Крамлю не падыходзіць варыянт замарозкі вайны ва Украіне, паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю Reuters пра гатоўнасць Уладзіміра Пуціна абмеркаваць дамову аб спыненні агню, піша «Новая газета. Еўропа».
«Прэзідэнт неаднаразова, а дакладней, пастаянна заяўляе, што ён гатовы да кантактаў і перамоваў. Прэзідэнт таксама ўжо казаў, што нейкі варыянт замарозкі канфлікту нам не падыдзе. Нам важна дасягнуць сваіх мэтаў, якія ўсім добра вядомыя», — распавёў прэс-сакратар.
Раней агенцтва Reuters са спасылкай на пяць крыніц паведаміла, што Уладзімір Пуцін гатовы абмеркаваць з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам дамову аб спыненні агню ва Украіне. Аднак ён не жадае рабіць сур'ёзныя тэрытарыяльныя саступкі і патрабуе, каб Кіеў адмовіўся ад уступлення ў НАТА.
Разам з тым Расія гатова абмеркаваць пытанне аб гарантыях бяспекі для Кіева, а таксама настойваць на пагадненні з Украінай аб абмежаванні колькасці яе ўзброеных сіл і абавязацельствах не абмяжоўваць выкарыстанне рускай мовы.
Трое суразмоўцаў агенцтва лічаць, што магчымыя перамовы наконт дакладнага падзелу часткова акупаваных Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Таксама двое чыноўнікаў лічаць, што Расія гатова адступіць з невялікіх участкаў тэрыторыі ў Харкаўскай і Мікалаеўскай абласцях.
Каментары
https://www.unian.ua/world/viyna-v-ukrajini-putin-gotoviy-do-peregovoriv-z-trampom-12825990.html