Мадура заявіў пра затрыманне сямі замежнікаў, у тым ліку трох «наёмнікаў з вайны ва Украіне»
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура 7 студзеня ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання абвясціў пра арышт сямі замежнікаў, якіх ён абвінаваціў у тым, што яны з’яўляюцца «наёмнікамі», якія спрабавалі перашкодзіць яму прысягнуць на пасаду прэзідэнта краіны, паведамляе Радыё Свабода.
Мадура заявіў, што сярод затрыманых двое амерыканцаў, двое калумбійскіх «кілераў» і трое «наёмнікаў з вайны ва Украіне», якія, па яго словах, удзельнічалі ў планаванні «тэрарыстычных актаў» напярэдадні яго інаўгурацыі, запланаванай на 10 студзеня.
Міністэрства замежных спраў Украіны пакуль не каментавала, ці ёсць сярод затрыманых у Венесуэле грамадзяне Украіны.
Паведамленні пра затрыманне, у тым ліку амерыканцаў, з’явіліся праз некалькі гадзін пасля таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыняў у ЗША венесуэльскага апазіцыйнага кандыдата ў выгнанні Эдмунда Гансалеса.
Еўрапейскі парламент прызнаў Эдмунда Гансалеса законным прэзідэнтам Венесуэлы ў рэзалюцыі, прынятай у верасні 2024 года.
Па выніках выбараў 28 ліпеня Нацыянальная выбарчая рада Венесуэлы абвясціла пра перавыбранне Нікаласа Мадура на трэці шасцігадовы тэрмін. ЗША і іншыя заходнія краіны не прызналі вынікаў выбараў. Дзярждэпартамент заявіў, што апрацоўка галасоў выбаршчыкаў і абвяшчэнне вынікаў Нацыянальнай выбарчай радай, якую кантралюе Нікалас Мадура, «прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі, у выніку чаго былі абвешчаны вынікі, якія не адлюстроўваюць волю венесуэльскага народа».
Мадура адхіліў міжнародную крытыку і сумневы адносна вынікаў выбараў, сцвярджаючы, што Венесуэла стала аб’ектам спробаў «дзяржаўнага перавароту» «фашысцкага і контррэвалюцыйнага» характару.
Каментары