Свет1010

ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны

Гаворка ідзе пра таемныя праекты амерыканскай выведкі пад кодавымі назвамі MK-Ultra, Bluebird і Artichoke, якія суправаджаліся масавымі неэтычнымі эксперыментамі над людзьмі з мэтай стварэння ідэальных методык допытаў і цалкам «праграмаваных» суперагентаў. У свабодны доступ трапілі некалькі дзясяткаў раней не раскрытых дакументаў. Вось што ў іх напісана.

Адна з паддоследных праекта MK-Ultra. Кадр з фільма Бі-бі-сі

23 снежня Архіў нацыянальнай бяспекі ЗША ў адпаведнасці з Законам аб свабодзе інфармацыі рассакрэціў 20 дакументаў, у якіх асвятляюцца метады прымянення праграм Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША (ЦРУ) па кантролі над чалавечымі паводзінамі і свядомасцю, якія ладзіліся ведамствам у 1950-х і 1960-х гадах.

Асаблівая ўвага ў дакументах надаецца праграмам ЦРУ пад кодавымі назвамі MK-Ultra, Bluebird і Artichoke, мэта якіх складалася ў стварэнні ідэальных суперагентаў з цалкам праграмаванай свядомасцю, асобай і памяццю для супрацьстаяння Савецкаму Саюзу і Кітаю, а таксама ў распрацоўцы эксперыментальных методык допытаў агентаў камуністычных спецслужбаў і іх перавербоўцы.

Як адзначае Архіў нацыянальнай бяспекі ЗША, у рамках праграм «па кантролі над розумам» ЦРУ праводзіла «жудасныя эксперыменты з выкарыстаннем наркотыкаў, гіпнозу, ізаляцыі, сэнсарнай дэпрывацыі, электрашокавай тэрапіі і іншых экстрэмальных метадаў на людзях без іх згоды» (пераважна над грамадзянамі ЗША, якія часта не ўсведамлялі, што былі часткай эксперыментаў ЦРУ).

У эксперыментах ЦРУ ўдзельнічалі і дзеці. 

Эксперыменты, звязаныя з праграмамі MK-Ultra, Bluebird і Artichoke, праводзіліся ў розных месцах, уключаючы вайсковыя аб'екты, універсітэты, шпіталі, турмы і сакрэтныя аб'екты ЦРУ як на тэрыторыі ЗША, так і ў іншых краінах (В'етнам, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка, Афганістан, Ірак, Гуантанама, Японія).

ЦРУ афіцыйна прызнала існаванне праграм MK-Ultra, Bluebird, Artichoke толькі ў 1970-х гадах пасля ўцечкі інфармацыі аб праектах у СМІ і шэрагу адпаведных расследаванняў і слуханняў у Кангрэсе ЗША. Аднак перад вымушаным пад ціскам грамадскасці прызнаннем ЦРУ знішчыла большую частку дакументаў па праектах.

Ілюстрацыйная выява МРТ-сканаў галаўнога мозгу чалавека. Фота: Vecteezy

Што напісана ў дакументах

Даследаванні ЦРУ па кантролі над розумам, паводле дакументаў, пачаліся ў 1949 годзе, калі ведамства прапанавала стварыць спецыяльныя групы, якія б выкарыстоўвалі гіпноз, наркотыкі і паліграфы для допытаў і праверкі ўласных супрацоўнікаў. Асобна адзначалася неабходнасць «вывучэння метадаў кантролю над свядомасцю, якія выкарыстоўваліся савецкімі спецслужбамі».

Гэта стала асновай для праекта Bluebird, запушчанага ў 1950 годзе, які ставіў за мэту стварэнне каманд з псіхіятраў, тэхнікаў паліграфа і гіпнатызёраў для правядзення эксперыментаў і трэнінгаў з удзелам персанала ЦРУ і выяўлення сярод яго камуністычных «запраграмаваных» агентаў. Эксперыменты ладзіліся як на амерыканскіх, так і на замежных аб'ектах ЦРУ.

У 1951 годзе на сакрэтнай сустрэчы паміж прадстаўнікамі спецслужбаў ЗША, Вялікабрытаніі і Канады абмяркоўваліся метады ўплыву на свядомасць, прапаганда і псіхалагічная вайна. Спачатку брытанскі бок выказваў скептыцызм адносна магчымасці маніпуляцыі свядомасцю, «але пазней стаў прыхільнікам гэтай ідэі». Удзельнікі пагадзіліся, што «даследаванні ў гэтай галіне неабходныя для перавагі ў Халоднай вайне».

Інфармацыя з астатніх рассакрэчаных дакументаў выглядае так.

  1. У 1951 годзе праект Bluebird быў пераназваны ў Artichoke і стаў актыўна высвятляць, ці магчыма медыкаментозна альбо гіпнатычна прымусіць чалавека здзейсніць дзеянні супраць яго волі, уключаючы забойства. Эксперыменты ўпершыню пашырыліся на замежных грамадзян, аднак адна са службовых запісак сведчыць, што ЦРУ не хапала дасведчанага медыцынскага персаналу для правядзення паўнавартасных выпрабаванняў, а «выкарыстанне ЛСД, гіпнозу і іншых метадаў не прынесла значных вынікаў», хоць «асобныя эксперыменты лічыліся вельмі перспектыўнымі».
  2. У службовай запісцы ад 1952 года, складзенай на імя дырэктара ЦРУ, адзначаецца «паспяховае выкарыстанне метадаў допыту ў рамках Artichoke у дачыненні да рускіх агентаў, якія падазраюцца ў двайной гульні». У адным з выпадкаў удалося выклікаць «поўную амнезію праз гіпноз».
  3. У 1953 годзе праект Artichoke быў заменены яшчэ больш вядомай праграмай ЦРУ — MK-Ultra, якая выйшла за межы методык допытаў і паглыбілася ў даследаванні кантролю над розумам. Выкарыстанне ЛСД адыграла цэнтральную ролю ў гэтых намаганнях, а эксперыменты з наркотыкамі і іншымі хімічнымі рэчывамі ў рамках MK-Ultra з 1953 года сталі праводзіцца на базе турмаў, шпіталёў, універсітэтаў і іншых грамадскіх аб'ектаў праз падстаўныя арганізацыі.
  4. Галоўным пастаўшчыком ЛСД для ЦРУ стала буйная амерыканская фармацэўтычная кампанія Eli Lilly. Пры гэтым пастаўкі рабіліся «ў якасці падарунка».
  5. Армейскі вучоны ЗША Франк Олсан у 1953 годзе памёр падчас аднаго з ЛСД эксперыментаў MK-Ultra, пасля чаго праграма ЦРУ была часова прыпынена, гаворыцца ў дакументах. Тым не менш, эксперыменты з ЛСД працягваліся ў схаваных формах і пэўны перыяд курыраваліся агентамі ЦРУ ў кіраўніцтве Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі ЗША.

«За дзесяць гадоў існавання праграмы MK-Ultra былі выпрабаваны шмат спосабаў кантролю за паводзінамі чалавека, у тым ліку радыяцыя, электрашок, розныя вобласці псіхалогіі, псіхіятрыі, сацыялогіі, а таксама антрапалогія, графалогія, хімічныя рэчывы, ваенізаваныя прылады і матэрыялы.

Паддоследныя, якія нічога не падазраюць, адбіраюцца з усіх слаёў грамадства. Эфектыўнасць метадаў на людзях з усіх сацыяльных узроўняў, высокага і нізкага статусу, карэнных амерыканскіх і замежных, мае вялікае значэнне.

Праграма прытрымліваецца філасофіі мінімальнай дакументацыі працэсаў і толькі два чалавекі валодалі поўнымі ведамі па сутнасці праекта, але гэта былі высокакваліфікаваныя, высокаматываваныя і прафесійна кампетэнтныя асобы, якія выдатна разумелі адчувальны характар інфармацыі аб здольнасці амерыканскай выведкі маніпуляваць паводзінамі людзей», — гаворыцца ў 48-старонкавай сакрэтнай справаздачы ЦРУ за 1963 год.

За час існавання праграмы да яе афіцыйнага выкрыцця, паводле дакументаў, ЦРУ распрацоўвала наступныя інструменты кантролю над розумам.

  1. Рэчывы, якія выклікаюць нелагічнае мысленне і імпульсіўныя паводзіны.
  2. Рэчывы, якія павышаюць эфектыўнасць разумовай дзейнасці і ўспрымання інфармацыі.
  3. Рэчывы, якія прадухіляюць ці зніжаюць уплыў алкаголю.
  4. Рэчывы, якія ўзмацняюць уздзеянне алкаголю.
  5. Рэчывы, якія выклікаюць сімптомы распаўсюджаных захворванняў у часовай і зваротнай форме (для імітацыі).
  6. Рэчывы, якія спрошчваюць навядзенне гіпнозу.
  7. Рэчывы, якія ўзмацняюць устойлівасць да катаванняў і прымусу.
  8. Методыкі, якія выклікаюць амнезію.
  9. Методыкі, якія выклікаюць шок і дэзарыентацыю.
  10. Рэчывы, якія выклікаюць часовую фізічную немач (напрыклад, параліч канечнасцяў).

Таксама ў дакументах ЦРУ згадваюцца сродкі, здольныя «змяняць структуру асобы, узмацняць залежнасць ад пэўных дзеянняў, выклікаць эйфарыю без наступстваў, а таксама зніжаць амбіцыі і працаздольнасць чалавека».

Каментары10

  • Будзем дакладнымі
    26.12.2024
    >Франк Олсан у 1953 годзе выпадкова стаў ахвярай аднаго з эксперыментаў MK-Ultra і памёр ад перадазіроўкі ЛСД

    Не падманвайце. Франк Олсан памёр ад таго, што выпаў з вакна. У ЗША спрэчкі, ён сам гэта зрабіў ці яму дапамаглі. А перадазіроўкі ЛСД не бывае.
  • Я
    26.12.2024
    А што рабілі СССР ды Кітай нават зараз ніхто і не ведае
  • Мескалін
    26.12.2024
    Будзем дакладнымі, не наўпрост праз перадоз, але праз реактыўныя паводзіны, апасрэдаваныя перадозам. Не чапляйцеся да словаў.
    Уражаньне, што для некаторых у каментах хоць у вочы на$цы - усё Божая расá. Разбураецца шаблон сьветлай дэмакратыі?)

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна12

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна12

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →