Грамадства

Шакуцін рызыкуе паўтарыць лёс Чыжа — еўрапейскія санкцыі развальваюць бізнэс

Пасля ўвядзення санкцый супраць Аляксандра Шакуціна, аднаго з галоўных акцыянераў «Амкадора», ад супрацоўніцтва з кампаніяй пачынаюць адмаўляцца еўрапейцы, гэта ўжо адчуваецца ў Беларусі. Разам з няпэўным становішчам «пры двары» будучыня яго бізнэс-імперыі выглядае туманна.

Хоць пакуль не ўводзіліся санкцыі супраць юрыдычных асоб, падкантрольных Шакуціну, заходнікі вельмі часта спыняюць супрацоўніцтва з кампаніямі таксічных уласнікаў. І пытанне не толькі ў рэпутацыйных і палітычных рызыках.

Аляксандр Шакуцін. Фота Сяргея Гудзіліна

Калі супраць кампаній падсанкцыйнага бізнэсмена ўсё ж увядуць абмежаванні, то немагчымасць праз гэта выканаць кантракты перад контрагентамі пацягне вялікія штрафы. Таму заходнікі страхуюцца. 

І хаця Шакуцін у размове з прэсай працягвае настойваць на «неадчувальнасці санкцый», ужо вядомыя канкрэтныя прыклады адмовы ад супрацоўніцтва. 

Падобная інфармацыя, напрыклад, прыходзіць з завода «Амкадора» ў Маладзечне.

«Ёсць праблемы з камплектуючымі з Еўропы. У Маладзечна ўжо дакладна няма паставак з завода фінскай кампаніі Kesla, — кажуць работнікі завода. — Іх дэталі патрэбныя для кабін лесапрамысловага комплексу, якія пастаўляюцца ў Карэлію.

Пэўны запас камплектуючых ёсць, пакуль завод працуе з імі, але яны хутка скончацца і будзе праблема: ці шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў вялікіх і складаных дэталяў — а гэта няпроста, ці пераарыентоўвацца на выраб нечага іншага». 

Таксама ў Рэдакцыю трапіў англамоўны ліст ад «калектыву работнікаў холдынга «Амкадор» да еўрапейскіх партнёраў кампаніі. 

У ім канстатуецца: 

— абмежаванне работы холдынга на тэрыторыі ЕС і немагчымасць усіх фінансавых аперацый;

— абмежаванне закупак інструментаў і камплектуючых.

У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» па пытаннях еўрапейскіх паставак Аляксандр Шакуцін адказваў узаемавыключэннямі. 

«Ні з чым няма праблем, у Маладзечне няма ніякіх праблем, — сказаў ён, але адразу ж удакладніў: — З еўрапейцамі праблемы ёсць, але гэта тыя праблемы, якія прымушаюць нас хутчэй ствараць уласныя камплектуючыя і не звяртаць увагі на Захад». 

Разам з тым Шакуцін накінуўся на тых, хто ўводзіць санкцыі. 

«Тыя, хто ўводзяць санкцыі, — злачынцы! Людзі без гонару і сумлення, вядуць злачынную дзейнасць у дачыненні да беларускага народа: людзі недаатрымліваць грошы, бюджэт таксама, пенсіі недафінансуюцца. Яны амаральныя [людзі], і гэта пахне не дэмакратыяй, а экстрэмізмам», — выгаварыўся Шакуцін. 

Легендарны здымак — у госці да цешчы Аляксандра Лукашэнкі прыехалі Сяргей Цяцерын, спявачка Алена Ланская, тэлевядучая Паліна Шуба і Аляксандр Шакуцін.

Мы таксама спыталіся ў яго пра лёс сэрвісных цэнтраў Амкадора ў Еўрасаюзе, дзе абслугоўваецца тэхніка прадпрыемства. Па нашай інфармацыі, іх усяго восем. Сервісныя цэнтры высокарэнтабельныя. Але толькі пры іх існаванні для еўрапейскіх фермераў мэтазгодная масавая закупка беларускай тэхнікі. Калі цэнтры закрыюцца, рамантавацца не будзе як, логіка ў набыцці тэхнікі «Амкадора» згубіцца.

«Ну там жа заходнія рабочыя працуюць. Калі закрыюць цэнтры, то яны пойдуць на вуліцу. А тыя, хто купіў тэхніку, будуць з ёй прастойваць», — адказаў Шакуцін, не канкрэтызаваўшы, якая дакладна цяпер сітуацыя з сэрвіснымі цэнтрамі, ці працуюць яны зараз.

Таксама Шакуцін сцвярджае, што ўпаў кошт акцый тых партнёраў, якія перасталі з ім працаваць. 

«Мы мала залежым ад Захаду, іх доля камплектуючых ад 5% да 7% працэнтаў. Трэба — пачнём рабіць самі, я праблем не бачу», — запэўнівае Шакуцін. 

Аб тым, што «праблем у яго няма», бізнэсовец сказаў з дзясятак разоў цягам пяці хвілін. Праўда, яшчэ ў дакрызісным 2019-м, паводле даных аўдыту холдынга, патрабаваліся маштабныя фінансавыя ўліванні, каб неяк ажыць. 

Але нават калі адмежавацца ад гісторыі з «Амкадорам», складана знайсці прыклад поспеху. 

У 2018-м Шакуцін страціў адзін са сваіх узорных актываў — пакет «Амкадора» ў шклоўскім сельскагаспадарчым холдынгу ТАА «Купалаўскае» апынуўся ў дзяржаўнай уласнасці, хоць інвестыцыі ў тыя комплексы з боку Шакуціна былі шматмільённыя.

Як пляткараць у бізнэс-колах, гэтая дзіўная змена ўласнасці мае сувязь са «справай медыкаў», у якую зацягнула брата Шакуціна, дырэктара фармацэўтычнай кампаніі «Іскамед» Сяргея Шакуціна (фармацыя перайшла яму ў «спадчыну» ад Аляксандра — ён займаўся ёй да сыходу ў вытворчасць).

Шакуцін стварыў у Магілёўскай вобласці паспяховы сельскагаспадарчы комплекс, уваліў процьму грошай, але ў выніку ўласнасць адышла дзяржаве

Незразумелы таксама лёс гіганцкага комплекса «Шантэр-Хіл» на праспекце Пераможцаў, які Шакуцін пачынаў будаваць яшчэ ў 2016-м годзе.

У 2021-м, ва ўмовах краху эканомікі, незразумела, што рабіць з 142 тысячамі квадратных метраў. Як вядома «Нашай Ніве», перапрафіляваць комплекс пад жыллё — адзінае, што рэальна цяпер прадаць, — у Шакуціна не атрымалася.

Са слоў Шакуціна «Народнай Волі» таксама вядома, што ён нясе адказнасць па даўгах правальнага холдынга «Салеа», дзе быў гарантам. У выніку на прыватную маёмасць Шакуціна ў Беларусі накладзены арышт, выезд за мяжу забаронены.

Чытайце таксама. Шакуцін: У мяне забралі правы, арыштаваная маёмасць, я не магу выехаць за мяжу

Калі не здарыцца нечага экстраардынарнага, Шакуцін рызыкуе паўтарыць лёс Юрыя Чыжа. У першай палове 2010-х яны займалі першае і другое месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнэсменаў краіны. За наступныя гады Чыж пазбавіўся кампаній, захрас у даўгах, перастаў быць уплывовай бізнэс-фігурай.

Шакуцін жа ўжо апусціўся на 20-е месца.

Чытайце таксама. Феномен Шакуціна: як вясковы хлопец стаў адным з найбагацейшых бізнэсменаў

Каментары

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі дэпутат, якога судзяць за антываенныя заявы, у апошнім слове выступіў з пакаяннем перад украінцамі. Суддзя выскачыў з залы4

ГУБАЗіК пагражае Мікіту Мелказёраву — за грубыя словы пра Панамарэнку. А прапагандыст Казакоў заклікае расстраляць43

У ДТЗ у Талачынскім раёне загінулі два чалавекі

Крэмль стаў выдаляць метаданыя з усіх відэа з удзелам Пуціна2

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны4

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Галоўнае
Усе навіны →