Меркаванні22

«Патрыятычнага патэнцыялу» ў разуменні рэжымных ідэолагаў не пабачыў». Гісторык Алесь Пашкевіч — пра новы курс для старшакласнікаў

Сёлета ў школах для вучняў 10 класаў увялі новы інтэграваны курс — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай». У яго першую частку ўвайшлі найбольш старажытныя перыяды беларускай гісторыі — першабытнае грамадства, рассяленне славян і часы старажытнарускіх княстваў да стварэння ВКЛ. Пра змест курса «Будзьма» паразмаўляла з гісторыкам Алесем Пашкевічам.

«Наконт Старажытнай Русі ідэалагічныя рознагалоссі паміж украінцамі і расіянамі, беларусы застаюцца ўбаку»

Першая частка падручніка заканчваецца XIII стагоддзем. Гэта акурат тыя часы, адносна ацэнкі якіх нават і цяпер у беларускіх гісторыкаў розных ідэалагічных арыентацый існуе адносны кансэнсус, а рознагалоссі калі ёсць, то яны тычацца вузкіх спецыфічных пытанняў, адзначае Алесь Пашкевіч.

«Перыяд старажытных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў часткай агульнай гісторыі той тэрыторыі Усходняй Еўропы, якая ў гістарыяграфіі называецца Старажытнай Руссю. Адносна яе здаўна існуюць вялікія ідэалагічныя рознагалоссі паміж украінцамі і расіянамі», — кажа гісторык.

Спрэчкі звязаныя з тым, што палітычным і духоўным цэнтрам той Старажытнай Русі лічыцца Кіеў, адпаведна ўзнікае і пытанне пераемнасці ягонай спадчыны.

«Напрыклад, у расійскіх падручніках ды іншай літаратуры апошняга часу, асабліва на фоне развязанай Крамлём вайны ва Украіне, гэтае ідэалагічнае змаганне адлюстроўваецца і набывае часам проста звыродлівыя формы, — кажа Алесь Пашкевіч. — Беларусы, аднак, пакуль што могуць сабе дазволіць заставацца ад гэтай барацьбы крыху ўбаку, паколькі самі на прысваенне кіеўскай спадчыны мы аб’ектыўна не прэтэндуем, а акцэнтацыя ўвагі на гісторыі Полацкага і іншых мясцовых княстваў Маскву не раздражняе».

Гэта тлумачыцца тым, па словах Алеся Пашкевіча, што ўзмацненне адных княстваў і заняпад іншых ды суперніцтва паміж імі ў той час яшчэ не мела геапалітычна-цывілізацыйнага вымярэння, не азначала змагання за арыентацыю на захад ці ўсход.

«Барацьба паміж рознымі ўладарамі вялася ў той час не за выхад з «рускага свету» ці ўваход у яго, а за палітычныя ўплывы ў ягоных рамках. Элементы ж ужо «цывілізацыйнай» барацьбы з’явіліся тут толькі пасля стварэння Вялікага Княства Літоўскага, узмацнення і пачатку экспансіі Масквы, уніі ВКЛ з Польшчай і хрышчэння часткі ягоных жыхароў паводле рымскага абраду. А гэта ўжо пазнейшы перыяд», — адзначае ён.

«Не аспрэчваюць, што полацкія князі часам траплялі ў залежнасць ад кіеўскіх»

Па гэтай прычыне стваральнікам першай часткі новага падручніка даволі проста ў параўнанні з тымі аўтарамі, якім даручана па-новаму выкласці для вучняў гісторыю іншых перыядаў. Яны, у адрозненне ад апошніх, не асабліва звязаныя патрабаваннямі бягучай ідэалогіі, а таму могуць фактычна перапісваць без істотных зменаў змест ранейшых падручнікаў, толькі адаптуючы іх да патрэбаў інтэграванага курса.

«Як і раней, яны пішуць пра «фармаванне буйнога дзяржаўнага аб’яднання ва Усходняй Еўропе — Старажытнай Русі» (назва «Кіеўская Русь» не выкарыстоўваецца ні ў якім кантэксце), называюць яе «дзяржавай усходніх славян» і не аспрэчваюць, што полацкія князі часам траплялі ў залежнасць ад кіеўскіх. Але ў той жа час падкрэсліваюць, што «ўжо ў другой палове Х стагоддзя ў летапісах паведамлялася пра незалежнае становішча Полацкага княства», — кажа ён.

Алесь Пашкевіч удакладняе, што назва «Кіеўская Русь» і раней не выкарыстоўвалася, але была згадка, што ўвогуле ёсць такі тэрмін. Цяпер яго няма.

«Не зразумела, ці ёсць у гэтым палітычны падтэкст. Магчыма, проста скарацілі», — кажа ён.

«У змесце падручніка нічога прыцягнутага за вушы дзеля павышэння «патрыятычнага патэнцыялу» ў разуменні рэжымных ідэолагаў не пабачыў»

На думку Пашкевіча, паколькі гісторыя Беларусі не асобны прадмет, а сумешчаная з сусветнай, то натуральна, што агульны аб’ём матэрыялу мусіў скарачацца, адпаведна нейкія сюжэты, што раней разглядаліся больш шырока, цяпер ці апісваюцца больш лаканічна, ці ўвогуле апушчаныя.

«Добра гэта ці дрэнна — можна ацэньваць па-рознаму. Калі ж арыентавацца на тое, каб вучні перадусім мелі ўяўленне пра працэс, то ўвядзенне інтэграванага курса, вывучэнне сваёй гісторыі ў кантэксце сусветнай — не самая горшая ідэя.

Калі казаць чыста пра ягоны змест, то я ў ім нічога вельмі абуральнага і яўна прыцягнутага за вушы дзеля павышэння «патрыятычнага патэнцыялу» ў разуменні рэжымных ідэолагаў не пабачыў», — прыходзіць да высновы Алесь Пашкевіч.

Гісторык звярнуў увагу, што пакуль аўтары падручніка ўстрымаліся ад уключэння ў адукацыйны працэс папярэдніх вынікаў санкцыянаваных дзяржавай археалагічных раскопак на месцы, дзе, як мяркуецца, быў першапачаткова пабудаваны старажытны Менск.

«У падручніку адназначна сцвярджаецца, што горад быў пабудаваны «пасля падпарадкавання аднаго з дрыгавіцкіх плямён на рацэ Свіслач», хоць раскапаныя ў апошнія гады артэфакты, здаецца, сведчаць, што першапачатковае месцазнаходжанне яго было ўсё ж на Менцы, па-за межамі нават сучаснага горада. Магчыма, аўтары чакаюць завяршэння раскопак і афіцыйнага афармлення іх вынікаў. У той жа час іншыя яшчэ да канца не завершаныя раскопкі, вынікі якіх патэнцыйна могуць змяніць наша ўяўленне пра старажытную гісторыю, у тэксце падручніка згадваюцца», — падсумоўвае Алесь Пашкевіч.

Каментары2

  • не-эксперт
    02.09.2024
    Гэта паважаны эксперт рускі падручнік прачытаў. Пачакаем, што напішуць для беларусаў.
  • Гісторыя
    02.09.2024
    Лічыце мяне навукай?! А я адгалінаваньне прапаганды, нішто іншае

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →