Грамадства4949

Актывіст БНФ Ілля Дабратвор працуе на сайт «рускага свету». Як гэта ўкладваецца ў яго галаве? — вялікая гутарка

Па біяграфіі Іллі Дабратвора можна было б зняць досыць цікавы фільм. Кадэт, псіхолаг, які працаваў то паштальёнам, то прадаўцом шаўрмы, то дворнікам. Бацька пяці дзяцей. Палітычны актывіст, якому на парламенцкіх выбарах па Сеніцкай акрузе налічылі 19% галасоў.

Апошнім часам Дабратвор нярэдка станавіўся аб’ектам нападаў за сваё спецыфічнае меркаванне наконт абароны Курапат ці падыходу да беларусізацыі.

Мы вырашылі пагутарыць з Іллёй, каб крыху лепш пазнаёміцца з яго асобай ды распытаць пра жыццёвыя перакананні, сям’ю і погляд на стан беларускай палітыкі.

Сустрэчу прызначаем у Калодзішчах: тут, на ўчастку, што на вуліцы Бярозавай, Ілля будуе дом і марыць, што аднойчы яна будзе названая ў гонар Васіля Быкава.

«НН»: На якія грошы будуецца ваш будучы дом? Наколькі я ведаю, прадпрымальніцкай дзейнасцю вы зараз не займаецеся.

Ілля Дабратвор: Сёння гэта было б цяжкавата афіцыйна рабіць, бо ў мяне арыштаваны рахунак. У асноўным я пішу камерцыйныя артыкулы. Апошні год супрацоўнічаю з «Палітрынгам» (сайт, які прасоўвае «ідэалы» рускага свету ў Беларусі — «НН»). Але, канечне, будаўніцтва дома ніяк не звязанае з ганарарамі за артыкулы. Участак быў набыты яшчэ ў 2009 годзе. У нас з сям’ёй узяты не адзін крэдыт, у тым ліку на жытло. Жонка на гэты момант афіцыйна ўладкаваная ў групе падоўжанага дня, а я бяруся за любую дадатковую працу: па вечарах на машыне магу нават розныя заказы дастаўляць ці як таксіст — людзей развозіць. Вядома, паралельна шукаю і пастаянную працу.

«НН»: Вы, канечне, за сваё жыццё кім толькі не працавалі: і сацыяльным педагогам, і паштальёнам, і менеджарам, і гандляром, і прадпрымальнікам…

ІД: Я сваю самую першую паспяховую бізнэс-схему правярнуў яшчэ ў год 12, калі штук 300 фанцікаў ад жуек «Дональд» і «Турба» вымяняў у аднаго хлопца на радыёпрыёмнік (смяецца). Ён цяпер стаіць у якасці антуражу ў адной з мінскіх кавярняў майго сябра «Час». Там яшчэ і савецкія манеты з маёй калекцыі ёсць: нейкі час я быў актыўным нумізматам. У маёй калекцыі некалькі тысяч манет, шмат з часоў ВКЛ.

З пасады сацыяльнага педагога, куды я трапіў пасля сканчэння ВНУ, мяне звольнілі, бо з 2006 года я стаў сябрам руху «За Свабоду», рэгулярна ночыў на Кастрычніцкай плошчы. З рынку «Свелта» ў 2008-м выціснулі, бо ўдзельнічаў у акцыях прадпрымальнікаў, распаўсюджваў сярод гандляроў тэматычную літаратуру. Пасля арышту за акцыю з бел-чырвона-белым сцягам у метро мяне звольнілі з кампаніі «Капш Тэлемацік Сервісіз», прычым па артыкуле…. Такіх гісторый было мноства.

У нейкі момант, калі я сядзеў чарговыя суткі, мне стала стромна: усё ж дома ў мяне жонка, дзеці, якія, калі мяне закрываюць, застаюцца сам-насам. Апазіцыя шмат кажа пра салідарнасць, але насамрэч амаль ніякай падтрымкі для сем'яў затрыманых у такія моманты не існуе.

Карацей, мая актыўная грамадская дзейнасць пачала негатыўна адбівацца на сям’і, таму я вырашыў завязаць з вулічнымі акцыямі. У 2014 годзе ў мяне ўжо не было той фінансавай падушкі, якая падстрахоўвала раней, калі я кіраваў сеткай па рамонце мабільных тэлефонаў і мог мець да 500-1000 даляраў за тыдзень. Тое, што мяне закрывалі, ніяк не ўплывала на бізнэс, — мае супрацоўнікі працягвалі рабіць сваю справу без майго кіравання.

Сям'я Дабратвораў хоча хутчэй з трохпакаёўкі пераехаць у новы двухпавярховы дом.

«НН»: Вы расказвалі, што пачалі яшчэ ў школе хадзіць на апазіцыйныя мітынгі, распаўсюджваць улёткі. Гэта ўсё было за кампанію ці па клічы сэрца?

ІД: Я ж нарадзіўся і вырас на Ленінградскай вуліцы, у цэнтры Мінска: выйшаў з хаты — адразу трапляеш на мітынг. Памятаю, у нашым двары збіраліся беларускамоўныя хлопцы. Хадзілі чуткі, што, калі з імі загаворыш не па-беларуску, атрымаеш у твар. Я вырашыў праверыць — не атрымаў. Але з хлопцамі тымі пазнаёміліся.

У дзяцінстве.

Я пасябраваў з сынам Валянціна Голубева Змітром, мы разам наведалі шмат мітынгаў. Ён быў больш дасведчаны ў пытаннях палітыкі, тлумачыў мне многія рэчы. Потым, будучы кадэтам, набываў кожны нумар «Народнай волі» — чыталі газету ўсім узводам. 

Акрамя таго, мае бацькі — журналісты. Абое працавалі на беларускім тэлебачанні. Знаходзячыся ўнутры ўсёй гэтай ідэалогіі, савецкай прапаганды, яны разумелі, што да чаго. Для іх магчымасць казаць і пісаць тое, пра што думаеш, значыла вельмі шмат. Таму ў 1990-я я рос з лозунгам: «Свабоду слова не заменіць кавалак каўбасы».

Ілля з бацькам Мікалаем.

Дарэчы, нейкі час тату сапраўды пашчасціла зведаць, што такое дэмакратычная прэса. Перад самай аварыяй на Чарнобыльскай АЭС бацькі са мной малым з’ехалі жыць на Кольскі паўвостраў, у пасёлак Апаціты: у кватэры з бабуляй было цесна, а там прапаноўвалі і жытло, і працу. Дык вось бацька стаў там рэдактарам рэгіянальнага незалежнага самвыда «Слова».

Мне, дарэчы, на поўначы не падабалася: усё шэрае, маленькае, праблемы з вадой, людзі шмат пілі, і як вынік — на могілках ужо ў 40-50 год. Ратавала тое, што на лета я прыязджаў у Беларусь. Памёр у тых краях і бацька: будучы дыябетыкам, ён застудзіў ныркі на рыбалцы — і ўсё… Яму было ўсяго 33.

Недзе праз год маці закахалася ў мясцовага мастака, зацяжарала маёй першай зводнай сястрой. Мясцовыя параілі ёй не нараджаць у тых умовах: поўнач для карэнных, еўрапейцы там не вытрымліваюць. Так мы ўсе разам вярнуліся ў Мінск.

Новы год пачаўся для Дабратвора са змен: пасля 20-гадовага стажу ён кінуў паліць. Замест цыгарэт цяпер — жуйкі.

«НН»: Вы згадалі, што адышлі ад вулічнага актывізму, бо гэта пачало псаваць атмасферу ў сям’і. Праз гэта пачаліся непаразуменні ў тым ліку з жонкай?

ІД: У мяне жонка ўвогуле доўгі час была лукашысткай. Да таго моманту, пакуль я яе не зацягнуў назіральніцай на выбары. Яна на свае вочы пабачыла, як у нас усё гэта робіцца.

Зразумела, за 15 год разам усялякага хапала, крызісы былі сямейныя… Тым больш мы з Інай зусім розныя па характары. Аднак у плане палітыкі мы стараліся захоўваць права кожнага на ўласнае меркаванне.

Ілля і Іна.

«НН»: Раскажыце, як вы пазнаёміліся.

ІД: Будучы, здаецца, студэнтам 3-га курса Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута па спецыяльнасці «псіхалогія», я прыйшоў граць у тэатр «Жывая планета». Памятаю, нават выконваў там ролю Марата ў спектаклі «Мой бедны Марат».

Крыху пазней у трупу прыйшла і Іна: яна была студэнткай МДЛУ, вучылася на перакладчыцу ангельскай мовы. Я адразу ёй сказаў: калі 3-4 месяцы прасустракаемся — гэта на ўсё жыццё. Так і выйшла. Мы пабраліся шлюбам, калі я вучыўся на апошнім курсе. Хутка ў нас нарадзілася і першая дачка Сафія.

Праз гады 4 мы павянчаліся: для мяне гэты быў важны крок. Усё ж развесціся можна, але развянчацца — не. Я вернік, хрысціўся ў 13 год, амаль што асэнсавана. Іна, дарэчы, нейкі час працавала ў Свята-Елізавецінскім жаночым манастыры. Праўда, я быў супраць: царква — гэта камерцыйная структура, і вернікам лепш не бачыць, што можа адбывацца там унутры.

«НН»: Вы марылі пра тое, што будзеце шматдзетным бацькам?

ІД: Уявіце сабе: першапачаткова дактары казалі маёй жонцы, што яна не зможа мець дзяцей. Калі зацяжарала першай дачкой, рэкамендавалі рабіць аборт праз праблемы са здароўем. Мы з ёй тады пераглянуліся і пайшлі ў платную лякарню. І там нас супакоілі: усё ў вас будзе супер.

Пытанне абортаў у нас ніколі не стаяла: колькі бог захацеў, столькі дзяцей і дасць. Праўда, шостага пакуль не плануем, бо цяжкавата цяпер фінансава.

Напружвае і тое, як многія беларусы ставяцца да шматдзетных сем'яў. Пастаянна чуем, што мы халяўшчыкі і ўсё ў такім рэчышчы. Нават тая ж дзяржава спакойна жыць не дае: нас якія толькі камісіі не правяраюць.

Як на працу да нас ходзяць. Неяк у мінулым годзе прычапіліся на пустым месцы: «Чаму ў вас няма ручак на вокнах?». А таму і няма, каб дзеці не вываліліся ці нешта не выкінулі на вуліцу.

Ілля з дзецьмі: Соня, Яўсей, Герман, Марк. За кадрам засталася самая малодшая дачка Агата, якая на момант інтэрв’ю хварэла. Школьнікі наведваюць 190-ю школу з беларускімі класамі.

«НН»: А да чаго ваша прапанова да дэпутатак Ганны Канапацкай і Алены Анісім увесці падатак на бяздзетнасць? Што за бязглуздзіца?

ІД: Гэты пост быў проста эксперыментам, жаданнем сабраць меркаванні па тэме розных знакавых асоб. Як псіхолагу па адукацыі мне цікава правакаваць людзей на эмоцыі, асабліва ў фэйсбуку: гэта многае пра іх дазваляе зразумець.

Насамрэч я нармальна стаўлюся да ўсіх людзей. У тым ліку да тых, хто зусім не хоча мець дзяцей. У моманты асаблівай стомленасці я магу нават ім пазайздросціць: «Крута! Людзі жывуць для сябе!». Я не дазваляю сабе павучаць іншых, як правільна жыць.

Многія беларусы вось крытыкуюць Насцю Рыбку, а па мне — звычайная беларуская дзяўчына з марай. Як жыць — гэта яе справа. Я б нават прагаласаваў за такую кандыдатку ў прэзідэнты. Як мінімум з праграмай усё зразумела ўжо. Больш за тое, я б з задавальненнем з ёй папрацаваў як піяршчык.

«НН»: Аляксандр Лукашэнка некалі заявіў, што мог пакараць рэменем свайго сына Віктара. І вы напісалі артыкул, дзе раілі трымаць рэмень на сценцы, каб дзеці разумелі, што ў крайнім выпадку бацькі гатовыя ўзяць яго ў рукі. Вам прыходзілася здымаць рэмень са сценкі?

ІД: Пару разоў я зрываўся і мог адлупцаваць дзяцей па задніцы. А рэменем — толькі пужаў. Праўда, дзеці хутка з гэтым разабраліся: парэзалі мне ўсе рамяні, цяпер ніводнага няма.

Я ж працаваў сацыяльным педагогам, таму ведаю, што з дзецьмі можна знайсці і іншыя шляхі паразумення, неабавязкова іх біць. Аднак у жыцці, канечне, бываюць розныя сітуацыі.

«НН»: Чаму вы ўвогуле пайшлі вучыцца на псіхолага?

ІД: Ой, гэта цікавая гісторыя. Я ж думаў, што, як і бацькі, пайду на журфак БДУ, хадзіў нават на падрыхтоўчыя курсы. Аднак мяне неяк выклікаў ваенкам па Мінскім раёне, распавёў, што ў Вайсковую акадэмію недабор, і прапанаваў паступаць туды: у мяне былі вельмі добрыя вынікі па тэстах падчас навучання ў кадэцкай вучэльні, я быў рэкамендаваны для працы ў МУС.

Аднак яшчэ падчас адной з практык у Фрунзенскім РАУС убачыў, што з сябе ўяўляла міліцыя 90-х: пры нас міліцыянеры падраблялі заявы. З такой структурай я нічога агульнага мець не хацеў.

Карацей, ваенкам сказаў: калі я не пайду ў вайсковую акадэмію, то мяне чакае служба ў войску. Ну, што рабіць. Пачаў рыхтавацца да паступлення ўжо па іншых прадметах, настроіўся стаць вайскоўцам. Аднак на адной з апошніх камісій мяне «зарубілі» дактары: скаліёз. Прапаноўвалі даць хабар — тады б яны закрылі на яго вочы. Але, натуральна, я не збіраўся рабіць гэта, каб паступіць у месца, куды і не надта хацеў. На журфак падавацца тады ўжо было позна, таму я выбраў ВНУ метадам выключэння: каб хаця б нешта блізкае да журналістыкі. Дарэчы, быў старастам сваёй групы нейкі час. Пакуль дэкан не заўважыў, што я ўпрыгожыў журнал для наведванняў надпісамі «Жыве Беларусь!».

«НН»: Вернемся тады да палітычнай тэмы. Тое, што вы ў дадзены момант працуеце на «рускаміраўскі» сайт «Палітрынг», не так даўно стала вядома шырокай грамадскасці. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаўся, што гэта «ганьба для любога беларуса, асабліва для сябра БНФ». З вамі абяцалі правесці размову, ці была яна праведзеная?

ІД: Калі казаць шчыра, мая праца на гэтым сайце загадзя была ўзгодненая з кіраўніцтвам партыі. Мы — дарослыя людзі, кожны сам вырашае, чым займацца. Тым больш тэмы, на якія я пішу, ніяк не супярэчаць лініі БНФ.

БНФ — не такія ўжо радыкалы, якімі стараюцца выглядаць. Тое ж тычыцца і стаўлення да мовы. Калі паглядзець на ўлёткі БНФ з 90-х, то яны былі зробленыя на рускай мове. Той жа Юрась Хадыка ўсе прамовы раней зачытваў па-расейску. І пытанне беларускай мовы навязанае партыі часткай радыкалаў.

На мой погляд, беларусы яшчэ не гатовыя да беларускай мовы, ім цяжка. І калі мы будзем прымушаць іх, дыскрымінаваць тых, хто не размаўляе па-беларуску, то зойдзем у тупік. Чалавек сам павінен захацець размаўляць на роднай мове. Я таксама нейкі час да беларускай мовы ставіўся нядобра, мне яна была і не патрэбная: усё ж частку жыцця я пражыў у Расіі. Адносіны да гэтага пытання змяніліся, калі я ў бізнэсе супрацоўнічаў з палякамі: яны мне прадэманстравалі, як трэба ставіцца да роднай мовы. Тады я сеў і вывучыў беларускую.

«НН»: Слухайце, ну вось жа вы самі прызнаеце, што павага, веданне роднай мовы — гэта здаровая сітуацыя. Так і мае быць.

ІД: А што, тыя, хто не размаўляюць па-беларуску — ужо не патрыёты і не беларусы? Той жа Эдуард Пальчыс ці Зміцер Дрозд. Ды яны больш зрабілі для сваёй краіны за апошнія гады, чым усе беларускамоўныя!

На мой погляд, адна з прычын, па якой БНФ, якая раней прыцягвала сотні тысяч актывістаў, маргіналізавалася, гэта тое, што яна пайшла шляхам этнічнага нацыяналізму.

На сёння сітуацыя ў партыі амаль крытычная, у тым ліку і праз грашовыя праблемы. Дарэчы, як чалавек з бізнэсу я прапаноўваў у гэтай сітуацыі адмовіцца хаця б ад утрымання вялікага офіса. Калі ён не акупляецца — навошта гэтыя панты?

Трэба адмаўляцца ад нейкай надуманай шляхетнасці. Перафарматоўвацца і ісці шляхам сучаснасці.

Калі я публічна прызнаўся, што мой дзед працаваў у НКУС, меркаваў, што і іншыя беларускія актывісты зробяць тое самае, бо ў прыватных размовах многія пра гэта казалі. Аднак наша дэмакратычная тусоўка маўчыць, баіцца. Яны ўвогуле баяцца ўсяго, што прадугледжвае нядобры паварот справы.

Дзед Іллі Мікалай Кравец працаваў у НКУС.

Я, напрыклад, хаджу выступаць на «Спутнік», не таму, што мне падабаецца гэты рэсурс, а таму, што, як і Дональд Трамп, вучуся працаваць з рознай аўдыторыяй, адстойваць свой пункт гледжання там, дзе з ім могуць быць не згодныя. А большасць нашай так званай дэмакратычнай тусоўкі аддае перавагу пляцоўкам з лаяльнай да іх аўдыторыяй. Яны няздольныя адказаць на любое крытычнае выказванне, не гатовыя да сапраўднай барацьбы. Яны як дзеці.

Запрасіце Паўла Севярынца на НТВ — канечне, ён не паедзе. Скажа, што з ворагамі не камунікуе. Але, можа, гэта апраўданні? Можа, вы проста не ў сілах дыскутаваць там, дзе аўдыторыя вас не будзе вылізваць?

«НН»: У сваю чаргу вы атрымалі сваю порцыю крытыкі ад Паўла Севярынца і іншых абаронцаў Курапат, калі звярнулі ўвагу на графік іх варты…

ІД: Канечне, са мной усе перасварыліся. У нас увогуле любяць шукаць ворагаў: здаецца часам, калі некаторыя дэмакраты прыйдуць да ўлады пасля Лукашэнкі, то з імі мы дакладна даведаемся, што такое сапраўдная дыктатура.

А я проста пайшоў шляхам праўды, мне надакучыла слухаць нейкія апраўданні. У мяне да абаронцаў была адна прэтэнзія: калі вы нешта заяўляеце — рабіце. Абаронцы заяўлялі, што будуць стаяць каля рэстарацыі цэлы дзень, але я некалькі разоў прыязджаў у розны час і не бачыў іх на месцы.

У выніку ва ўсім гэтым канфлікце я бачу галоўны плюс: яны сапраўды пачалі хадзіць на месца дакладна па гадзінах, бо спалохаліся Дабратвора, які гэта кантралюе (смяецца). Усё ж апазіцыя павінна трымаць сваё слова — гэта хоць неяк падымае наш узровень.

Мне зразумела: калі б дзяржава не была зацікаўленая ў тым, каб каля рэстарацыі стаялі актывісты, яна б зачысціла тэрыторыю на раз-два-тры. Але дзяржаве выгадна, каб апазіцыя сварылася з прыватным бізнэсам. Бо ва ўсе часы новай беларускай гісторыі, менавіта прыватнікі падтрымлівалі апазіцыю. Большую частку галасоў на парламенцкіх выбарах я атрымаў з катэджных пасёлкаў: там, дзе людзі сумелі зарабіць грошы. Дык з кім змагаецца група гэтых абаронцаў?

Ілля з сям'ёй падчас парламенцкіх выбараў-2016.

Давайце перастанем хлусіць наконт «Паедзем, паядзім»: рэстарацыя не стаіць на костках, ад самога помніка знаходзіцца досыць далёка. І калі дзяржава дазволіла там будавацца бізнэсмену, то што, ён будзе губляць укладзеныя грошы толькі таму, што так хоча група радыкалаў? Усе прэтэнзіі да дзяржавы.

Дабратворы і Ганна Шапуцька на суботніку ў Курапатах.

«НН»: Ці варта нам перажываць праз тое, што можам быць акупаваныя Расіяй?

ІД: Я ведаю Расію знутры, я жыў там. І раіў бы рускім, перш, чым хапацца за знешнія тэрыторыі, навесці парадак унутры — там такой працы на 100 год наперад мінімум. За часы праўлення Уладзіміра Пуціна сітуацыя ў рэгіёнах Расіі моцна пагоршылася, найлепшыя людзі з’язджаюць. Калі раней мы ездзілі туды на заробкі, то цяпер гэта здараецца ўсё радзей: як толькі я стаў шукаць рабочых на будаўніцтва свайго дома, брыгада з Масквы адразу вярнулася сюды, бо ў Расіі могуць і кінуць. Куды ім са сваімі праблемамі яшчэ і Беларусь, навошта?

Для беларусаў жа добра заходзіць адзін і той жа аргумент: з’ездзіце ў Смаленск і вобласць і паглядзіце, як там жывуць людзі. Калі хочаце, каб тое самае было і ў нас, — вэлкам у склад Расіі. Як рэгіён мы ніколі не дачакаемся тут грошай, усё будзе заставацца ў Маскве. А сваё згубім, нават тое, што мелі.

Нашы СМІ любяць падхопліваць і раздзімаць тэму рускага свету, аднак усіх, хто працуе па гэтай тэме тут і атрымлівае грошы з Расіі, не больш за 100 чалавек. Гэта неарганізаваныя групы, без салідарнасці ўнутры. Я іх бачыў на круглых сталах, і ніякай небяспекі для нашай краіны яны не ўяўляюць.

На сёння я лічу сябе найлепшым спецыялістам па тэме, хто ёсць хто ў «рускім свеце». Дык вось там усё бесперспектыўна на дадзены момант, адны фрыкі.

«НН»: Чаго чакаеце ад будучых беларускіх выбараў?

ІД: А чаго ад іх чакаць? Лукашэнка зноў пераможа, нават калі нічога не будзе рабіць. Пад гэта завостраная ўся наша сістэма. З тых, хто вылучаецца, я б пралабіраваў Алега Гайдукевіча, бо ён, у адрозненні ад астатніх, актыўна працуе. Пакуль Зміцер Дашкевіч носіцца па Мінску і губляе «Малады фронт», Гайдукевіч паўсюдна адчыняе свае офісы.

Хрысціянін, як Павел Севярынец, ніколі не прыйдзе ў нас да ўлады: усё ж Беларусь — атэістычная краіна. Мяшаць палітыку і рэлігію — дурны тон, на мой погляд.

Мяне шмат папракалі за тое, што я добра стаўлюся да Андрэя Дзмітрыева і Таццяны Караткевіч, але я гляджу на іх з прафесійнага пункту гледжання: паспрабуйце яшчэ зрабіць такую самую кампанію, як яны. Дык, можа, трэба вучыцца ў сваіх канкурэнтаў, як можна працаваць? Гэта нармалёва.

Што тычыцца мяне, я б пайшоў у прэзідэнты, калі б мне нехта, умоўна кажучы, паклаў на стол мільён даляраў. Карацей, калі б на гэта былі грошы. Я — прадпрымальнік, я не разглядаю для сябе фантастычныя рэчы.

Каментары49

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?5

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

11-класнікам у школе будуць «вельмі сур'ёзна» расказваць пра падзеі 2020 года10

Украіна размясціла на мяжы з Беларуссю банеры з адсылкай да Слуцкага паўстання ФОТАФАКТ18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?5

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →