Новае слова ў перасоўванні па вадзе. Можа, праз колькі год будзеце так дабірацца на працу па Нёмане ці Прыпяці
Распрацоўшчыкі хочуць вывесці ў масавы ўжытак так званыя Foilboards — даслоўна, дошка з фольгі, але насамрэч сёрфінгавая дошка з падводным крылом. Многія ў ЗША ўжо катаюцца на іх на працу штодня — каму актуальна пераплываць Гудзон для гэтага. Яна бяспечная, можа быць з мачтай і маторам.
Як прыжыліся электрасамакаты на зямлі, гэтак жа, лічыць амерыканец Кай Лені, прыжывуцца і фойлборды на вадзе, піша The Wall Street Journal.
Сёрфінгіст з чатырох гадоў, ураджэнец Гавайскіх выспаў, Кай прыязджае ў Нью-Ёрк на фойлбордзе і перакананы, што гэта найлепшы сродак для падарожжаў праз раку Гудзон, якую астатнія жыхары горада вымушаныя падоўгу пераадольваць на пароме.
Найменшы асабісты водны транспарт, фойлборд, складаецца з сёрфінгавай дошкі і падводнай мачты, да якой прымацаваны плаўнік з крылом, як у самалёта.
Прынцып працы гэтай дошкі такі: пры наборы хуткасці мачта падымае дошку на 30-60 см над паверхняй вады, і сёрфер рухаецца наперад, ловячы сілу хвалі, нават вельмі маленькай, пры мінімальным супраціўленні вады. Сёрфер кіруе дошкай пры дапамозе ціску ног. Некаторыя мадэлі прадугледжваюць і электраматоры на сонечнай батарэі.
Сёрфер Кай Лені марыць папулярызаваць фойлборд: з аднаго боку, гэта дазволіць разгрузіць дарогі, з іншага боку, гэта адзін з самых экалагічна чыстых відаў транспарту, з нулявым выкідам газаў.
У эру высокіх коштаў на газ, дошка можа сур’ёзна трансфармаваць гарадскую культуру і гарманічна ўпісацца ў наша звыклае жыццё. Кай сцвярджае, што ён можа развіваць хуткасць на сваёй дошцы да 64 км у гадзіну. Але пакуль перад распрацоўшчыкамі і папулярызатарамі фойла стаіць шмат перашкод.
Па-першае, кошт такой дошкі пакуль высокі — 14 тысяч даляраў. Хаця, як і любая тэхнічная рэч, з часам яна будзе станавіцца ўсё больш і больш даступнай.
Па-другое, мусяць быць пракладзеныя адмысловыя маршруты для рэгулярных падарожжаў на фойлбордах — каб сёрферы не сутыкаліся з караблямі і каб яны ведалі, дзе падзарадзіць сонечную батарэю пры патрэбе.
Па-трэцяе, важна прадумаць бяспеку кіроўцы — само падводнае крыло вострае і можа параніць у выпадку аварыі.
Неўзабаве дошку можна будзе залічыць да гарадскога транспарту па водных шляхах у такіх гарадах, як Нью-Ёрк і Стакгольм. Але галоўная задача — зрабіць фойлборд асноўным транспартным сродкам, на якім людзі будуць перасоўвацца між выспамі, напрыклад, на Гаваях.
Кампанія Кая Лені і яго брата нядаўна выпусціла электрафойл, які можа развіваць хуткасць да 48 км у гадзіну. Ён жывіцца ад такога ж літый-іоннага акумулятара, які выкарыстоўваюць у дронах. Дзеля эксперыменту, сёрфер праехаў на ім 88 км (адправіўшыся з англійскага берага, ён абагнуў выспу Уайт у праліве Ла-Манш і вярнуўся), у офісным касцюме і з заплечнікам — і нават не запырскаўся.
Праз пяць-дзесяць гадоў такія электрафойлы змогуць катаць па некалькі пасажыраў, і на іх яшчэ будзе воданепранікальнае месца для багажу.
Урэшце вада пакрывае 71% паверхні планеты — даўно пара пачаць перасоўвацца па ёй ды разгрузіць зямлю.
Каментары