Як патраціць 2 мільёны дзяржаўных рублёў, каб нічога не было
Кіраўніцтва справамі прэзідэнта даручыла дзяржаўнаму вайсковаму прадпрыемству «Агат» стварыць сістэму электроннага ўліку канфіскаваных тавараў за 5 мільёнаў рублёў. Тыя зрабілі толькі падрыхтоўчыя працы, узялі за гэта 846 тысяч рублёў, патрацілі яшчэ 1,1 мільёна рублёў сваіх грошай, а напісанне самой камп’ютарнай праграмы перакінулі на прыватнага субпадрадчыка. Той узяў 100 тысяч рублёў, але праграму таксама не зрабіў. У выніку праз чатыры гады праграмы няма, і эпапею па яе стварэнні пачынаюць наноў.
У Беларусі гадамі працуе сістэма продажу канфіскатаў — гэта тысячы і тысячы самых розных рэчаў, ад машын да насення, якія становяцца ўласнасцю дзяржавы па рашэнні судоў.
Рэалізацыяй займаецца Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, крамы ёсць па усёй краіне.
Нягледзячы на велізарныя аб’ёмы, уся работа па ўліку дагэтуль вядзецца механічна. Над тым, каб яе аўтаматызаваць, Кіраўніцтва спраў прэзідэнта задумалася яшчэ ў 2015-м. А карыстацца створанай праграмай мусіў Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці.
У прэзідэнцкім указе №63 ад 19 лютага 2016 напісалі, што генеральным распрацоўшчыкам сістэмы «Канфіскат» стаў дзяржаўны холдынг «Агат», падпарадкаваны Дзяржваенпраму. Сістэма мусіла запрацаваць ад пачатку 2018 года.
Летам 2016 года Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці заключыў дамову з «Агатам» на 5 мільёнаў рублёў. За паўтара года трэба было напісаць камп'ютарную праграму, але нешта пайшло не так.
Мімаходзь гэтая гісторыя згадвалася падчас леташняй інспекцыі Лукашэнкам урадавай сувязі.
«Вось у нас нядаўна Кіраўніцтва спраў замовіла ў адной нашай фірмы зрабіць цэлую сістэму. Грошы ўзялі. Год не зрабілі, два, тры. Правалілі! Кіраўніцтва спраў цяпер крыўдуе і мне дакладвае, што гэта тыя вінаватыя, не зрабілі. А ты дзе быў? Ты грошы плаціў, ты замовіў тавар. Прыйшоў час, тавару няма, грошы выкарыстаў. Вось ён вінаваты і ты вінаваты! Навошта вы берацеся за тое, што не можаце? А ўзяліся — рабіце. І яны маглі гэта зрабіць, але думалі, што гэта сыдзе з рук», — сказаў Лукашэнка Шэйману.
«Наша Ніва» даведалася акалічнасці гэтай гісторыі і пацвердзіла, што гнеў Лукашэнкі датычыць менавіта эпапеі між Кіраўніцтвам спраў і «Агатам» праз сістэму «Канфіскат».
У кантракце былі прапісаны канкрэтныя этапы выканання, некаторыя даволі банальныя: «аналіз праграмна-тэхнічнага забеспячэння», «аналіз прадметнай вобласці», «закуп і ўстаноўка абсталявання (камп'ютараў — Рэд.)» і гэтак далей. Самае цяжкае, натуральна, стварэнне самой сістэмы.
«Агат» даў рады толькі самаму простаму: «правёў абследаванне» за 353 тысяч рублёў, «паставіў абсталяванне» за 456 тысяч (яшчэ ў 2016 годзе закупіў камп’ютары, яны ўжо даўно састарэлі).
Ну і яшчэ па дробязі, агулам асвоіўшы 846 тысяч бюджэтных рублёў.
Але як стаялі справы з напісаннем самой праграмы? А ніяк.
Нібыта на рэалізацыю двух праграмных этапаў «Агат» накіраваў і 1,11 мільёна рублёў уласных сродкаў — гэта адлюстравана ў дакументацыі.
Наколькі вядома «Нашай Ніве», ніводнага акта выкананых работ ці нават тэхнічных праектаў па гэтых этапах вышэйшым арганізацыям не прадастаўлялася. Незразумела, што ў рэальнасці зроблена за гэтыя грошы.
А ўжо падыходзіў дзяржаўны дэдлайн…
Напрыканцы 2016-га ў «Агаце», пэўна, зразумелі, што самі распрацаваць нічога не змогуць, і аддалі частку задач прыватнай фірме «Кампіт Тэхноладжыс» (Compit Technologies), сума кантракта была 995 тысяч рублёў.
Кампанія за некалькі месяцаў павінна была зрабіць тое, што не можа «Агат», але… таксама не здолела, зацягваючы рэалізацыю.
Забягаючы наперад, скажам, што адказныя асобы гэтай кампаніі на пытанне, чаму нічога не атрымалася, ніяк не адказалі «Нашай Ніве», спаслаўшыся на дамову аб канфідэнцыйнасці.
Праўда, і ўсю абяцаную суму «Кампіт Тэхноладжыс» не атрымала, а толькі каля 100 тысяч, згодна з планам выплат па факце выканання.
Між тым час ішоў, і Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці пачаў сварыцца з «Агатам» і патрабаваць сплаты няўстойкі за невыкананне работ. Гаворка вялася пра сумы 3,49 мільёна рублёў і 1,54 мільёна рублёў.
Суд кожны раз прызнаваў «Агат» вінаватым, але змяншаў выплаты прыкладна ў 100 разоў. Відаць, каб не ставіць на калені прадпрыемства, якому гэтая замова на 5 мільёнаў, наадварот, мелася дапамагчы ўмацавацца.
У сваю чаргу, па невядомых прычынах, кіраўніцтва «Агата» не падавала ў суд на «Кампіт Тэхноладжыс» і не прыцягвала кампанію сумесным адказчыкам па сваіх судах, палохаючы замест таго налічэннем няўстойкі. На снежань 2018 года няўстойка вырасла ўжо да 1 442 917 рублёў — такія лісты слаў кіраўнік «Агата», генерал Генадзь Казакоў, які з вайсковых сувязістаў вырас да топ-менеджара.
Прадчуваючы кепскую развязку, «Кампіт Тэхноладжыс» правяла фінт: рэарганізавалася, стварыла новую юрыдычную асобу «Кампіт Эксперт», якой і перадала абавязкі па кантракце з «Агатам».
Логіка, пэўна, была ў тым, што ў «Кампіт Эксперта» не было ніякай маёмасці, і ў выпадку суду яе б проста збанкруцілі. А «Кампіт Тэхноладжыс» ціхенька пачаў ліквідоўвацца.
У той жа час кіраўнік «Агата» Генадзь Казакоў спрабаваў адсунуць дэдлайны. Першы раз не выйшла — на лісце Дзяржваенпрама Лукашэнка напісаў рэзалюцыю: «Чым вы думалі раней?» Атрымалася з другой спробы праз пасярэдніцтва Саўмін: «Чаму не выкананы ўказ №63? Распрацаваць з улікам строгай эканоміі бюджэтных сродкаў да 7 лістапада 2019», — напісаў Лукашэнка.
Відаць, новая пралангацыя дамовы не асабліва выратоўвала «Агат», таму ад нявыкруткі і з «улікам маштабнасці праекта» прадпрыемства паведаміла Дэпартаменту гуманітарнай дзейнасці, што 5 мільёнаў насамрэч ім мала, для сканчэння патрэбна… 20 мільёнаў!
Кіраўнік спраў прэзідэнта Шэйман, напэўна, ад такога ашалеў.
Потым у гнеўным лісце прэм'ер-міністру Сяргею Румасу ён пісаў, што, каб паспець здаць праграму, яны зменшылі патрабаванні да «Агата» «па колькасці інфармацыйных рэсурсаў і сістэм на 40%, да аб'ектаў інфарматызацыі на 31%, да функцый і патрабаванняў да іх рэалізацыі — на 24% і 17% адпаведна, да арганізацый карыстальнікаў (кліенцкіх месцаў) — на 18%».
«Але нягледзячы на скарачэнне аб'ёму работ, «Агат» праінфармаваў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта аб меркаваным павелічэнні кошту распрацоўкі сістэмы з 5 да 20,2 мільёна рублёў. Спецыяльная экспертная група зрабіла экспертызу і вынесла рашэнне, што завышэнне цаны неабгрунтаванае», —
Шэйман прасіў Румаса паўплываць на Дзяржваенпрам і «Агат», каб дамова была выкананая, бо «неканструктыўная пазіцыя «Агата» ставіць пад пагрозу выкананне даручэння прэзідэнта».
І разам з гэтым заўважаў, што «разгляд пытання працоўнай групай не з'яўляецца перашкодай для працы над праграмай». Напэўна, і ў гэты час работа не вялася?
Цярпенне Шэймана скончылася летам 2019 года, калі ён зноў даклаў Румасу, што «Агат» зрывае «Канфіскат».
Нібыта, на гэтай ноце Лукашэнка наклаў рэзалюцыю скончыць дамову і спагнаць няўстойку.
У верасні 2019 года Эканамічны суд Мінска разглядаў пазоў Кіраўніцтва спраў да «Агата» на суму 4 800 522 рублёў, з якіх задаволіў 50 тысяч, у снежні — задаволіў 5 тысяч рублёў з 449 тысяч.
Такім чынам, упустую змарнаваныя два мільёны і амаль чатыры гады перарадзіліся ў выглядзе новага тэндара Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці, які ўжо выйграла кампанія «Тодэс» — яна гатовая распрацаваць і ўкараніць праграму за 3,9 мільёна рублёў, а не за 20 мільёнаў, як прасіў «Агат».
Ці ёсць вінаватыя? Натуральна, такіх няма. Наколькі вядома «Нашай Ніве», сілавыя і кантралюючыя органы гэтай гісторыяй пакуль не цікавяцца.
А чым скончылася гісторыя з кампаніяй-падрадчыкам?
Яшчэ ў канцы 2018 года «Агат» у асобе яе дырэктара Генадзя Казакова даравала «Кампіт Эксперту» 1,3 мільёна рублёў няўстойкі, «каб захаваць добрыя адносіны».
***
Тэкст падрыхтаваны з выкарыстаннем матэрыялаў, ананімна дасланых у тэлеграм-канал HARBACEVIČ.
Каментары