«Наогул не ўмеў злаваць». Што вядома пра нападніка ў Стоўбцах і яго затрыманне
Спакойны, неканфліктны, «светлая галава». Што знаёмыя і відавочцы кажуць пра дзесяцікласніка, які падазраецца ў нападзе ў школе Стоўбцаў.
Вучань 10-га класа Вадзім, які падазраецца ў нападзе на настаўніцу і вучняў, 11 лютага прыйшоў у школу каля 7.40. Паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За жанчыну паспрабавалі заступіцца два аднакласнікі. Яны атрымалі раненні. Пасля падазраваны зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа. Адзінаццацікласнік і настаўніца загінулі.
Што на дадзены момант вядома аб нападніку?
Бацькі пераехалі ў Стоўбцы некалькі гадоў таму, пабудавалі дом. У школе сям'ю апісваюць як добрую і прыстойную, якая «ніколі ні на якіх уліках не стаяла».
— Хлопчык вельмі спакойны, для многіх шок, што такое адбылося. І вучыўся ён добра, — кажуць пра Вадзіма.
— Не біўся, не хуліганіў. Усё было нармальна, — пацвярджае сусед.
Да нападу дзесяцікласнік выдаліў свой профіль Укантакце.
Андрэй (імя зменена) тры гады таму тусаваўся з ім у агульнай кампаніі. Потым іх шляхі разышліся. Пра Вадзіма кажа: ён быў даволі закрытым і спакойным.
— У апошні час ён кантактаваў толькі з адным сябрам, нібы яго суседам. Вучыўся ён добра, быў прыкладам у матэматыцы. Канфліктаў ні з кім ніколі не было. Усе аднакласнікі зараз у вялікім шоку. Ніхто не можа паверыць, што гэты хлопец са сваёй светлай галавой мог пайсці і здзейсніць двайное забойства. Ніякай нянавісці да кагосьці ў яго дакладна не было. Нават наадварот.
Ён ніколі ні на каго не злаваў. Такое пачуццё, што ён наогул не ўмеў злаваць. Абыякавы быў да ўсіх.
У школу № 2 аднакласнік Аляксей перайшоў паўгода таму. Сёння на занятках ён не быў, што адбывалася ў момант нападу, ведае са словаў іншых. Пра нападніка кажа так:
— Ён быў даволі закрытым. Кантактаваў з усімі ў класе, але сябраваў толькі з суседам па парце, з якім жыў побач. Смяяўся з ім заўсёды, відэа глядзеў. Для сябе я зразумеў, што ён выдатны нармальны пацан.
Па словах Аляксея, у Вадзіма не было канфліктаў ні з аднакласнікамі, ні з настаўнікамі.
— Ён ніколі не агрызаўся з настаўнікамі, заўсёды сядзеў моўчкі. Нават калі «двойку» паставяць — ён сядзе спакойна і будзе глядзець у кніжку, паўтараць. А калі дастане тэлефон і настаўніца зробіць заўвагу — таксама нуль рэакцыі, ён проста адкладзе яго ўбок і ніколі не будзе пратэставаць.
З загінулай настаўніцай гісторыі канфліктаў у яго таксама не было, лічыць Аляксей.
— Апошнія дні ён быў у сваім звычайным стане. Калі мне сказалі, што ён зрабіў, я не мог зразумець, што гэта ён: «Як? Не можа быць?»
Пра канфлікты ў класе Аляксею таксама нічога невядома.
— Ніякіх канфліктаў нават сярод хлопцаў. Калі нешта ўзнікае, спакойна іх вырашаем. Ён ніколі ў бойку не палезе дакладна. Ён спакойны хлопчык, сядзіць і нікога не кранае, не грубіяніць і не агрызаецца.
— Яго хто-небудзь чапаў?
— Ды не, у нас клас дружны.
Пасля нападу Вадзіму ўдалося схавацца. Затрыманне адбывалася ў жылым трохпавярховым доме непадалёк ад гаспадарчай крамы на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах. Жыхарка гэтага дома Надзея, імаверна, была апошняй, хто бачыў хлопца да затрымання.
— Звычайна а палове на дзясятую выязджаю. Вынесла каляску з кватэры, падперла ёй дзверы ад пад'езда, каб яна засталася адкрытай. Тут у пад'езд зайшоў хлопец і падняўся на трэці паверх. Я падумала, што гэта, можа, да ўнукаў нашых суседзяў пайшоў хлопчык. Але потым ён хуценька спусціўся і сеў на падаконне. Я зачыняю дзверы і кажу: «Ты што, тут чакаеш кагосьці?» Ён адказаў: «Не, я пагрэцца хачу, вельмі холадна на вуліцы».
Надзея кажа, што ён быў апрануты ў цёмную куртку і штаны. Вонкава ён быў вельмі спакойны. Паводзіў сябе ветліва, павітаўся і распавёў пра тое, што цяпер пагрэецца, а потым «а 12-й гадзіне да яго павінны прыйсці госці».
— Ну і ўсё. Я пайшла на прыпынак, села ў аўтобус, але сэрца не на месцы. Хлопец малады. Навошта яму грэцца ў пад'ездзе? Якіх гасцей ён будзе чакаць? У гэты час да мяне падыходзіць кандуктар, распавядае, што адбылося ў нас у горадзе. Так я і зразумела, што гэта ён.
Каментары