Асуджанай на 20 гадоў палітзняволенай навесілі яшчэ паўтара года
Стаў вядомы прысуд палітзняволенай Вользе Маёравай, асуджанай раней на 20 год калоніі.
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку над Вольгай адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ паўтара года зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі. Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы, піша «Вясна».
Нагадаем, Вольга — грамадская актывістка, раней актыўная сяброўка Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яе затрымалі 4 студзеня 2021 года ў сваім доме па так званай «справе Мікалая Аўтуховіча». Яе прызналі вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку — «замах на захоп дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК).
Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года асудзіў палітзняволеную да 20 гадоў калоніі і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў). На судзе яна не прызнала віну.
Такім чынам 21,5 года — гэта сумны рэкорд сярод палітзняволеных жанчын.
Каментары