«У Беларусі маю музыку рэкламавала КДБ, а ў Польшчы — паліцыя». Банцар пракаментаваў сваё затрыманне ў Варшаве
Гродзенскага музыку Ігара Банцара затрымалі ў Варшаве 16 ліпеня. Прычына — мужчына прыйшоў у Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве са зброяй. На наступны дзень — 17 ліпеня — Банцара выпусцілі з аддзялення. Hrodna.life спытаў у музыкі, што адбылося ў міністэрстве і што з ім будзе далей.
Ахова нічога лепш не прыдумала, як выклікаць паліцыю
«Мяне забралі ні за што», — сказаў Hrodna.life музыка Ігар Банцар. «Я прыйшоў у міністэрства па тэхнічных пытаннях — займаюся вырашэннем сямейных праблем і ніхто не можа ў дзяржаўных інстытуцыях дапамагчы. Таму мяне накіравалі ў міністэрства, каб я паразмаўляў з іх прадстаўніком».
На ўваходзе Ігар паведаміў ахове, што мае пры сябе небяспечныя прадметы. «Мяне праверылі, а рэчы не змясціліся ў скрынкі для сканера, таму іх пакінулі ў куце. Пакуль я 15 хвілін размаўляў з прадстаўніком міністэрства, ахова прыдумляла, што з гэтым рабіць і нічога лепш не прыдумала, як выклікаць паліцыю».
Прыйшоў з намерам перашкодзіць працы міністэрства
У выніку музыку затрымалі за тое, што ён нібыта спецыяльна, з намерам, прыйшоў, каб перашкодзіць працы міністэрства. Гэта пагражала яму крымінальным артыкулам. З гэтым абвінавачаннем музыка не згадзіўся і выклікаў адваката.
У выніку, музыку абвінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкула № 66 (выкліканне непатрэбных дзеянняў, ілжывай інфармацыі або іншым спосабам увядзенне ў зман дзяржаўнай установы або органа аховы бяспекі, грамадскага парадку або здароўя).
Музыка разлічвае атрымаць штраф
У сераду 24 ліпеня 2024 года ў раённым аддзяленні паліцыі ў Варшава адбудзецца разгляд адміністрацыйнага правапарушэння. Ігар разлічвае атрымаць штраф за тое, што прыйшоў у міністэрства з небяспечнымі прадметамі.
Паводле слоў Банцара, усе прадметы — тры газы, тэлескапічная палка, пісталет — легальныя ў Польшчы, якія ён набыў у мілітарных крамах.
Паводле слоў Банцара, пасля ночы ў аддзяленні паліцыі ён адчувае сябе цудоўна. «Я заехаў, нармальна пераночыў у цэнтральным аддзяленні Варшавы. Перада мной тут ночыў міністр Раманоўскі, якога пазбавілі імунітэта. Удзячны паліцыі за тое, што мяне разрэкламавалі. У Беларусі гэтым займалася КДБ, а тут паліцыя. У выніку ўсе СМІ беларускія напісалі», — сказаў Банцар.
Ігар Банцар — музыкант гродзенскай стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Адбываў паўтара года «хіміі» за нібыта хуліганства, якім палічылі танец у стрынгах. Прымае антыфашысцкія і антырасісцкія погляды. Цяпер жыве ў Варшаве.
Каментары