Валерый Руселік вядомы публіцы як аўтар ютуб-канала daroha. Блогер падзяліўся з БАЖам расповедам пра сваё 15-дзённае падарожжа ў Гімалаі на поўначы Індыі, якое ледзь не закончылася трагедыяй.
«Прайсціся там, дзе людзі не ходзяць»
— Якім ветрам вас закінула ажно на Гімалаі?
— Папросту я езджу ў краіны, дзе яшчэ не быў. Я аддзяляю турызм ад падарожжаў.
Розніцу я сфармуляваў так: у турыстычную паездку я вазьму сваю сям’ю, а ў падарожжа ніколі не вазьму — там можа чакаць небяспека.
Такія месцы мяне заўсёды прываблівалі. Прываблівалі, не ў апошнюю чаргу тым, што там мала турыстаў. Умоўна кажучы, у маім уяўленні турызм — гэта наштампаваныя ў Кітаі сувеніры, нейкі адмысловы камфорт для турыстаў, а для мясцовай культуры месца ці не застаецца зусім, ці застаецца вобмаль і носіць сервільны характар.
У падарожжах з гэтым намнога прасцей — там больш сапраўднага і шчырага. Таму я іх і люблю больш. А па жыцці выбіраю нечаканыя кірункі. Да прыкладу, я плаваў у Аральскім моры, седзячы папросту на вадзе, бо яна вельмі салёная. Нават у чыста турыстычных месцах я выбіраю нетыповыя мясціны: на ўскрайку Барселоны я наведваў мараканскае гета, куды нават удзень не рызыкуе заязджаць паліцыя. А ў Арменіі я наведваў Караундж — месца, дзе 8 тысяч гадоў таму людзі збудавалі нябесную абсерваторыю (для параўнання — Стоўнхэндж у Вялікабрытаніі, які налічвае паўтары тысячы гадоў).
Мяне вабяць такія мясціны найперш. І, дзякуй Богу, часам з’яўляецца магчымасць падарожнічаць. І Гімалаі занялі адно з месцаў у маёй чарзе да цудоўнай планеты.
Але калі ўжо гаварыць зусім прыземлена, то на гэтае падарожжа мяне натхнілі відэа беларускага блогера Лёні Пашкоўскага, які ездзіў у той жа рэгіён — у Занскар. Але ягоныя відэа больш лайтовыя, іх хутчэй аднясеш да турызму. А ў мяне была ідэя прайсціся мясцінамі, дзе асабліва людзі не ходзяць, а калі і з’яўляюцца, то толькі падрыхтаваныя.
Задышка, галюцынацыі і горныя рэкі
— Вы сказалі, падчас падарожжа на Гімалаі вы некалькі разоў ледзь не загінулі. Што здарылася?
— На перавале Стонгдэ Ла вельмі разрэджанае паветра, якое без акліматызацыі пераносіцца надзвычай цяжка. Перад паходам на перавал я праходзіў акліматызацыю на вышыні 3,5 тысячы метраў (спатрэбілася некалькі дзён), аднак надалей кожны дзень у мяне быў распісаны: я разлічваў прайсці па канкрэтным маршруце.
Часу на дадатковую акліматызацыю не заставалася: толькі дзень я правёў перад пад’ёмам у горы — гэтага было яўна малавата. Таму я і задыхаўся, і галюцынацыі перажываў — гэта вельмі небяспечна на такіх вышынях.
Табе ніхто не дапаможа, калі ў цябе здараюцца праблемы з сэрцам ці нешта перамкнула ў галаве. Уявіце сабе: ты ледзь не губляеш прытомнасць на горнай сцежцы, па адзін бок якой — гара, скала, а з другога — бездань, крый Божа, ногі падагнуліся — і ты паляцеў.
Але ж нават такія сцежкі ёсць не паўсюль — гэта бязлюдная тэрыторыя, таму сцежкі — досыць умоўны панятак. Іх часам даводзілася прыдумваць сабе: бачыш, што на камяні трохі інакш лягло сонца — значыць, гэта сцежка. Найбольш рэальнай прыкметай прысутнасці сцежкі з’яўляліся фекаліі жывёл: ты ідзеш там, дзе ідуць жывёлы.
І ўсё ж асноўны арыенцір — рэкі ў цяснінах. Часам даводзілася па абсалютным бездарожжы, дзе нават фантазія не дапамагала ўявіць сцежку, даводзілася караскацца па схілах, якія пачыналі абсыпацца. Ты ляціш уніз і ліхаманкава, нейкім цудам, спрабуеш ухапіцца за камяні. А яны едуць з табой. І калі раптам адзін з камянёў не коціцца разам з табой, то табе пашанцавала. Было і такое.
Але самае складанае і страшнае — пераходзіць рэкі. Мая памылка палягала ў тым, што я пайшоў выбраным маршрутам на два месяцы раней, чым варта ісці. А ісці трэба ў верасні, калі ўзровень вады ледавіковых рэк нашмат ніжэйшы, іх намнога прасцей пераадолець.
Калі ж я ішоў, то вада была высокая. Маленькія рэчкі можна было перайсці, хаця і вада была ледзяная, і ногі збіваў у кроў. Але калі дайшоў да месца, дзе вада дасягала ў пояс і вышэй, рака двойчы зрывала. Гэта небяспечна тым (мы бачылі такое неаднаразова ў кіно), што адразу пад паверхняй вады велізарныя камяні, аб якія можна і стукнуцца, і захраснуць недзе ці загінуць адразу. А калі, не давядзі Божа, зламаеш нагу, то выбрацца можна толькі цудам, бо нават са здаровымі нагамі ты нямнога можаш у такіх умовах. Я ішоў прыкладна 400—500 метраў у гадзіну, а са зламанай нагой я нават не ўяўляю, што там рабіць.
«Важна часам у жыцці бывае своечасова сказаць «не»»
— Галоўная небяспека крыецца ў тым, што перашкоды робяцца больш складанымі і небяспечнымі паступова: напружыўся — пераадолеў, трохі больш напружыўся — пераадолеў. Ідзеш і разумееш: так, цяжка, але хто казаў, што будзе лёгка? І ідзеш далей. У які момант трэба спыніцца, ты не разумееш, бо да гэтага пункта ты прайшоў усё. Калі карты не хлусілі, то мне заставаліся літаральна два — з два з паловай кіламетры да больш бяспечнага ўчастка, за якім знаходзілася першая вёска, самая аддаленая ад цывілізацыі. Але я сказаў сабе: усё, далей я не іду.
Там я зрабіў адну з самых важных высноваў: як важна часам у жыцці бывае своечасова сказаць «не», змяніць маршрут, сродкі, падрыхтоўку.
Гэта было тады, калі, па грудзі стоячы ў вадзе, я спрабаваў перайсці раку. Не заўсёды яе можна перайсці ўброд, бо вельмі магутная плынь. У такім выпадку даводзілася ісці ўздоўж берага. А заместа берага часам была толькі стромкая скала: ты чапляешся за яе, каб цябе вада не змыла, і ідзеш. Быў момант, калі вада мяне знесла, і я проста цудам ухапіўся за камяні. Канешне, можна рызыкнуць і праплыць трохі далей, дзе нібыта бачыцца невялікі пляжык. Але што далей, за гэтым пляжыкам?.. А назад па такой плыні ты не здолееш ісці. Твая стаўка — як гімалайская рулетка, твая стаўка — гэта тваё жыццё: калі рызыкнеш, то, можа быць, ты пройдзеш запланаваны маршрут. А калі не…
Людзі там асабліва не ходзяць, бачыў сляды снежных барсаў, бачыў косткі з’ездзеных жывёлаў, — дапамогі чакаць няма адкуль. Быў момант, калі рака мяне сарвала, і я не здолеў прайсці назад. Прыйшлося начаваць прама на беразе ракі, на камянях, на невялікім выступе за парогам.
А назаўтра я паспрабаваў вярнуцца назад: лезьці ўгору немагчыма — там стромкая скала, ніяк не прапаўзеш, давялося ісці супраць плыні, якая перад гэтым знесла цябе, як пярынку. Дапамогі чакаць не выпадае: я праводзіў 14—16 гадзін на нагах, чатыры дні нічога не еў, піў толькі талую ваду. Колькі часу могу вытрымаць мой арганізм? Я вырашыў не рызыкаваць і вярнуўся назад. Бадай, гэта і быў самы складаны момант у маім падарожжы.
У выніку маё падарожжа аказалася авантурай. У апісанні маршрута, які я знайшоў у інтэрнэце, нюансаў і дэталяў не было. Калі ісці? Як ісці? Таму маршрут падаўся намнога прасцейшым, чым аказаўся на справе.
У гарах я правёў чатыры дні: два дні ішоў па бязлюднай тэрыторыі ў адзін бок, а пад вечар, калі мяне знесла, я вырашыў ісці назад. Я не змог пераадолець парог, таму пераначаваў на беразе, а затым два дні вяртаўся назад.
Агулам падарожжа працягвалася 15 дзён. Горы — гэта самая небяспечная частка майго падарожжа. Астатняя частка прайшла менш бяспечна, але ўсё гэтак жа цікава.
— Гатовы паўтарыць горнае падарожжа, калі б раптам надумалі? Ці занадта многа рызыкаў?
— Рызыкі змяншаюцца, калі ты рыхтуешся, калі ўсведамляеш, што цябе чакае. Жаданне ёсць, нават паўтарыць той маршрут, але з невялікімі зменамі, у іншы сезон. Магчыма, у наступным годзе атрымаецца. Калі ты ўсведамляеш рызыку і рыхтуешся да яе, то тады твае шанцы намнога ўзрастаюць.
Выбар, якому не пазайздросціць ніхто
— Як прайшла другая частка вашага падарожжа? Як я разумею, вы адкрывалі для сябе Індыю?
— Так, я пабываў у двух штатах на поўначы Індыі: Ладакх і Кашмір. Ладакх найбольш адрозніваецца ад астатняй Індыі кліматам, прыродай: там суха, высокія горы. Нават індусы, якія прыязджаюць туды з астатняй часткі Індыі, акліматызуюцца там горш, чым мы, еўрапейцы. І сапраўды: калі нават выходзіш на вуліцу ўначы, то нібыта трапляеш у цяпліцу: вельмі душна, горача, ты абліваешся потам.
Фармальна я падарожнічаў па поўначы Індыі, але насамрэч Ладакх калісьці з’яўляўся абсалютна незалежнай дзяржавай. Культурна, кліматычна і геаграфічна ён больш падобны на Тыбет. Сёння яго называюць другой радзімай будызму, пасля таго як частку Тыбета акупаваў Кітай.
Калыска будызму сёння — гэта індыйскі Ладакх.
Кашмір больш падобны на Індыю, праўда, з адной спецыфічнай рысай: там пераважае мусульманскае насельніцтва.
Два галоўныя ўражанні, якія я вынес з паездкі па поўначы Індыі, — наколькі прыемныя і файныя людзі будысты: гэта адзіныя прадстаўнікі сярод іншых рэлігіяў, якіх я толькі сустракаў на сваім жыццёвым шляху, якія не падзялялі людзей на адзінаверцаў і іншаверцаў.
Будысты, з якімі я размаўляў, казалі: насамрэч не істотна, хто ты, што ты — планета Зямля адна на ўсіх. І ўва мне гэтыя погляды моцна адгукаюцца.
А па-другое, трапіць па сутнасці ў акупаваную краіну (гэты рэгіён у выніку войнаў быў падзелены паміж Кітаем, Пакістанам і Індыяй), яшчэ 30 гадоў таму тут ішла вайна. Таму на кожным кроку — ваенныя базы, блокпасты, узброеныя патрулі, прычым не з мясцовых людзей, а з індусаў.
Ты ідзеш і разумееш: вось так выглядае акупацыя.
Вельмі супярэчлівыя ўражанні. Этнічна-рэлігійныя групы, якія там жывуць кампактна, не любяць адно аднаго. Складваецца ўражанне, што калі б не аўтаматы індусаў, вайна працягвалася б і цяпер.
Выбар у мясцовага насельніцтва — або татальны дыктат, або вайна — так сабе выбар. Бачачы такое, на беларускую сітуацыю і нашыя выклікі глядзіш спакойней: у нас яна не настолькі складаная і не настолькі безнайдзейная.
Рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца
— Калі раптам нехта з беларусаў вырашыць прайсціся вашым маршрутам, што параіце?
— Параіў бы рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца. Гэта складаныя пераходы, да іх трэба быць гатовым. Напаўняйце свой заплечнік пакункамі грэчкі, солі і трэніруйцеся: узбірайцеся на горкі ў сваёй мясцовасці. Футбольная задышка, калі лёгкім не хапае кіслароду, паветра, на вышыні больш за 5 кіламетраў будзе пастаяннай.
Падрыхтоўка ўключае ў сябе таксама планаванне падарожжа, графік: пакідайце сабе не адзін-два дні, а чатыры-пяць на акліматызацыю — тады вышыня будзе пераносіцца намнога лягчэй.
Уявіце сабе: самая высокі пункт над узроўнем мора ў Беларусі — Святая гара (так называлася гара Дзяржынская да 1958 года) складае толькі 345 метраў, а ў Індыі сталіца штата знаходзіцца на вышыні 3,5 тысячы метраў. А шлях у горы — яшчэ вышэй.
Горная хвароба пачынаецца на вышыні 2 тысяч метраў, так што пакідайце сабе час на акліматызацыю на кожным з этапаў вашага падарожжа.
Падрыхтоўка — гэта, як падказвае мой досвед, і максімальная прапрацоўка маршрута.
І трохі пра больш прыземленыя рэчы. Дбайце пра свой камфорт. А камфорт — гэта дадатковая рулька туалетнай паперы, нажніцы для пазногцяў, лёгкі трывалы абутак. На абутку не эканомце, купіце сабе нармальныя горныя чаравікі — вашыя ногі неаднойчы скажуць вам дзякуй.
Паколькі рэгіён дагэтуль знаходзіцца на ваенным становішчы, то ніякай сувязі ў вас не будзе. Мясцовыя сімкі вам не прададуць, бо вы замежнік, не рэзідэнт, а свае працаваць не будуць. Адзіным каналам магчымай сувязі з вонкавым светам з’яўляецца інтэрнэт, які можа быць у гатэлі (і то не факт), або, магчыма, у больш-менш вялікім населеным пункце вы знойдзеце кавярню з інтэрнэтам — гэта ваша магчымасць. Увесь астатні час у вас не будзе ні інтэрнэту, ні мабільнай сувязі.
-
Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі
-
«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў
-
Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада
Каментары