Гісторыя

Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным

Сярод усіх варыянтаў нацыянальнага сцяга ў 1917-м вайскоўцам-беларусам найбольш спадабаўся гэты, піша кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі. З неймавернай хуткасцю бел-чырвона-белыя стужкі на вайсковай уніформе распаўсюдзіліся па ўсіх франтах заходняга тэатру баявых дзеянняў былой царскай арміі працягласцю 3 тысячы кіламетраў.

Мора бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах падчас мірных пратэстаў у жніўні 2020 года. 

Нацыянальная сімволіка цесна злучана з нацыянальнай ідэяй. Сцяг, герб і гімн, прапанаваныя нацыянальнымі элітамі і прынятыя ды замацаваныя ў свядомасці насельніцтва, становяцца своеасаблівымі «кодамі нацыі».

Узнікненне нацыянальнай сімволікі большасці народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачалося з «Вясны народаў» 1848—1849 гадоў, а канчаткова замацавалася яна напрыканцы Першай сусветнай вайны, падчас разбурэння поліэтнічных Расійскай і Аўстра-Венгерскай імперый. Беларусы тут не былі асаблівым выключэннем, хоць аналагічныя працэсы праходзілі ў іх са спазненнем у параўнанні з найбліжэйшымі суседзямі.

Гісторыкі, што даследуюць час станаўлення беларускага вызваленчага руху, звязанага з дзейнасцю першых нацыянальных гурткоў і таварыстваў, у тым ліку Беларускай сацыялістычнай грамады, не выявілі праектаў нацыянальнага сцяга, створаных у адзначаны перыяд. Падобна на тое, што напярэдадні Першай сусветнай вайны для беларускай нацыянальнай эліты пытанне стварэння ўласных кодаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі яшчэ не стаяла на парадку дня.

На падставе выяўленых на сёння дакументальных сведчанняў можна лічыць, што першая спроба стварыць праект нацыянальнага сцяга была зроблена вядомым беларускім архітэктарам Лявонам Дубейкаўскім у 1916 годзе. У той час беларускія дзеячы, што апынуліся ў бежанстве ў Расіі, паспрабавалі стварыць агульнанацыянальны палітычны цэнтр. На іх паўлегальных сустрэчах неаднаразова ўзнікалі дыскусіі пра далейшыя шляхі развіцця беларускага руху. Пад уплывам гэтых размоў Дубейкаўскі зрабіў свае першыя накіды праекта беларускага сцяга, які сімвалізаваў сабой гэты рух.

Лявон Дубейкаўскі падчас шпацыру па старой Вільні. 1930-я гады. Фота НАРБ.

Свой варыянт сцяга архітэктар зрабіў у снежні 1916 года, калі знаходзіўся ў Петраградзе і кароткі час працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі ахвярам вайны. У наспех накіданым эскізе Дубейкаўскі выкарыстаў традыцыйныя «агульнаславянскія» колеры: чырвоны, белы і сіні, якія прысутнічалі на нацыянальных сцягах сербаў, славенцаў, харватаў, чэхаў і славакаў. Схематычна праект беларускага сцяга ўяўляў з сябе прастакутнае белае палотнішча, на якім у левым сегменце быў размешчаны чырвоны квадрат у прапорцыі 1:2 да ўсяго сцяга; ад чырвонага квадрата па гарызанталі раўналежна адыходзілі тры сінія паласы аднолькавай шырыні. На жаль, аўтар не пакінуў аніякіх тлумачэнняў адносна таго, якую ідэйную нагрузку мусілі мець асобныя элементы гэтай выявы. Увогуле, складваецца ўражанне, што дадзены малюнак не быў да канца завершаны аўтарам. Пра яго тады, відаць, ніхто так і не даведаўся ці ведала толькі вузкае кола людзей. Таму гэтая гісторыя не набыла розгаласу.

Першы варыянт праекта беларускага нацыянальнага сцяга Л. Дубейкаўскага 1916 года. Фота НАРБ.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года абудзіла нацыянальнае самаўсведамленне і дала моцны імпульс далейшаму развіццю нацыянальных рухаў на тэрыторыі былой царскай імперыі. Важным чыннікам гэтай этнічнай мабілізацыі становяцца ўжо «легітымізаваныя» нацыянальныя сімвалы: сцягі, стужкі і банты ў адпаведных колерах, якія выкарыстоўваліся прыхільнікамі незалежнасці адпаведных краін. Нацыянальныя сімвалы сталі неад’емным атрыбутам палітычнай салідарнасці і мабілізацыі людзей. Без іх не адбывалася аніводная грамадская падзея: маніфестацыя, з’езд ці вайсковыя парады.

Сябры Вялікай Беларускай Рады. Кастрычнік 1917 года. Фота БДАМЛіМ.

Асаблівае значэнне гэтая сімволіка набыла ў войску, дзе акурат у той час сталі стварацца нацыянальныя фармаванні. Нагадаем, што напярэдадні бальшавіцкага перавароту ў складзе былой царскай арміі разам з польскімі нацыянальнымі легіёнамі ўжо дзейнічалі латышскія, эстонскія і ўкраінскія стралковыя, кавалерыйскія і артылерыйскія часткі. Беларусы-вайскоўцы ў фарміраванні сваіх узброеных аддзелаў трохі спазніліся: толькі ўвосень 1917 года яны абралі нацыянальныя франтавыя рады, якія кааптавалі сваіх прадстаўнікоў у створаную ў Менску Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР). Але стварыць уласныя нацыянальныя палкі ці корпус да бальшавіцкага перавароту ЦБВР не паспела. Тым не менш ужо з ліпеня 1917 года беларусы-вайскоўцы, аб’яднаныя ў нацыянальныя гурткі і камітэты, на сваіх мундзірах і шынялях пачалі актыўна выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя стужкі, што адрознівала іх ад прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў былой царскай арміі. Абавязак насіць адпаведную пятлічную стужку ці бант быў замацаваны рашэннем ІІ сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Менску 5 жніўня 1917 года. Падобны сцяг узгадваецца ў вершы «Покліч» падпаручніка 43-га Сібірскага стралецкага палка Ігната Дварчаніна, надрукаванага 21 лістапада 1917 года ў газеце «Вольная Беларусь» («Пад свой сцяг чырвона-белы пасклікай усіх сыноў, параскіданых па свеце, каб збіраліся дамоў»).

Відавочна, аднак, што бел-чырвона-белыя колеры ў верасні — лістападзе 1917 года яшчэ не былі прынятыя лідарамі беларускага руху ў якасці элементаў нацыянальнага сцяга, які б увасабляў імкненне беларусаў да аўтаноміі ці федэрацыі (тады яшчэ мала хто думаў пра поўную незалежнасць). Ускосным пацвярджэннем гэтага можа служыць фота сяброў Вялікай беларускай рады (ВБР) у Менску, датаванае 15 (28) кастрычніка 1917 года. Прысутныя на фота знятыя на фоне простага белага палотнішча, на якім чырвонымі літарамі напісана: «Няхай жыве вольная Беларусь!». Пры гэтым на вопратцы і вайсковых мундзірах беларускіх актывістаў не бачна аніводнай бел-чырвона-белай стужкі. Таксама мы ведаем, што менавіта ў лістападзе 1917 года, напярэдадні правядзення Усебеларускага з’езда, кіраўніцтва ВБР замовіла праект такога сцяга згаданаму вышэй Лявону Дубейкаўскаму.

Другі варыянт беларускага нацыянальнага сцяга Л. Дубейкаўскага 1917 года. Фота БДАМЛіМ.

На творчы суд ВБР Дубейкаўскі хутка прэзентаваў свой новы варыянт нацыянальнага сцяга. У колеравым вырашэнні новы эскіз супадаў з ранейшым яго малюнкам, пра які ішла гаворка вышэй, але ў астатніх элементах меў істотныя адрозненні. На новым эскізе, што захоўваецца цяпер у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, мы бачым тое ж прастакутнае палотнішча белага колеру ў суадносінах шырыні да даўжыні 1:3; левы сегмент сцяга каля дрэўка займае вертыкальная чырвоная паласа ў прапорцыі 1:6 да ўсёй даўжыні палотнішча; па сярэдзіне сцяга (па гарызанталі) праз усё палатно праходзіць блакітная палоска ў прапорцыі 1:6 да ўсёй шырыні. На малюнку сцяг трымае ганаровы сцяганосец, апрануты ў традыцыйныя лапці і белую сялянскую вопратку, перавязаную васількова-белым поясам. Увесь урачысты строй завяршаўся высокім белым капелюшом на галаве.

Варыяцыя бел-чырвона-белага сцяга, якую выкарыстоўвала Беларуская рада ў Вільні ў 1918 годзе.

Ёсць ускосныя сведчанні (напрыклад, успаміны Язэпа Дылы), што ВБР папярэдне ўхваліла гэты праект і ён быў прадстаўлены дэлегатам Усебеларускага з’езда на адным з яго першых пленарных пасяджэнняў. Але ў наступныя дні працы форуму пад уплывам дэлегатаў-вайскоўцаў фігураваў ужо толькі бел-чырвона-белы сцяг. Паводле газеты «Беларуская Рада», ужо 7(20) снежня 1917 г. на з’ездзе разам з белым транспарантам з надпісам «Няхай жыве вольная Беларусь!» і чырвоным партыйным сцягам БСГ прысутнічаў таксама «нацыянальны чырвона-белы сцяг з надпісам: «За родны край, за вольную Беларусь!»». Гэты факт пацвярджае карэспандэнт менскай бальшавіцкай газеты «Советская правда» (за 23.12.1917 (5.12.1918), № 19), які схаваўся пад псеўданімам Георгій Фанвіч. У сваім рэпартажы «Всебелорусский» съезд» ён паведамляў, што на трэці дзень працы з’езда ад імя Абласнога выканаўчага камітэта саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту выступіў камісар-латыш Людвіг Рэзаўскі, які прапанаваў «замяніць паўбелы, паўчырвоны штандар на чырвоны сцяг Інтэрнацыянала».

На самай справе, Рэзаўскі з асаблівым цынізмам зняважыў гэты сцяг, назваўшы яго «нацыянальнай анучай» і запатрабаваўшы скінуць яго. У адказ дэлегат з’езда генерал-лейтэнант Канстанцін Аляксееўскі, апусціўшыся на калена, у знак пашаны да штандара, пацалаваў край палотнішча.

Сёння мы можам канстатаваць: бел-чырвона-белы сцяг атрымаў прызнанне ў прыхільнікаў незалежнасці Краю якраз падчас Усебеларускага з'езда. Як сведчыў пазней беларускі палітык і паэт Макар Краўцоў, з пачатку студзеня 1918 года ў Мінску «зусім легальна, пры бальшавіках», над пад’ездам дома № 2 па Паліцэйскай вуліцы, дзе месцілася сядзіба ЦБВР, удзень і ўначы вісеў бел-чырвона-белы штандар. Іншыя альтэрнатыўныя праекты на гэты момант адпалі самі па сабе і больш нідзе не згадваліся.

Доўгі час аўтарства бел-чырвона-белага сцяга заставалася невядомым.

Толькі ў пачатку 1990-х гадоў у якасці яго стваральніка ўсплыло імя аднаго з «айцоў» БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага. У ягонай следчай справе, што захоўвалася ў былым архіве КДБ Літоўскай ССР, была выяўлена копія яго аўтабіяграфіі на літоўскай мове, датаваная жніўнем 1934-га.

У гэтым дакуменце Душэўскі засведчыў, што ў першай палове 1917 года яму «давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, і адзін з іх быў прыняты, а менавіта — бел-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сцяг і лічыцца беларускім нацыянальным сцягам».

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) і Антон Бакач разам з жонкамі й дзецьмі. Фота са збораў Арсеня Ліса.

На падставе ўзгаданай вышэй аўтабіяграфіі Дуж-Душэўскага, а таксама з архіўных дакументаў Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны ў Петраградзе і Рады Міністраў БНР можна прыкладна вызначыць дату стварэння бел-чырвона-белага сцяга. Душэўскі, магчыма, ведаў пра праект, зроблены Дубейкаўскім, і гэта магло падштурхнуць яго, тады яшчэ студэнта Горнага інстытута, да стварэння ўласнага варыянта сцяга. Ёсць падставы меркаваць, што праект быў замоўлены Душэўскаму гуртком беларусаў-вайскоўцаў Петраградскага гарнізона.

Адбітак пячаткі Беларускага вучыцельскага хаўруса ў Менску. 1919—1920 гады.

На сёння нідзе не прыведзена дакументальных сведчанняў, якія абвяргалі б словы Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Пярэчанні пэўных даследчыкаў, што Душэўскі ў снежні 1917-га не прысутнічаў на Усебеларускім з’ездзе, на якім адбылося прызнанне бел-чырвона-белага сцяга, не вытрымліваюць крытыкі. Бо і Лявон Дубейкаўскі, аўтар альтэрнатыўнага праекта, прадстаўленага на з’ездзе, таксама быў тады не ў Менску, а ў Арле. Па-другое, бел-чырвона-белая сімволіка яшчэ да снежня 1917 года ўжо атрымала шырокую папулярнасць сярод беларусаў-вайскоўцаў. З неймавернай хуткасцю бел-чырвона-белыя стужкі на вайсковай уніформе распаўсюдзіліся па ўсіх франтах заходняга тэатру баявых дзеянняў былой царскай арміі адлегласцю ў 3 тыс. км.

Святкаванне першых угодкаў Акта 25 Сакавіка ў Горадні ў 1919 годзе мясцовым беларускім актывам. Фота Нацыяльны гістарычны музей Літвы.

З абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі бел-чырвона-белы сцяг быў канчаткова замацаваны ў якасці дзяржаўнага сімвала Беларусі. 8 мая 1918 года адмысловай камісіяй па ўвядзенні эмблем і вонкавых знакаў пры Народным сакратарыяце БНР бел-чырвона-белы сцяг быў канчаткова ўхвалены як «дзяржаўны сцяг Рэспублікі». Пастанова ўрада БНР была пададзена на канчатковае зацвярджэнне Радзе БНР (на жаль, пратакол пасяджэння, дзе разглядалася гэтае пытанне, не захаваўся). З гэтага часу можна канстатаваць, што бел-чырвона-белы сцяг стаў агульнапрызнанай святыняй для беларускіх незалежнікаў.

Гісторыя з беларускім бел-чырвона-белым штандарам на Усебеларускім з’ездзе атрымала працяг у застойны савецкі час. Кіруючыся негалоснымі камуністычна-гэбісцкімі ўстаноўкамі па недапушчэнні ў навуковую літаратуру і сродкі масавай інфармацыі аб’ектыўных звестак і фактаў пра беларускі нацыянальны рух, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ Сцяпан Пачанін у 1977 годзе ў сваёй манаграфіі «Историей обреченные», спасылаючыся на згаданы ў гэтым тэксце рэпартаж 60-гадовай даўніны з газеты «Советская правда», груба сфальсіфікаваў выкладзены ў ім факт: замест бел-чырвона-белага (ці «паўбелага, паўчырвонага», як было ў арыгінале) сцяга ён упісаў «пунсова-блакітны». Часам гэтая «дэза» яшчэ і сёння выкарыстоўваецца як «аргумент» прыхільнікамі «гістпартаўскай» трактоўкі нашай найноўшай гісторыі. Між тым гэты выпадак — лішняе сведчанне таго, што навуковай гістарыяграфіі беларускага нацыянальнага руху ў савецкі час проста не існавала. Яна цалкам замянялася прапагандысцкімі пасквілямі, аўтарам якіх ніколі нельга верыць на слова. Нават цытаты за «гісторыкамі» з партбілетамі трэба абавязкова правяраць!

Каментары

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі2

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага6

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →