Грамадства33

Беларус з'ездзіў у Германію з нямецкім «шэнгенам», але амбасада яму не паверыла і адмовіла ў наступнай візе

Адзін з чытачоў выдання «Анлайнер», мінчук Міхаіл, як і многія беларусы, збіраўся атрымаць шэнгенскую візу, каб паехаць у адпачынак. Мужчына падышоў да гэтага даволі адказна: яшчэ мінулай вясной запісаўся ў нямецкую амбасаду і да лістапада 2023-га атрымаў візу на тры месяцы. З'ездзіў па ёй у Германію і амаль адразу ж стаў у чаргу па новую. У канцы ліпеня падаў дакументы і праз 10 дзён атрымаў пашпарт з адмовай. Пазначаная ў выдадзеным лістку прычына ў выпадку Міхаіла гучыць абсурдна: «Вы не былі ў Германіі па папярэдняй шэнгенскай візе».

Фота Міхаіла, зробленыя ў паездцы

«Разлічваў як мінімум на гадавую, а тут такое. Да таго ж добра яшчэ, калі б амбасаду не задаволіла колькасць сродкаў на рахунку ці нешта падобнае, але атрымаць адмову менавіта па такой прычыне — крыўдна ўдвая. Папярэднюю візу я рабіў спецыяльна дзеля паездкі на футбольны матч «Барусія» — «Баварыя».

Акрамя Дортмунда, удалося наведаць яшчэ і Кёльн. У агульным ліку прабыў у Германіі каля чатырох дзён, і гэта пацвярджаецца пасадачнымі талонамі, квіткамі на гульню, фатаграфіямі. Праўда, на месцы расплачваўся ў асноўным наяўнымі, а жыллё браніраваў мой спадарожнік на сваё імя. Можа, гэта паўплывала… Але як? У мяне ні выпіскі, ні броні ніхто нават не пытаўся!» — разважае мінчук.

«Вы не былі ў Германіі па нямецкай шэнгенскай візе, як было пазначана пры падачы заявы. Ёсць сумневы, што наступная шэнгенская віза, выпушчаная ў Германіі, будзе выкарыстаная правільна», — сказана ў тлумачэнні да адмовы

Міхаіл вырашыў проста так не пакідаць гэтую сітуацыю і падаў апеляцыю. Прыклаў да заявы ўсе наяўныя доказы свайго знаходжання ў Германіі і стаў чакаць адказу.

Роўна праз месяц беларусу патэлефанавалі з амбасады, паведамілі, што праз тыдзень чакаюць для ўклейвання ў пашпарт візы, усё ж ухваленай з другога разу.

2 верасня Міхаіл выйшаў з будынка дыпмісіі з «шэнгенам».

«Далі зноў на тры месяцы, — расчаравана расказвае мужчына. — Так, па цяперашніх часах гэта не так ужо і дрэнна, але, па-першае, у мяне згарэлі броні білетаў і жылля пад паездку, якую планаваў першапачаткова, па-другое, дзеля апеляцыі трэба было спешна прадумваць новае падарожжа.

Магчыма, доўгатэрміновая віза акупіла б усе ўкладанні і нервы, але цяпер ужо не ведаю, ці варта было яно таго наогул. Ну, хоць бы пераканаўся ў тым, што апеляцыя сапраўды працуе, так што калі хтосьці сутыкнецца з такой жа сітуацыяй, не саромейцеся спрачацца з амбасадай».

Фота Міхаіла, зробленыя ў паездцы

«Хутчэй за ўсё гэта была адпіска»

Па каментар з нагоды кейса Міхаіла «Анлайнер» звярнуўся ў візавае агенцтва Lime Travel. Усё ж такі сітуацыя здаецца нестандартнай і крыху дзіўнай. Па якой прычыне консул можа вырашыць, што вы схлусілі ў анкеце, хоць усе доказы адваротнага ёсць на руках? І наколькі часта сустракаюцца нелагічныя адмовы, калі ў чалавека ўсе дакументы ў парадку і сабраныя па памятцы?

«Усе пастановы аб адмовах у візе, фактычна, грунтуюцца на суб'ектыўных высновах аднаго канкрэтнага чалавека, гэта значыць консула. Пра тое, што прымусіла яго такое рашэнне прыняць, ведаць у падрабязнасцях, на жаль, ніхто іншы не можа. У выпадку Міхаіла, хутчэй за ўсё, мела месца стандартная адпіска — проста не пашанцавала.

Нейкай канкрэтнай статыстыкі па нелагічных адмовах няма. Але так, яны перыядычна здараюцца. Напрыклад, нядаўна на грэчаскі «шэнген» падаваўся бацька разам з трохмесячным сынам. Дзіцяці візу паставілі, тату — адмова.

Ці быў кейс з дзядулем, які кожнае лета на працягу многіх гадоў ездзіў у Францыю да блізкіх сваякоў па запрашэнні. Сёлета новы консул візу не выдаў. На жаль, часцяком гэты працэс — рулетка».

Каментары3

  • Мёртвая галава
    04.09.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Ноўнэйм
    04.09.2024
    Такія высілкі, час і грошы - і ўсё дзеля 4-х дзён падарожжа на футбольны матч? І гэта на фоне сённяшніх навін (пра смерць 3-х дачок і жонкі хлопца са Львова)? Гэты свет (і гэты беларус) хворыя!
  • Беларус
    05.09.2024
    Ноўнэйм , Не дзеля чатырох дзён падарожжа на футбольны матч, а дзеля таго, каб атрымаць шматразовую шэнгенскую візу. Так мусяць рабіць цяпер (ды і раней таксама, проста цяпер гэта куды складаней і даражэй) многія беларусы.

    Калі падаеш дакументы першы раз, то вялікая верагоднасць, што табе паставяць візу кароткатэрміновую, літаральна на час тваёй запланаванай паездкі, і ні днём больш. Ну, ці на тры месяцы якія. А наступныя разы ўжо лягчэй дабіцца шматразовай.

    І вось калі хтосьці толькі пачынае гэты шлях, то яму хоцькі-няхоцькі даводзіцца змірыцца з тым, што першы раз магчымае атрыманне кароткатэрміновай візы, але праз гэта трэба прайсці. А каб мець большыя шанцы другі раз, трэба па гэтай кароткатэрміновай візе некуды ў Нямеччыну з'ездзіць. І, натуральна, туды, куды табе самому цікава. Вось гэты хлопец і выбраў з'ездзіць на чатыры дні на футбол. Што ў гэтым кепскага?

    А адносна "сённяшніх навін" - то гэта маніпуляцыя. Ва Украіне ідзе вайна, у Беларусі лютуюць рэпрэсіі, але гэта зусім не падстава для таго, каб закапваць сябе ў зямлю і не жыць.

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Усе навіны →
Усе навіны

У Белавежскай пушчы дзеля рэдкай птушкі выкасяць больш за тысячу гектараў балота

Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія святкуюць Каляды 25 снежня11

«Дзе ***** подпісы???» Прапагандыст Тур заблытаўся ў выбарчых рэаліях7

У свеце стала менш атэістаў. Але ў Еўропе рэлігія адступае 21

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне25

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб11

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Галоўнае
Усе навіны →