Грамадства

Смяротна паранены, застаўся прыкрываць сваіх. Хто такі беларус «Тур», забіты пад Кіевам

13 сакавіка ў баях за Украіну загінуў яшчэ адзін беларус. Аляксею Скобле — пазыўны «Тур» — быў 31 год. У 2015 годзе ён добраахвотнікам паехаў ваяваць на Данбас, пасля застаўся служыць у войску. «Ён быў найлепшым з найлепшых, служыў у спецназе», — кажа яго сястра Кацярына. Пра брата і яго апошні бой яна распавяла «Нашай Ніве».

Аляксей «Тур» Скобля

Захапляўся вікінгамі, хацеў стаць гісторыкам

Аляксей са звычайнай беларускай сям’і: мама выхавацелька ў дзіцячым садку, бацька — кіроўца аўтобуса. Жылі ў Мінску.

«Аляксей заўсёды, колькі я яго памятаю, вельмі цікавіўся гісторыяй, з самага дзяцінства. Нават хацеў паступаць у БДУ на гістарычны факультэт, але яго адгаварыў настаўнік ў школе. Патлумачыў, што гісторыяй сёння не пракормішся. 

Тады пасля 9 класа Аляксей паступіў у аўтамеханічны каледж у Мінску. Скончыў яго, працаваў механікам, рамантаваў аўтамабілі. Пазней паступіў яшчэ ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, на вышэйшую адукацыю па той жа спецыяльнасці, эксплуатацыя аўтамабіляў, але так і не скончыў.

Таксама брат вельмі цікавіўся вікінгамі. Займаўся гістарычнай рэканструкцыяй, быў у клубе Truvaring. Шмат ездзіў па фестывалях і па Беларусі, і за мяжу».

Сказаў: паеду на заробкі, а паехаў ваяваць

Аляксей жыў з бацькамі, калі ва Украіне спачатку адбыўся Майдан, пасля здарыўся захоп Крыма і пачаліся баявыя дзеянні на Данбасе.

«У сакавіку 2015 года ён проста склаў свой турыстычны заплечнік, паведаміў бацькам, што едзе на заробкі кудысьці — і знік.

Працяглы час з ім не было сувязі, мы пачалі хвалявацца. Я пачала шукаць яго калег, сяброў, пытацца ў іх, дзе ён — адзін з сяброў прызнаўся, што Аляксей паехаў ва Украіну, — згадвае Кацярына. — І пасля звязаліся нарэшце з братам, ён пацвердзіў, што сапраўды ва Украіне». 

Аляксей не служыў у беларускім войску: не ўзялі праз плоскаступнёвасць і падвышаны ціск. Не быў ён таксама ў палітычных партыях ці рухах. Хіба толькі ў 2011 годзе выходзіў на маўклівыя акцыі, падчас якіх пляскалі ў далоні, кажа яго сястра.

«Тады, у 2011-м, брата затрымалі. Як ён расказваў пасля, сілавікі ўзялі іх у кола і хацелі затрымаць нейкіх дзяўчат, брат з сябрамі выштурхнулі дзяўчат адтуль — тады затрымалі іх саміх. Тады Аляксей правёў двое сутак, здаецца, пад вартай, пасля атрымаў штраф», — кажа Кацярына. 

Але чаму малады хлопец, не блізкі да палітыкі, без вайсковага вопыту паехаў фактычна на фронт?

«Ён лічыў украінцаў нашымі братамі. Калі ўсё пачалося ён проста хацеў дапамагчы ім, — тлумачыць сястра. — Брат быў у складзе тактычнай групы «Беларусь». Спачатку Аляксей прайшоў медычныя курсы і быў медыкам. З часам ён стаў найлепшым з найлепшых там, служыў у спецназе.

Брат не хаваў, што быў на вайне. Асабліва не расказваў пра тое, што там адбываецца, але мы ведаем, што ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Бацькі, канечне, прасілі яго вярнуцца — але Аляксей быў упарты». 

Пасля, кажа Кацярына, яе брат ужо не мог вярнуцца праз пагрозу крыміналкі на радзіме за тое, што ваяваў ва Украіне.

«У 2016 годзе да бацькоў прыходзілі з КДБ, забралі ўсю тэхніку, праз якую яны звязваліся з сынам. Пагражалі крымінальнай адказнасцю Аляксею. Шукалі таксама нейкія нібыта наркотыкі — нічога не знайшлі, вядома. 

Пасля бацькоў яшчэ некалькі разоў выклікалі ці то ў міліцыю, ці то да следчых. Там ім казалі: хай ваш сын вяртаецца, яму нічога не будзе. Але ніхто не паверыў, само сабою, — расказвае Кацярына. — Калі ў Беларусі былі пратэсты пасля выбараў-2020, Аляксей не мог прыехаць праз тую пагрозу крымінальнай справы. Ён ведаў, што пратэсты, хутчэй за ўсё, задушаць, але спадзяваўся, што яны хоць нешта зменяць».

Супакойваў сваіх: вайны не будзе

Пасля сканчэння актыўных баявых дзеянняў на Данбасе Аляксей Скобля застаўся ў войску. Працаваў інструктарам па тактыцы, медыцыне. Атрымаў украінскае грамадзянства, гады паўтара таму ажаніўся. Дзяцей пакуль не меў.

«Жонка ў яго добрая, спакойная дзяўчына. Да войска яна дачынення не мае, хвалявалася за яго. Ды і мы ўсе хваляваліся. Але ж разумелі — гэта войска, будзе загад — яму прыйдзецца выконваць.

Але цяпер, калі пачаліся размовы пра магчымасць вайны, ён да апошняга нам казаў: не хвалюйцеся, вайны не будзе. Магчыма, ён проста супакойваў нас такім чынам. Бо калі вайна пачалася, я звязвалася з Аляксеем амаль штодня, і ён пастаянна казаў: тут усё больш-менш спакойна, нармальна. Расказваў пра бамбардзіроўкі, але ніколі не казаў пра нешта страшнае, заўсёды супакойваў, казаў, што там дзе ён, «усё нармальна, усё добра». Намагаўся больш гаварыць пра нейкія побытавыя тэмы», — згадвае Кацярына. 

За апошні тыдзень выратаваў дзесяцярых аднапалачан

13 сакавіка Аляксей «Тур» Скобля загінуў пад Кіевам.

Пра смерць брата сястра даведалася ад яго жонкі. Кацярына прыводзіць словы аднаго з валанцёраў, які распавёў:

«Камандзір сказаў, што за апошні тыдзень «Тур» выратаваў дзесяцярых аднапалачан — бо ён жа прайшоў курсы парамедыка і выцягваў параненых.

Калі яны пайшлі на апошняе заданне, суседняя брыгада далажыла, што ўсё чыста. Але ў іх была састарэлая інфармацыя, бо іх разведчык загінуў. Група «Тура» пайшла і трапіла ў засаду.

«Тура» параніла ў сцягно, зачапіла артэрыю. У яго заставалася некалькі хвілін — гэта вельмі цяжкае раненне, наступае хуткая смерць ад страты крыві.

Таму ён аблаяў астатніх, каб яны сыходзілі, і застаўся прыкрываць адыход. Дзякуючы яму, ніхто больш з групы не загінуў, а маглі пакласці ўсіх».

Развітанне з добраахвотнікам «Турам». Фота: тэлеграм-канал батальёна Кастуся Каліноўскага

15 сакавіка цела Аляксея крэміравалі ў Кіеве. 

«Увесь спецназ быў на развітанні сёння. У паветра пусцілі кулямётную чаргу. Калі пранеслі труну, усе ўсталі на калені. Аляксею ў рукі паклалі маленькі бела-чырвона-белы сцяжок», — апісвае пахаванне брата Кацярына.

«Спадзяюся, усё гэта было не дарма, — кажа яна. — Дзякуючы яму выйшла ўся група. Ён да апошняга ўздыху прыкрываў сваіх рабят.

Мы яшчэ не перажылі смерць Аляксея. Як бы ты сябе ні рыхтаваў, падрыхтавацца да такога немагчыма. Бацькі плачуць, усе мы плачам. 

Аляксей быў лепшым з лепшых. 

Шмат хто прыйшоў падтрымаць сям’ю, бацькоў. Калегі, сваякі, сябры. Усе яны разумеюць, што адбываецца — што ідзе вайна».

Каментары

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →