім з'яўляецца такі новы важны параметр, як вышыня дарожнага прасвету (клірэнс).
Пад забарону трапляюць:
— любыя аўто, даражэйшыя за 50 тысяч еўра;
— аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, з клірэнсам, вышэйшым за 165 міліметраў (за выключэннем аўтамабіляў хуткай дапамогі);
— электрамабілі і гібрыды з клірэнсам, вышэйшым за 165 міліметраў.
Якія транспартныя сродкі засталіся «прахаднымі»
Для ўвозу праходзяць па рэгламенце:
— любыя аўтамабілі коштам да 50 тысяч еўра з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра незалежна ад году выпуску і вышыні дарожнага прасвету (клірэнсу);
— аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка ад 1,9 літра і з вышынёй дарожнага прасвету (клірэнсу) да 165 мм;
— матацыклы коштам да 5 тысяч еўра.
Што атрымліваецца ў выніку?
З параметраў рэгламенту вынікае, што ў Беларусь больш немагчыма будзе прыгнаць большасць паркетнікаў, уседарожнікаў і мікрааўтобусаў. Усё праз тое, што ўсе яны маюць больш высокі дарожны прасвет, чым дазваляе рэгламент.
Выключэнне толькі для тых мадыфікацый, дзе ёсць рухавік з аб'ёмам да 1,9 літра, а такіх не так ужо і шмат.
Сярод папулярных мадэляў з Еўропы гэта: VW Tiguan, Nissan Qashqai, Renault Kadjar, Audi Q3. Са Штатаў — Ford Escape, EcoSport, GMC Terrain, Buick Encore.
Усе іншыя ўседарожнікі — такія, як BMW X3, Х5, Audi Q5, Q7, VW Touareg — прывезці ў Беларусь немагчыма. Прынамсі легальным чынам без схематозаў з дастаўкай праз Турцыю.
Забываемся не толькі на джыпы, але і на мікрааўтобусы
Апроч уседарожнікаў, пад забарону на экспарт трапіў амаль увесь камерцыйны транспарт. Сярод грузавых бусаў, нават пад катэгорыю «В», амаль адсутнічаюць варыянты з аб'ёмам матора, меншым за 1,9 літра. Таму праз патрабаванні па клірансе пад санкцыямі апынуліся амаль усе мікрааўтобусы.
З іншага боку, рэгламент дазваляе экспарт у Беларусь легкавікоў з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, клірэнсам да 16,5 см і коштам да 50 тысяч еўра ў незалежнасці ад года выпуску. Але санкцыі забараняюць пастаўкі такіх аўто ў Расію, таму тут ёсць нюанс.
Хоць з рэгламенту вынікае, што сітуацыя не такая ўжо і дрэнная і нават крыху лепшая за расійскую, на практыцы ніякіх пазітыўных змен у дачыненні да машын з вялікім аб'ёмам рухавіка можа не адбыцца.
Фармальна ні Польшча, ні Літва не забаранялі экспарт у Беларусь машын з рухавіком, большым за 1,9 літра. Проста для афармлення такіх машын яны пачалі патрабаваць паказаць даведку ад аўтавытворцы, каб быць упэўненымі, што такое аўто не накіроўваецца ў Расію. Атрымаць такі дакумент фактычна немагчыма.
Таму нельга выключаць, што аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, гібрыды і электрамабілі да 5 гадоў так і не будуць выпускаць у Беларусь, паколькі пакупнікі не змогуць паказаць еўрапейскай мытні даведку ад аўтавытворцаў.
Каментары