Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне
«Я абяцаю, што не дапушчу Трэцяй сусветнай вайны».
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным, каб скончыць вайну ва Украіне.
Пра гэта Трамп заявіў падчас выступу ў Арызоне, які трансляваў канал LiveNow ад Fox, піша «Украінская праўда».
«Адна з рэчаў, якую я хачу зрабіць хутка, і прэзідэнт Пуцін сказаў, што ён хоча сустрэцца са мной як мага хутчэй… Мы павінны чакаць гэтага, мы павінны скончыць гэтую вайну. Гэтая вайна жудасная», — сказаў Дональд Трамп.
Ён паўтарыў свой ранейшы тэзіс, што гэтая вайна ніколі не адбылася б, калі б ён быў прэзідэнтам.
«Я скончу вайну ва Украіне, я спыню хаос на Блізкім Усходзе. І я абяцаю, што не дапушчу Трэцяй сусветнай вайны. Мы вельмі блізкія да Трэцяй сусветнай вайны», — паабяцаў Трамп.
19 снежня Уладзімір Пуцін заявіў, што гатовы да размовы або сустрэчы з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «у любы час».
18 снежня абраны Трампам на пасаду спецпрадстаўніка ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг выказаў перакананне, што Кіеў і Масква ўжо гатовыя да перамоваў аб міры.
Раней Трамп запэўніў, што ў сваіх спробах урэгуляваць расійска-ўкраінскую вайну працягне падтрымліваць Украіну.
Каментары