Брэсцкая айцішніца вярталася з Польшчы з даведкай ад КДБ аб сплаце кампенсацыі за данаты. Шэсць гадоў калоніі
Наталля Левая звольнілася з кампаніі Playtika у Польшчы і вырашыла вярнуцца на радзіму.
Ілюстратарцы Наталлі Левай 38 гадоў. Родам яна з Брэста, у 2009-м скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і народны промысел». Пайшла працаваць ілюстратарам у IT — спачатку ў кампанію Synesis, а 2012-м у Playtika — буйную кампанію, якая распрацоўвае мабільныя гульні.
Наталля працавала там 2D-мастаком і мастаком-пастаноўшчыкам. Гэта даволі высокая пасада, якая добра аплачваецца. Імаверна, пасля пачатку вайны яна выехала ў Польшчу.
Чалавек, знаёмы з сітуацыяй, напісаў у сацсетках, што дзяўчына звольнілася з працы ў снежні 2023-га і вырашыла ехаць у Беларусь. Калегі адгаворвалі Наталлю, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме ды ўжо сплаціла ў кратным памеры данаты за 2020-ы і мае паперу ад КДБ.
Наталлю затрымалі на мяжы. Звесткі пра ахвяраванні маглі знайсці ў яе банкаўскай праграме, асабістых перапісках, праграме для куплі крыптавалютаў, фота ці памяці тэлефона… карацей, амаль літаральна дзе заўгодна. Магчыма, гэта былі не тыя данаты, якія яна «кампенсавала» КДБ.
Суд над Левай скончыўся 17 ліпеня ў Брэсцкім гарадскім судзе. Яе вінавацілі па трох артыкулах — «фінансаванне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК), «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (361-2 КК у старой рэдакцыі) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК).
Тое, што суд адбыўся менавіта над Наталляй, мы дадаткова пацвердзілі з дапамогай праекта DIT і базаў «Кіберпартызанаў».
Па звестках, якія публікуе «Вясна», спасылаючыся на пракуратуру, Левая перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, якія знаходзіліся ў карыстанні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фарміраванняў, у тым ліку Палка Каліноўскага, не менш за 4400 рублёў».
Прысуд дзяўчыне — 6 гадоў калоніі са штрафам 40 тысяч рублёў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Пашпарту новай Беларусі як не было так і няма.
Краіны Еўразвязу даваць абарону за "простыя данаты" не жадаюць.
Дзякуй палітыкам.