Шчоткіна: 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а трэба на дзвюх
Беларусы мусяць праяўляць большую працоўную актыўнасць, перадае БЕЛТА меркаванне міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай.
«Каб зарабіць, сёння ёсць магчымасці, — кажа Шчоткіна. — Мы паглядзелі, што амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, так хай тата «пакруціцца».
Паводле слоў міністра, у гэтым годзе не плануецца змяняць заканадаўства ў сферы сацыяльнай дапамогі. У будучыні можа быць мэтазгодным аналіз і сістэматызацыя, але не змяншэнне выплат сацыяльнай дапамогі.
Шчоткіна мяркуе, што сёння сацыяльная дапамога сем’ям з непаўналетнімі дзецьмі перавышае мінімальную зарплату і суадносная з зарплатамі на прадпрыемствах. Нараджэнне дзяцей дзеля атрымання дапамогі альбо кватэры яна называе недапушчальным.
Аб працоўнай актыўнасці міністр казала падчас сустрэчы з супрацоўнікамі абутковай фабрыкі «Нёман» у Гродне. Фабрыка мае калектыў у 800 чалавек, з якіх 80% — жанчыны, яна перайшла на 4-дзённы працоўны тыдзень, а зарплаты апусціліся ніжэй за 4 млн беларускіх рублёў.
* * *
З 1 студзеня 2013 года памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў дыферэнцыруецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сям'і. На першае дзіця ён складае 35 % сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі, на другое і наступных дзяцей — 40%. Дапамога на дзіця-інваліда назначаецца і выплачваецца ў памеры 45% сярэдняй зарплаты.
З 1 студзеня 2015 года ўведзеная выплата для сямей з дзіцём да 3 год і дзецьмі старэйшага ўзросту ў памеры 50% бюджэту пражытачнага мінімуму.
Каментары