Грэкі жылі добра. Але нядоўга. Што прывяло Грэцыю да банкруцтва? Тлумачым на пальцах
У Грэцыі часоў Еўрасаюза стварылі сістэму, пры якой людзі масава працуюць на блатных дзяржаўных пасадах, дзе нічога не трэба рабіць. Пры гэтым пенсійны ўзрост там таксама на 5—15 гадоў ніжэйшы за, дапусцім, германскі. Многія выходзілі на пенсію ў 50 ці 55 гадоў. А сацыяльныя дапамогі высокія і ніхто не правярае іх абгрунтаванасць. У выніку многія «сляпыя» ў Грэцыі адначасова атрымлівалі ад дзяржавы дапамогу па інваліднасці і… працавалі кіроўцамі таксі.
Спачатку гэты «сацыяльны кантракт» фінансаваўся з субсідый Еўрасаюза. ЕС на многае заплюшчваў вочы, бо Грэцыя была непатапляльным авіяносцам на мяжы савецкага блока, а пасля — аб'ектам цікавасці Расіі.
Калі першапачатковыя датацыі ЕС для выраўноўвання ўзроўню развіцця скончыліся, Грэцыя акурат уступіла ў еўразону і пачала хапаць танныя — для краін зоны еўра найбольшы давер — крэдыты.
Крэдытаў набралася пад завязку, тады па чарзе сацыялістычны і кансерватыўны ўрады сталі фальшаваць статыстыку, каб браць новыя. Урэшце, калі грымнуў сусветны фінансавы крызіс, дзе коратка, там і парвалася.
Грэкі жылі добра. Але нядоўга.
Каментары