Стала вядома, дзе ў Мінску працуе фотафіксацыя праезду на чырвонае святло
Сістэма працуе ў тэставым рэжыме, але першыя парушальнікі ўжо атрымалі штрафы.
На адным з мінскіх скрыжаванняў у тэставым рэжыме працуе першая ў сталіцы камера фіксацыі праезду на чырвонае святло, расказаў начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Бабіч на АНТ.
Пакуль пробная камера стаіць толькі на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Шырокай.
Па словах Бабіча, скрыжаванне ў Зялёным Лузе абсталявалі камерамі, якія дазваляюць электроннай сістэме адсочваць сігналы святлафора, якія гараць пры ўездзе транспарта на скрыжаванне Яна таксама апрацоўвае атрыманыя даныя для фіксацыі парушэння.
«Звесткі, якія атрымліваюцца з камер відэаназірання, ужо дазваляюць прыцягваць да адказнасці, тых, хто праязджае на забараняючы сігнал. І за мінулы месяц тут выявілі каля 20 такіх парушэнняў», — паведаміў Бабіч.
Паводле яго слоў, у наступным годзе такая сістэма будзе працаваць ужо не ў тэставым рэжыме. Яе плануюць устанавіць на пяці самых аварыйных скрыжаваннях у Мінску.
У ДАІ таксама адзначылі, што ў Мінску ў 2024 годзе адбылося 15 ДТЗ з праездам на чырвоны. У іх пацярпелі 16 чалавек.
Каментары