Ежа77

Наша страва: ватрушкі па­-каладэнску

Ёсць піражкі з тварагом і ёсць смятаннікі. А ёсць каладэнскія ватрушкі, якія паядноўваюць адно з другім. Арыгінальным рэцэптам дзеліцца Ірына Рубан, ураджэнка вёскі Калоднае Столінскага раёна.

Ватрушкі па рэцэпце Ірыны Рубан. Фота Іны Хоміч.

У маім родным Калодным ні адно застолле не абыходзіцца без тварожных ватрушак. З ватрушкамі выдаюць замуж і жэняць, з ватрушкамі праводзяць у войска, з ватрушкамі памінаюць памерлых. Не забываюць пра іх на юбілеі або нават проста на велікодны сямейны стол.

Я называю толькі ўрачыстыя нагоды, бо з каладэнскімі ватрушкамі трэба крыху паваждацца — на будзённую вячэру іх гатаваць проста не хочацца. Хаця я сама раблю іх і тады, калі чакаю ў госці ўнучку. Яна іх любіць, бярэ ў горад з запасам, каб замарозіць. Адметнасць нашых ватрушак менавіта ў тым, што ім не страшныя ні зачарсцвенне, ні замарозка. Бо падаюцца на стол яны ў адмысловай смятаннай запраўцы, распаранымі і цёплымі.

Я дзялюся класічным рэцэптам, які засвоіла ад бабы і мамы, якім карыстаецца таксама мая цётка. Але можна і спрасціць сабе задачу — напрыклад, не рабіць рошчыну, а адразу замешваць дражджавое цеста і даць яму падысці ў халадзільніку 2—3 гадзіны. Рэкамендую разок прыгатаваць традыцыйна, а далей падстройваць рэцэпт пад сябе. 

Інгрэдыенты для цеста:

  • 2 шклянкі малака
  • 50 грамаў дражджэй
  • 6 шклянак мукі
  • 7 сталовых лыжак цукру
  • 100 грамаў алею
  • 2 яйкі
  • 0,5 чайнай лыжкі солі
  • 1 грам ваніліну

Інгрэдыенты для начынкі:

  • тварог — 500 грамаў
  • цукар — 3—4 сталовыя лыжкі
  • ванілін — на смак
  • адно яйка

Інгрэдыенты для смятаннай запраўкі:

  • смятана — 800 грамаў
  • цукар — 4—5 сталовых лыжак
  • мёд — 1 сталовая лыжка

Рыхтуем рошчыну

У глыбокі посуд трэба наліць цёплае (але не гарачае) малако. Пакласці туды разведзеныя ў цёплай вадзе да вадкага стану дрожджы, 2 лыжкі цукру і размяшаць. Затым дадаць 2 сталовыя лыжкі мукі і зноў добра размяшаць, каб не засталося камячкоў і каб добра растварыліся дрожджы. Накрываем рошчыну ручніком і ставім у цёплае месца на хвілін 30.

Тым часам разбіваем у другую міску 2 яйкі, дадаём астатні цукар, ванілін і ўзбіваем (можна міксерам) да павелічэння аб’ёму масы ў 2 разы і пераўтварэння яе ў белы колер. 

Сям'я Аржахоўскіх з Калоднага. Фота з архіва сям'і аўтаркі.

Замешваем цеста

Праз 30 хвілін, калі падымецца рошчына, уліваем у яе ўзбітую яечную масу і ўсё перамешваем, пакуль цеста не стане аднастайным. Далей дадаём алей, паступова падмешваем прасеяную муку і замешваем у меру густое цеста. Перакладаем цеста на пасыпаны мукой стол і працягваем мясіць, пакуль яно не перастане быць ліпкім, а стане мяккай, гладкай і падатлівай масай. Гэта зойме хвілін з 15. Калі трэба, то ў працэсе замесу можна дадаць мукі, але без фанатызму, бо цеста не павінна быць занадта збітым. Ставім у цёплае месца на гадзіну. Цеста павінна падняцца прыблізна ў тры разы. Затым яго абмінаем і чакаем, каб яшчэ раз паднялося.

Гатуем начынку

Усе неабходныя інгрэдыенты складаем у адну міску — тварог, цукар, ванілін і яйка — і размешваем да аднастайнага стану. 

Робім ватрушкі

Дастаём з міскі цеста, што мусіла другі раз падняцца, і робім невялікія шарыкі, затым кладзём іх на стол і прыплюшчваем. На цэнтр аладкі кладзём трошкі тварагу і фармуем ватрушку, загортваючы яе з усіх бакоў. Кладзём яе на бляху тым бокам, дзе загортвалі, а зверху робім кончыкам нажа невялікую дзірачку, каб да тварагу быў доступ паветра.

Бляху адпраўляем у духоўку, нагрэтую да 180 градусаў, і выпякаем 40—60 хвілін у залежнасці ад уласцівасцяў духоўкі.

Прапарваем ватрушкі

Калі ватрушкі астынуць, кладзём іх у рондаль і заліваем запраўкай са смятаны, цукру і лыжкі мёду. Пажадана, каб смятана была густая. Вазьміце столькі ватрушак, колькі плануеце паставіць на стол, бо есці іх трэба цёплымі. Накрываем крышкай і ставім у не надта гарачую духоўку, каб яны распарыліся.

Вядома, свежыя ватрушкі можна есці і без запраўкі. Але ўжо на наступны дзень яны становяцца цвёрдымі, а смятанны соус вяртае іх да жыцця яшчэ смачнейшымі, чым яны былі спачатку.

Калі трэба невялікая порцыя запраўленых ватрушак, то падагрэць іх можна і ў мікрахвалёўцы.

Смачна есці!

Каментары7

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі13

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў

«У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў». У АПК з’явіўся адказны за легалізацыю беларусаў за мяжой5

У Ізраілі памёр чалавек, які пакараў смерцю нацысцкага злачынцу Адольфа Эйхмана5

Уладальніка гродзенскага блога S13 адправілі яшчэ на 15 сутак арышту

Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты3

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?4

Васіля Верамейчыка прызналі палітвязнем

Наталля Пяткевіч: Тыкток стаў нашай ядзернай зброяй27

Катэдж у Мінску з саўнай і басейнам прадаюць амаль за 400 тысяч даляраў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі13

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →