Меркаванні77

Беларуская глыбіня. Эрнст Сабіла

Піша Павел Севярынец.

    Будзь мне трывалым прыстанішчам,
    куды я заўсёды
    мог бы схавацца;
    Ты наказаў уратаваць мяне,
    бо цвярдыня мая
    і крэпасць мая — Ты.
    Псальма 70:3

Калі ўпершыню бачыш пастара Эрнста Сабілу — каржакаватая постаць, вялікая галава з літымі скуламі, пільныя вочы ў глыбокіх вачніцах і валявое падбароддзе старадаўняе, шырокае ліцвінскае косці, — не можаш пазбыцца ўражання: такія трымаюць на сабе беларускае неба. Усю шэрую, пахмурную глыбу да самага далягляду.

Пастару Сабілу — восемдзясят. «Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў, а пры большай моцы восемдзясят гадоў — спяваецца ў 89-й псальме, — і лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім». Але і ў свае восемдзесят пастар Сабіла магутны.

Гэта ж такую моц даў чалавеку Бог, што і пасля трынаццаці гадоў ГУЛАГа, дзесяцігоддзяў уціску, цярпенняў і барацьбы цягае мяхі з цэментам на будоўлі Дома малітвы.

Сабіла прымружваецца (вочы як байніцы) — і ў далёкім-далёкім позірку пазнаеш вялікіх вернікаў, уладароў ВКЛ, ваяводаў і правадыроў, што верылі ў Госпада і стаялі за сваю айчыну не на жыццё, а на смерць. Радзівілаў. Скарыну. Сапегу.

Нарадзіўся ў Дзегцяроўцы, пад Мінскам. Сям’я Сабілаў як ненадзейная была выселеная падалей ад савецка-польскай мяжы — у Бабруйск. Падчас нямецкай акупацыі далучыліся да евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Партызанілі.

У 1951-м студэнт Медыцынскага інстытута ў Мінску Эрнст Сабіла быў арыштаваны гэбістамі.
Арытыкул 72б савецкага крымінальнага кодэкса: «Актыўная антысавецкая агітацыя з ужываннем рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Прысуд — расстрэл. Расстрэл быў заменены на 25 гадоў пазбаўлення волі.

І быў голад. Былі здзекі. Былі хваробы. Спярша ў Падмаскоўі, потым на ўранавых шахтах у Усць-Каменагорску. Сабіла двойчы ўцякаў з лагера. Стралялі. Выжыў цудам: у найлепшага стралка аховы, які стаяў на вышцы, раптам заклініла зброю.

Вызвалены, жыў пад пастаянным наглядам КДБ.

У 1988-м, ледзь толькі дыхнула Адраджэннем, Эрнст Сабіла арганізоўвае ў Мінску Беларускую Евангельскую Царкву.
Вернікі з усёй Беларусі ехалі ў Сабілаву кватэру на Паўднёвым Захадзе…
У 1989-м на І з’ездзе БНФ у Вільні менавіта пастар Сабіла зачытваў Божае Слова, а затым і правіў малітвы на першых фронтаўскіх мітынгах.
У 1990-я Сабіла як прадстаўнік пратэстантаў быў адным з сустаршыняў Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці.

30 мая 2006-га ўлады пазбавілі Беларускую Евангельскую Царкву рэгістрацыі.

У адказ пастар Сабіла (сам — крэпасць Божая сярод беларускіх руінаў) збудаваў у Асіповічах гэткі ж магутны Малітоўны дом.
На будоўлі здарыўся цуд. Цікаўныя хадзілі глядзець на ўласныя вочы: дом меўся стаяць у нізіне, і нават лужыны тут не высыхалі, але вялізны катлаван, у якім магла б змясціцца цэлая хата з дахам, застаўся сухі.

Усе апошнія гады і рэшту сваёй цялеснай дужасці пастар Сабіла ўклаў у будынак на краі балота. Эрнст Канстанцінавіч верыць, што неўзабаве гэтыя вялізныя залы будуць запоўненыя евангельскімі вернікамі, якія славяць Бога па-беларуску.

На сустрэчах з Сабілам, палітвязнем савецкіх часоў, моладзь замірае. І ў цішыні словы ягонага сведчання кладуцца, быццам камяні ў падмурак.

Сабіла сведчыць пра Бога ў сваім жыцці.

Сабіла расказвае пра Беларусь, ягоны крыж.

Цярплівы пастар Сабіла не разумее, як можна быць цярпімым да зла, як можна ўваходзіць у кааліцыі з камуністамі.

І ўжо сёння менавіта пастар Сабіла, патрыярх беларускага евангельскага руху, прабіваецца на Валадарку да Сяргея Каваленкі, які памірае за бел-чырвона-белы сцяг…

Сабіла гаворыць важка, вытрымлівае паўзы, і гэтыя паўзы цяжкія, як ягоны спакутаваны, але спакойны позірк спадылба, — каб да слухача дайшло.

— Набліжаецца мой час стаць перад Госпадам, — ціха, павольна, але так, што мурашкі па скуры, выгаворвае Эрнст Канстанцінавіч, — і ўжо адчуваю: свет рыхтуецца да таго, хто прыйдзе перад Хрыстом. Антыхрыста. Адчуваю вакол гэты дух.

Дух апошніх часоў…

«Мы жывём сярод страшнага народа, які выракаецца сваіх продкаў», — сказаў калісьці Сабіла.

Маладыя і не вельмі пастары, якія нават не мысляць шырынёй народа і глыбінёй краіны, дадзенай ім Богам, якія цураюцца казані на роднай мове, не заўважаюць тых нямногіх, хто, па грудзі ў твані, з астатніх сіл трымае на сваіх плячах і ўсю Беларусь, і іх саміх.

Глядзіш на Сабілу і думаеш: здужае…

Але вытрымаць такі крыж чалавеку пад сілу толькі тады, калі ў ягоным знадрыўным сэрцы, у ягоных зраненых руках, у ягоных напружаных жылах жыве сам Збаўца. Бог Скарыны, Сапегі, Сабілы — Ісус Хрыстос.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца

Беларуская глыбіня. Бездань Азефа

Беларуская глыбіня. Цуды на балоце

Беларуская глыбіня. Забыць героя

Каментары7

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле14

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →