Былы спартсмен Павел Шурмей (пазыўны «Дзядзька») выконвае абавязкі камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, вынікае з яго інтэрв’ю online.ua.
У інтэрв’ю Шурмей прадстаўлены як в.а. камандзіра палка і сам сябе так называе, звярнуў увагу «Позірк».
Раней камандзірам каліноўцаў быў Дзяніс Прохараў («Кіт»).
На сваіх медыярэсурсах пра перастаноўкі ў кіраўніцтве полк не паведамляў.
47-гадовы Шурмей — прафесійны вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні.
На момант пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне знаходзіўся ў ЗША, адкуль адразу ж накіраваўся ў Кіеў і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Быў паранены. Узнагароджаны медалём БНР за адвагу.
Жанаты з украінскай вясляркай Аленай Бурак.
У Беларусі супраць Шурмея заведзеная крымінальная справа.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазней быў сфармаваны трэці — «Літвін». Пасля «Тэрор» стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.
25 верасня 2023 года ПКК абвясціў аб стварэнні новага батальёна «Western» з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі «афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы вопыт у Іраку і Афганістане».
У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага заведзена крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Каментары
«Позірк» толькі абложкі відэа глядзіць? Само відэа не глядзелі? А дарма. Варта паглядзець: база.