У Магілёве збіраюць подпісы супраць знішчэння замчышча пад музей цара
Гарвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекта, які прадугледжвае знос найстарэйшага парку горада і зрыццё гары, на якой стаяў Магілёўскі замак. Раней паставіць там царкву ў гонар цара асабіста дазволіў Лукашэнка.
Петыцыя супраць гэтага праекта з'явілася на партале Petitions.by.
Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі рэканструкцыі парку імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г. Магілёве праводзіцца з 5 па 19 ліпеня 2024 г.
Праект прадугледжвае ўзвядзенне ў парку Горкага музейнага комплексу, прысвечанага падзеям пачатку XX стагоддзя. Сярод асноўных тэм — Першая сусветная вайна, Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі, сям'я Мікалая II, георгіеўскія кавалеры, Лютаўская рэвалюцыя 1917 года.
Але гарадскія ўлады і дзяржаўныя медыя не акцэнтуюць увагі на тым, што для рэалізацыі музейнага комплексу неабходна будзе знесці роўна палову старадаўняга парку і знішчыць увесь археалагічны пласт гары, на якой стагоддзямі існаваў Магілёўскі замак.
Паводле вынесенай на абмеркаванне канцэпцыі большая частка комплексу, 2650 м2 з 2980 м2, мусіць размясціцца ў падвале з эксплуатаваным дахам. Гэта азначае, што на ўсёй гэтай плошчы будзе зрытая Замкавая гара, а зверху немагчыма будзе пасадзіць новыя дрэвы.
Аўтары петыцыі выказваюць здзіўленне, што такі праект увогуле выносіцца на абмеркаванне, хоць груба парушае мноства палажэнняў заканадаўства. У першую чаргу — рэгламенты ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра горада, паводле якіх забараняецца змяненне гістарычнага ландшафту парку, узвядзенне новых будынкаў на месцы страчанай гістарычна значнай забудовы і знішчэнне ці прычыненне шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям на гэтай тэрыторыі.
Акурат на месцы будучага будаўніцтва з XII — XIII стст. размяшчаліся сярэднявечныя ўмацаванні — Магілёўскі замак, які праіснаваў да XIX стагоддзя, а таксама грунтавы могільнік. Пры рэалізацыі праекта яны будуць падчыстую вынішчаны, хоць унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Няма абгрунтавання для новага будаўніцтва на Замкавай гары і ў праекце дэталёвай планіроўкі, дзе ўся тэрыторыя былога замка пазначана як азелянёная зона, якая не прадугледжвае ніякага новага будаўніцтва.
Паводле схемы азелянёных тэрыторый агульнага карыстання Магілёва, якая была распрацаваная спецыялістамі БелНДІПГорадабудаўніцтва, парк імя Горкага называўся жыхарамі ў ліку тых, што прапаноўвалі пакінуць у натуральным стане.
Паводле падлікаў спецыялістаў інстытута ў Ленінскім раёне Магілёве востра бракуе паркаў і сквераў: забяспечанасць складае ўсяго 2,72 м2 на чалавека пры нарматыве для буйных гарадоў 8 м2 на чалавека. І ў гэты час гарадскія ўлады выносяць на абмеркаванне праект, які мусіць знішчыць яшчэ адзін парк.
Парк на гэтым месцы каштоўны і з гістарычнага пункту гледжання. Гэта найстарэйшы публічны парк у горадзе, які быў закладзены па ініцыятыве тагачаснага губернатара Аляксандра Дэмбавецкага, вядомага беларускага краязнаўца.
Грошы на яго вылучылі гарадская дума і жыхары горада: скінуліся, хто колькі змог. У кнізе пад рэдакцыяй Дэмбавецкага «Вопыт апісання Магілёўскай губерні» значыцца:
«На версе гары разбіты восенню 1872 года гарадскі сад, які абяцае ў будучыні жыхарам горада цудоўнае месца для гулянняў дзякуючы цудоўнаму краявіду на Дняпро і яго наваколлі, дзякуючы чыстаму паветру і доўгім алеям. Летам 1881 года ў гэтым садзе створаны фантан… Паміж маладымі, нядаўна пасаджанымі фруктовымі і паркавымі дрэвамі гэтага саду сустракаюцца старыя, даволі вялікія і нават раскошныя».
У 1950 годзе былы сад Дэмбавецкага атрымаў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага, якое носіць дагэтуль, хоць гараджане перыядычна патрабуюць ад уладаў вярнуць яму гістарычную назву. Амаль 150 гадоў ён быў улюбёным і адзіным паркам у цэнтры горада, пакуль не з'явіўся парк Падміколле.
З 2000 года культ сям'і Мікалая II, якая пасля працяглых спрэчак была прылічана Рускай праваслаўнай царквой да ліку пакутнікаў, прасоўваў магілёўскі архіепіскап Максім (Кроха), ураджэнец Башкірыі. Пры ім з'явілася ідэя пабудаваць на Замкавай гары царкву ў гонар святых царскіх пакутнікаў, то-бок у гонар сям'я Мікалая II.
Ідэя выклікала шырокі рэзананс сярод гараджан, супраць выступілі не толькі гараджане і гісторыкі, але і многія чыноўнікі. «Будуйце дзе заўгодна, але толькі не тут».
Царкоўнікі, заручыўшыся падтрымкай мітрапаліта Філарэта і блізкага паплечніка Лукашэнкі Уладзіміра Канаплёва, вырашылі не звяртаць увагі на грамадскае меркаванне і заканадаўства, атрымаўшы прамы дазвол ад Лукашэнкі на будаўніцтва.
Храм у гонар царскай сям'і пачалі ўзводзіць у 2002 годзе, але скончылі толькі ў 2013.
Такім чынам месца пад новы праект выбрана невыпадкова — прарасійскія сілы і царкоўнікі хочуць пад выглядам музея, быццам бы прысвечанага падзеям пачатку XX стагоддзя, стварыць паўнавартасны комплекс, які б праслаўляў расійскую ўладу ў асобе цара, сімвалічна (і фізічна) знішчаючы гісторыю горада часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Характэрна, што заказчыкам праекта выступае Упраўленне капітальным будаўніцтвам г. Магілёва, якое падпарадкоўваецца гарвыканкаму. Сама архітэктурна-планіровачная канцэпцыя была распрацавана аўтарскім калектывам інстытута «Магілёўграмадзянпраекта», у які ўвайшлі галоўны архітэктар праекта Віталь Рагаўцоў, а таксама С. Рыбакова і А. Навічэнка.
Гэта не першы амбіцыйны праект гэтага магілёўскага архітэктара: яму ж належаць праекты трыумфальнай аркі на ўездзе ў горад з боку Мінску; парку Падміколле і лесвіцы, якая вядзе да яго; музейнага комплексу на Буйніцкім полі ў выглядзе велізарнага ордэна Айчыннай вайны (праўда, даведацца пра гэта можна будзе толькі з верталёта).
Аўтары ж петыцыі прапануюць альтэрнатыву праекту, якая дазволіць захаваць парк, рэшткі Магілёўскага замка і адрадзіць страчаныя помнікі архітэктуры — проста аднавіць на суседняй з паркам плошчы Славы дом губернатара, у якім якраз і жыў цар Мікалай II з сям'ёй і дзе размяшчалася і ягоная Стаўка.
Помнік архітэктуры класіцызму, які размяшчаўся на суседняй з паркам плошчы Славы, быў узарваны немцамі ў 1944 годзе пры адступленні з горада. Сёння на яго месцы газон, а ў нарматыўных актах аж з 2005 года закладзена яго аднаўленне разам з суседнім будынкам губернскага праўлення і ратушай. Ратушу аднавілі, але да дома губернатара рукі за 20 гадоў так і не дайшлі.
Як адзначаецца ў петыцыі, захавалася вялікая колькасць фотаздымкаў як экстэр'ераў, так і інтэр’ераў дома, у тым ліку тых пакояў, дзе пражываў і працаваў Мікалай II — гэта робіць будынак ідэальным месцам для музейнай экспазіцыі, прысвечанай царскай сям'і і дзейнасці Стаўкі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ Магілёве знішчаць гістарычную электрастанцыю пад праект забудоўшчыка. Знос ізноў выдаюць за рэканструкцыю
На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя
У Полацку імкліва разбураюцца руіны касцёла. Абвалілася яшчэ частка мура
«Гэта сапраўдная сенсацыя». Пры раскопках на Менцы знайшлі зааморфную фігуру, якой 1000 гадоў
Каментары