Што прынясе сёмы дзень спаборніцтваў? Ці заваюе Беларусь першы медаль?
Беларусы выступяць у скачках на батуце, у плаванні і ў кваліфікацыі стральбы.
А 13-й па мінскім часе пачнецца кваліфікацыя скачкоў на батуце ў жанчын. Фінал а 14:50.
Беларусь прадстаўляе Віялета Бардзідоўская. Дзяўчына дэбютуе на Алімпійскіх гульнях і не мае топ-вынікаў. Але раптам? Дарэчы, першае золата ў беларусаў у гэтым відзе прынёс у 2016-м на Алімпіядзе ў Рыа Улад Ганчароў.
Алімпійскі чэмпіён Токіа Іван Літвіновіч пачне кваліфікацыю ў 19:00. Нашаму суайчынніку як мінімум па сілах змагацца за медаль — у гэтым сезоне ён мае трэці вынік у свеце. Фінал у гэтай дысцыпліне пачнецца ў 20:50.
Sport Illustrated прагназуе Івану акурат срэбра.
У 21:39 пройдзе фінал у плаванні 200 м на спіне. Гэта каронная дыстанцыя нашай Анастасіі Шкурдай. Што праўда, дзяўчына прабілася ўчора ў фінал толькі з восьмым вынікам.
Таксама раніцай пачне кваліфікацыю ў стральбе з 25 метраў Аляксандра Пятрова.
Каментары