У Расіі з калоній зніклі некалькі статусных палітвязняў. Рыхтуецца вялікі абмен?
Знікненне з калоній адразу некалькіх палітвязняў можа азначаць падрыхтоўку да абмену. Іх могуць памяняць на арыштаваных Украінай калабарантаў, гавораць праваабаронцы.
Ужо шэсць вядомых зняволеных па палітычных справах вывезены з месцаў зняволення ў невядомым кірунку. Сёння стала вядома аб знікненні з калоніі 19-гадовага Кевіна Ліка (на фота 1), абвінавачанага ў дзяржздрадзе. Таксама сёння з калоніі ў невядомым напрамку з'ехаў палітык Ілля Яшын (фота 2).
Напярэдадні стала вядома пра знікненне праваабаронцы Алега Арлова (фота 3), экс-кіраўніц штабоў Навальнага ва Уфе і Томску Ліліі Чанышавай і Ксеніі Фадзеевай (фота 4 і 5), а таксама мастачкі Сашы Скачыленкі (фота 6). Яе бацькам сказалі, што дзяўчыну вязуць у Маскву. Апытаныя тэлеграм-каналам «Можем объяснить» праваабаронцы дапускаюць магчымасць абмену.
«Відавочна, што рыхтуецца маштабны абмен. Пытанне ў тым, каго ў яго ўключаць», — сказаў «МО» кіраўнік праваабарончага праекта «Першы аддзел» Іван Паўлаў.
Паводле яго слоў, у абменны фонд, хутчэй за ўсё, трапяць амерыканскі журналіст Эван Гершковіч і грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, прыгавораны да пакарання смерцю ў Беларусі.
«Я спадзяюся, што ў гуманітарных мэтах будуць падмешваць і нашых палітвязняў», — дадае Паўлаў. Ён не выключае, што гэта нейкі адцягваючы манеўр, а мяняць будуць толькі замежнікаў.
«Калі шчыра, я не разумею, што адбываецца. Спадзяюся на абмен на ўкраінскіх калабарантаў. Але гэта было б цудам», — сказала кіраўніца фонду «Русь сядзячая» Вольга Раманава.
Не ўсе могуць пагадзіцца на абмен. Ілля Яшын у адным са сваіх лістоў заяўляў, што не гатовы да такой працэдуры: «Абмен для мяне непрымальны, паколькі мае на ўвазе эміграцыю».
Апошні масавы палітычны абмен адбыўся пры прэзідэнце Мядзведзеве. 10 арыштаваных у ЗША шпіёнаў (у іх ліку Ганну Чапман) памянялі на расіянаў, якія сядзелі за шпіянаж, уключаючы Сяргея Скрыпаля, якога пазней паспрабавалі забіць у Лондане «Пятроў» і «Башыраў».
Каментары