Грамадства5959

Паліна Шуба: гісторыя ўзлёту спадарожніцы Аляксандра Лукашэнкі

Старадарожская выдатніца дабілася прызнання не толькі на конкурсах прыгажосці.

Сёлета расійская журналістка Ксенія Сабчак запыталася ў Аляксандра Лукашэнкі пра дзяўчат, з якімі той ходзіць на разнастайныя мерапрыемствы.

«У апошні раз, па-мойму, з Палінай сядзелі, вядучай. З 12 гадоў яе ведаю!» — прызнаўся Лукашэнка.

Праз некалькі дзён пасля гэтага інтэрв’ю журналісты пагутарылі з цешчай кіраўніка дзяржавы, Аленай Жаўняровіч. Лукашэнка вельмі хваліў яе ў размове у Сабчак.

Цешча паказала свой фотаальбом. Самым цікавым у ім аказаўся здымак, на які трапіла вялікая кампанія гасцей.

На фота, апроч самога Аляксандра Лукашэнкі, сын Віктар, тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, мільянер Аляксандр Шакуцін са сваёй пратэжэ — спявачкай Алёнай Ланской, асабістая доктарка Святлана Канашэнка… і Паліна Шуба.

Чым жа адметная Паліна, што Аляксандр Лукашэнка бярэ яе ў падарожжа па родных мясцінах сяброўскім колам?

«Наша Ніва» расказвае гісторыю ўзлёту дзяўчыны.

«Твар новага стагоддзя»

Жыццё школьніцы са Старых Дарог Паліны Шубы перакулілася ў 2003 годзе.

Мадэльная школа «Тамара» вось ужо некалькі гадоў ладзіла конкурс «Твар новага стагоддзя». Сотні дзяўчат з усёй Беларусі дасылалі свае здымкі, самыя прыгожыя з іх траплялі на старонкі «Советской Белоруссіі».

Канкурсанткам мусіла быць ад 15 да 25 гадоў. Маладых і перспектыўных забірала сабе «Тамара» — уласніца школы Тамара Ганчарова, адна з першых беларускіх мадэляў.

Паліна Шуба даслала свой здымак, як толькі ёй споўнілася 15 гадоў. Фота адразу было надрукаванае, дзяўчынка трапіла ў паўфінал конкурсу, і яе запрасілі ў «Тамару». А гэта магчымасць «засвяціцца» на мадэльных паказах ва ўсім свеце.

Фота tamaramodels.com

Але не толькі гэта. Генеральным партнёрам «Твару новага стагоддзя» выступаў Пётр Лістэрман, які перацягваў беларусак у Маскву. Імя расійскага героя свецкай хронікі грымела ў сярэдзіне гламурных 2000-х. Лістэрман не хаваў крыніцы свайго асноўнага прыбытку — ён зводзіў мадэлек з алігархамі. Тавар штучны, таму і аплата была адпаведная.

Зрэшты, некаторыя знаходзілі сваё каханне і без ягонай дапамогі. Напрыклад, на першым са штогадовых конкурсаў найлепшай фотамадэллю была прызнаная Ксенія Рубчэня. Праз некалькі гадоў пасля перамогі яна выйшла замуж за тэнісіста Максіма Мірнага.

А Шуба ўсё ж апынулася ў Маскве. Праўда, не адразу. Кантракт з расійскім агенцтвам «Фрэш-Мадэлс» яна падпісала пасля ўдзелу ў «Міс Беларусь — 2008».

Мадэль-разумніца

У грамадстве існуе стэрэатып пра мадэлек. Часцяком іх успрымаюць як недалёкіх асобаў. Але прыклад Паліны сведчыць пра адваротнае.

Апошнія гады вучобы ў школе ёй давялося сумяшчаць з моднымі паказамі, але гэта не перашкодзіла дзяўчыне атрымаць залаты медаль.

«Гэта быў вельмі разумны клас, усе паступілі адразу! Пяцёра медалістаў. І адна з іх Паліна», — узгадвае класная кіраўніца дзяўчыны. Настаўніца матэматыкі Старадарожскай школы №2 Марыя Жукавец адпрацавала амаль паўстагоддзя і толькі сёлета сышла на спачын.

«Паліна была старанная, роўная вучаніца. У яе што замежная мова, што літаратура, што матэматыка — усё ўдавалася. Хоць ёй бліжэй усё ж філалагічныя прадметы», — расказвае яна. Марыя Васілеўна адзначае, што менавіта на Паліне ляжала адказнасць за правядзенне мерапрыемстваў. «Заўсёды трэба, каб быў завадатар у класе. І ўсё было на ёй», — кажа класная кіраўніца.

Разам з бацькам. Фота Facebook.com

Кветкі для Лукашэнкі

Апроч мадэльнага бізнэсу, Паліна займалася яшчэ і танцамі. У мясцовы ансамбль «Расінка» яна прыйшла ў 6 гадоў і засталася там да канца школы. Аляксандр Лукашэнка казаў, што даўно знаёмы з Палінай. Як кажуць былыя аднакласнікі дзяўчыны, шмат у чым дзякуючы «Расінцы».

Летам 2001 года ва ўсёй краіне ішла перадвыбарчая кампанія. Апазіцыйныя кандыдаты абіралі між сабой «адзінага», а Аляксандр Лукашэнка катаўся па краіне. Нібыта па справах, але ў райцэнтрах на ягоным шляху мясцовымі ўладамі ладзіліся вялікія мітынгі ў падтрымку «кандыдата Лукашэнкі».

У Старых Дарогах прыезд кіраўніка дзяржавы прымеркавалі да адкрыцця Палаца культуры. Мясцовая «раёнка» некалькі нумароў запар, захлёбваючыся, расказвала пра ўражанні шчаслівых удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам.

На гэтым свяце менавіта 13-гадовай Паліне Шубе даручылі перадаць кветкі кіраўніку дзяржавы. Чаму менавіта ёй?

«Паліна з дзяцінства вылучалася выдатнай знешнасцю, была адной з найлепшых у «Расінцы», дый сама з вельмі добрай сям’і. Усё гэта ў суме і прывяло да таго, што выбралі менавіта яе», — разважае аднакласніца Ірына Жукава.

Да сям’і Шубаў у горадзе ставяцца з павагай. Тата Сяргей узначальвае Старадарожскія раённыя электрычныя сеткі, а ягоная жонка Людміла працуе спецыялістам у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дарэчы, апроч Паліны, у сям’і ёсць старэйшы сын Ілля. Ён пайшоў бацькавай дарогай і таксама стаў энергетыкам.

Сяргей і Людміла Шубы. Фота Odnoklassniki.ru

У Старых Дарогах жыве трохі больш за 10 тысяч чалавек. Большасць дамоў у горадзе адна- і двухпавярховыя. І толькі некалькі высокіх. У адным з іх у пачатку 1990-х і пасяляліся Шубы. Суседзі адгукаюцца пра сям’ю выключна станоўча.

Балгарскае каханне

«Гэта было залатое дзіця, ніякіх праблем з ёй ніколі не было. Такая выхаваная, добразычлівая… — узгадвае пра Паліну класная кіраўніца. — І прыгожая, вядома. У класе ўсе хлопчыкі ў яе былі закаханыя!»

Фота tamaramodels.com

Ці былі звязаныя з Палінай прыгожыя рамантычныя гісторыі? Аднакласнікі не расказваюць падрабязнасці.

«Калі Паліна ездзіла ў Балгарыю, у яе там быў мясцовы хлопчык, па-мойму, Іван. Вось там была рамантыка ў яе! Такая любоў-маркоў была… Ну, вы разумееце, падлеткавы ўзрост, усё такое. Гэта ў класе восьмым было», — узгадвае адну з гісторый аднакласніца Юлія Жбанкова.

Студэнтка-мадэль

У сваіх інтэрв’ю Паліна Шуба казала, што заўсёды марыла стаць журналісткай. Аднак на цэнтралізаваным тэставанні пайшла здаваць свае профільныя прадметы — матэматыку і англійскую мову.

«Па балах праходзіла на бюджэт у Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, вось і пайшла вучыцца туды», — тлумачаць аднакласнікі.

Падчас навучання Паліна працягвала працаваць у мадэльным бізнэсе, напрыклад, была адным з твараў «Мілавіцы».

У 2007-м Шуба ўдзельнічала ў беларускім адборы на конкурс «Супермадэль свету». Атрымаць гран-пры не выйшла, затое прыз глядацкіх сімпатый канала АНТ дастаўся ёй. А ў наступным, 2008-м, Паліна трапіла ў лік 12 фіналістак «Міс Беларусь».

«Пасля фіналу да Полі падышла Тамара Ганчарова. Яна прыабняла яе за плечы і сказала: «Шуба, ты шыкоўная. Павер, ты раскошная дзяўчына, у цябе адзінай на конкурсе еўрапейскія рысы твару». Гэта было так шчыра! Пасля фіналу ўсе ўдзельніцы накіраваліся на банкет у гасцініцу «Планета». Прэзідэнт таксама прысутнічаў», — расказвала маці Паліны.

На заробках у Маскве

У маі 2008 года па выніках конкурсу «Міс Беларусь» дзяўчына падпісала кантракт з АНТ, паводле якога на працягу года не мела права браць удзел у рэкламных паказах і здымацца ў рэкламе. Але неўзабаве Паліна перавялася на завочную форму навучання і з’ехала ў Расію.

Прычына? «Каб зарабіць грошай на ўласнае жыллё самастойна, без дапамогі бацькоў. У Мінску гэта нерэальна», — тлумачыць Ірына Жукава.

У каталогу маскоўскага мадэльнага агенцтва «Фрэш» Паліна з’явілася ў пачатку 2009 года і пратрымалася там да восені 2011 года.

«Заставацца за мяжой яна не хацела. Маскву ніколі не любіла і жыла толькі марай хутчэй назаўжды вярнуцца ў Мінск, — працягвае Ірына. — Век мадэлі нядоўгі. Калі зразумела, што ўжо час вяртацца на радзіму і будаваць сваё жыллё — вярнулася».

Скульптура Паліны

Вясной 2009 года пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрываўся мінскі Тэатр оперы і балета.

На фасадзе былі ўсталяваныя статуі грэцкіх герояў. Злева, калі стаяць тварам да тэатра, знаходзіцца муза трагедыі Мельпамена. Яе ляпілі… з Паліны Шубы.

Шуба — Мельпамена (злева)

«На пошук натуршчыц я адправіўся ў мадэльнае агенцтва, дзе што ні дзяўчына, то патэнцыйная муза. Подыум літаральна асеў ад наплыву прэтэндэнтак, але калі прадэфілявала Паліна, усе патухлі», — расказваў «Рэспубліцы» скульптар Генадзь Буралкін, аўтар статуй Мельпамены і Палігімніі. «Асабліва важна было перадаць складкі тканін, — узгадвала Шуба. — Для гэтага даводзілася апранаць вільготныя сукенкі і гадзінамі стаяць у застылай позе». У выніку вобраз дзяўчыны назаўсёды застаўся ў мінскай культурнай прасторы.

Месца пад сонцам

Пасля вяртання з Масквы Паліна рэалізавала мару дзяцінства і трапіла на экран. Яна ўладкавалася на працу ў Белтэлерадыёкампанію. Шубу можна ўбачыць у «Навінах» і — радзей — у «Панараме». Альбо на ўрачыстых мерапрыемствах поруч з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі яны паспелі пазнаёміцца бліжэй?

Фота tamaramodels.com

Знаёмыя Паліны не даюць дакладнага адказу. Нехта мяркуе, што прыгажуня запомнілася кіраўніку дзяржавы яшчэ сваімі ўдалымі выступамі на конкурсах прыгажосці. Нехта ўзгадвае, што Шуба як журналістка суправаджала Лукашэнку падчас некалькіх замежных візітаў, напрыклад, у Венесуэлу.

Наглядзеўшыся тэлевізара, суседзі жартам называюць Паліну «нашай першай ледзі». Яны перакананыя, што за іхнюю каралеву прыгажосці не будзе сорамна ні ў якой сітуацыі.

Фота tamaramodels.com

Каментары59

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?6

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Б'ёрндален адмаўляецца ад працы трэнерам, каб быць больш з сям'ёй4

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?6

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →