Акадэмія навук: Мы можам спраектаваць электрарухавік не горшы чым «Тэсла», але гэта бессэнсоўна
Да канца года НАН абяцае сабраць і пратэставаць пяць узораў першага беларускага легкавога электрамабіля. Хоць урад анансаваў яго з'яўленне да восені.
Батарэі і праграмнае забеспячэнне для першага беларускага электрамабіля распрацавалі ў Акадэміі навук. Прынамсі, так сцвярджае намеснік дырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Аляксандр Бялевіч.
Пры гэтым літыяіённыя ячэйкі закупляюць у Кітаі, пішуць «Мінск-Навіны».
«Сілавая ўстаноўка не толькі ключавы кампанент у сістэме электрамабіля. Ад 30 да 50% кошту ўсяго электрамабіля складае літыяіённая батарэя. Калі яе ёмістасць падае да 80 %, яна падлягае замене. Айчынная электроніка на батарэі дазваляе дакладна кантраляваць гэты параметр. Літыяіённыя ячэйкі мы закупляем у Кітаі, а ўся канструкцыя батарэі і яе электроніка распрацаваныя намі», — сцвярджае Бялевіч.
Электроніку рухавікоў у Беларусі стваралі групы на БЕЛАЗе і «БКМ холдынгу», а таксама каманда, якая распрацоўвала «ё-мабіль» расійскага бізнэсмена Міхаіла Прохарава.
Распрацаваныя ў акадэміі софт і электроніка дазволяць кантраляваць ёмістасць і працаздольнасць батарэі. Адпрацаваныя батарэі збіраюцца ўсталёўваць у стацыянарных назапашвальніках электраэнергіі — прылады, якія кампенсуюць скачкі напружання ў сетцы. Іх будуць прадаваць прадпрыемствам і бальніцам.
Пры гэтым праектаваць электрарухавік у Беларусі не збіраюцца. Хоць Бялевіч лічыць, што ягоны інстытут можа стварыць рухавік не горшы, чым у «Тэслы».
«Мы можам спраектаваць электрарухавік не горшы, чым у «Тэслы», — перакананы навуковец. — Аднак за ім стаяць асаблівыя вытворчыя тэхналогіі. Для іх патрэбныя міжнародныя рынкі са шматмільённым попытам, якога ў беларускіх прадпрыемстваў пакуль няма. Таму бессэнсоўна траціцца на такія тэхналогіі — яны не акупяцца.
Айчынныя прадпрыемствы пакуль працуюць у рамках сваіх абмежаванняў, але імкнуцца адпавядаць тэхніка-эканамічным паказчыкам замежных узораў», — заявіў Бялевіч.
Увесну тагачасны віцэ-прэм'ер Пятро Пархомчык заяўляў, што першыя ўзоры беларускага электрамабіля з'явяцца да восені, а да канца года яго запусцяць у серыйную вытворчасць. Мяркуючы па ўсім, тэрміны ў чарговы раз ссунуліся.
Каментары
гэта вам не тое, што
мы хочам, але не можам